КАЗУ́РА ((Kazuro) Станіслаў) (2.8.1881, б. фальварак Тэклінаполь Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1961),
польскі кампазітар, харавы дырыжор, педагог. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1910) і акадэмію «Санта Чэчылія» ў Рыме (1914). У 1916—39 праф., у 1945—51 рэктар Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Арганізатар і кіраўнік масавых хароў у Варшаве, у т. л. Польскай нар. капэлы, аратарыяльнага хору Варшаўскай філармоніі. Аўтар опер, араторый, сімф. паэм, канцэртаў для розных інструментаў з аркестрам, рамансаў і песень, падручнікаў па спевах для агульнаадук. і муз. школ. У канцы 1920-х г. запісаў у в. Камаі (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) шэраг бел. нар. песень, частку іх апрацаваў для аматарскіх хароў і голасу сола («Чырвоная калінанька», «Малады дубочак» і інш.).
Г.І.Цітовіч.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)