дзяржава ў Паўд. Італіі ў 1282—1815. Вылучылася ў 1282 з Сіцылійскага каралеўства пасля таго, як Карл Анжуйскі (гл.Анжуйская дынастыя) страціў Сіцылію. Сталіца каралеўства — г.Неапаль. Дасягнула магутнасці ў часы праўлення Роберта [1309—43], які ўзначаліў італьян. гвельфаў (гл.Гвельфы і гібеліны). У выніку жорсткай барацьбы за прастол у Н.к. ўсталявалася малодшае венг. адгалінаванне Анжуйскай дынастыі [1382—1435], Пастаянныя войны з Сіцыліяй і ўнутр. ўсобіцы аслаблялі каралеўскую ўладу. У 1442—43 дзяржаву заваяваў кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс V (у Н.к. — Альфонс I), заснавальнік у Н.к. Арагонскай дынастыі [1442—1501]. У выніку Італьян. войнаў 1494—1559 Н.к. — уладанне (з 1504) Іспаніі, разам з Сіцыліяй утварыла Сіцылій абедзвюх Каралеўства. Эканам. заняпад дзяржавы (асабліва гарадоў), падатковы ўціск з боку іспанцаў выклікалі ў 16—17 ст. у Н.к. шматлікія паўстанні. Пасля нядоўгага аўстр. праўлення (з 1707, фармальна ў 1714—35) пад уладай ісп. Бурбонаў. У 1805 акупіраваны франц. войскамі Напалеона I, кіравалі ген. Ж.Банапарт (1806—08) і І.Мюрат (1808—15). Пасля разгрому Напалеона зноў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій; з 1860 у складзе аб’яднанага Італьян. каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІНЕ́ВІЯ,
старажытны горад у Асірыі, на левым беразе р. Тыгр (цяпер гарадзішча Куюнджык каля г. Масул у Іраку). Засн. ў 5-м тыс. да н.э., з 3-га тыс.вядома паводле клінапісных дакументаў. У 15—14 ст. да н.э. пад уладай дзяржавыМітані. З 9 ст. да н.э. рэзідэнцыя асірыйскіх цароў. Узвышэнне, росквіт і ператварэнне Н. ў сталіцу Асірыі прыпадае на 8—7 ст. да н.э. пры царах Сінахерыбу і Ашурбаніпале. У 612 да н.э. разбурана новававілонскім царом Набапаласарам і мідыйскім царом Кіяксарам. Рымляне засн. на месцы Н. ваен. калонію Claudia Ninus. Археал. раскопкі на руінах Н. вяліся ў 1840—1930-я г.
Асірыйскі горад меў строгую планіроўку з гал. вуліцай — т.зв. дарогай працэсій. У час раскопак знойдзены паліхромная кераміка 5—4-га тыс. да н.э., скульпт. бронзавая галава цара Саргана Старажытнага Акадскага (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), у палацах асірыйскіх цароў (8—7 ст. да н.э.) — каменныя рэльефы. статуі крылатых быкоў і львоў — ахоўнікаў варот.
Да арт.Ніневія. Рэльеф са сцэнай палявання на львоў у палацы Ашурбакі. 7 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РУЭЛ (Orwell) Джордж [сапр.Блэр
(Blair) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт.калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),
«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст. вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.
Тв.:
Бел.пер. — Ферма;
1984. Мн., 1992;
Рус.пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАТКО́ВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкідзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж.сац. абароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),
Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч.дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1563.
Адбылася ў час Лівонскай вайны 1558—83 супраць рас. войска. 31.1.1563 Полацк быў абложаны больш як 60-тысячнай арміяй цара Івана IV Грознага. Горад абараняў гарнізон (у т. л. некалькі польскіх і нанятых ням. рот), полацкая шляхта, гараджане на чале з ваяводам С.Давойнам. 5 лют. Іван IV зрабіў спробу захапіць умацаваны Вял. пасад, але быў выбіты з яго. 8 лют. ўмацаванні пасада былі разбураны артабстрэлам. Давойна адвёў свае сілы ў Верхні замак, а Вял. пасад загадаў падпаліць. 9 лют.рас. войскі захапілі пасад і пачалі артабстрэл замка з усіх бакоў. Абложаныя рабілі вылазкі, але яны не прынеслі рашучага поспеху. 15 лют. Давойна згадзіўся здаць замак і прыбыў у стаўку цара. Але і пасля гэтага некат. абаронцы працягвалі супраціўленне, ім было дазволена з маёмасцю і зброяй без перашкод пакінуць Полацк. Горад быў разрабаваны, шмат гараджан і шляхты выведзена ў палон. Захоп Полацка — буйнейшая перамога Маскоўскай дзяржавы ў вайне, якая значна пагаршала паліт. становішча ВКЛ, выклікала шырокі міжнар. рэзананс і прыспешыла заключэнне Люблінскай уніі 1569 паміж ВКЛ і Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЕ́НА (Priēnē),
старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.
П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.
Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э.Арх. Піфей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас.р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс.ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял.кн.Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус.дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.