ФЕНО́ЛА-ФАРМАЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

сінтэтычныя смолы, прадукты полікандэнсацыі фенолаў з фармальдэгідам ці яго вытворнымі. Атрымліваюць сінтэзам зыходных смол, хім. мадыфікацыяй і спалучэннем з інш. матэрыяламі, пераўтварэннем іх у ацверджаныя густасеткавыя палімеры. Уласцівасці Ф.-ф.с. вызначаюцца ўмовамі іх атрымання: пры лішку фенолу і наяўнасці кіслых каталізатараў атрымліваюць тэрмапластычныя навалачныя смолы; пры лішку фармальдэгіду ў прысутнасці асноўных каталізатараў — тэрмарэактыўныя рэзольныя смолы.

Вадкія ці цвёрдыя аморфныя рэчывы ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру. Добра раствараюцца ў водных растворах шчолачаў, фенолаў, спіртоў, кетонаў і інш. палярных растваральніках. Ацверджаныя Ф.-ф.с. належаць да жорсткіх крохкіх цепла- і тэрмаўстойлівых палярных палімераў. Выкарыстоўваюць як сувязнае ў вытв-сці кампазіцыйных матэрыялаў на аснове драўніны і паперы (драўняна-валакністых і драўняна-стружкавых пліт, фанеры), тканін, фенапластаў, цеплагукаізалявальных пенапластаў, кляёў, лакаў, эмалей, залівачных, прамочвальных і святлоадчувальных (фотарэзістаў) матэрыялаў, таксама ў якасці вулканізавальных дамешкаў у каўчук і гуму, стабілізатараў палімерных матэрыялаў і інш.

Літ.:

Кноп А., Шейб В. Фенольные смолы и материалы на их основе: Пер. с англ. М., 1983.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЁЛЬ (Fiol) Швайпольт (?, г. Нойштат, Германія — паміж 1525 і 1526),

славянскі першадрукар. Займаўся гафцярствам (вышыванне золатам), у 1489 атрымаў каралеўскі прывілей на вынайдзеную ім водаадліўную машыну для шахтаў. Падтрымліваў сувязі з гуманістамі, прагрэс. прафесурай Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Каля 1490 на сродкі гараджаніна Яна Турзона заснаваў друкарню ў Кракаве, кірылаўскі шрыфт для якой зрабіў студэнт ун-та Рудольф Барсдорф. Надрукаваў першыя кнігі кірылаўскага шрыфту: «Актоіх» і «Часаслоў» (1491), у 1492—93 «Трыёдзь посная» і «Трыёдзь каляровая» (недатаваныя; на думку некат. даследчыкаў, Ф. памагалі бел. і ўкр. студэнты, якія вучыліся ва ун-це). Выданні ўпрыгожаны арнаментам (застаўкі, ініцыялы), надрукаваны ў 2 фарбы. «Актоіх» і «Трыёдзь каляровая» маюць ксілаграфічныя франтыспісы. У пач. 1492 друкарня Ф. закрыта каталіцкай царквой. Захаваліся 92 экз. яго выданняў і іх фрагментаў.

Літ.:

Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;

Яго ж. Описание изданий типографии Швайпольта Фиоля // Описание старопечатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ ПАЧУЦЦЯ́ І ВЕ́РЫ (ням. Glaubens-philosophie),

ірацыяналістычны кірунак у нямецкай філасофіі 2-й пал. 18 ст. Склалася як рэліг.-філас. абгрунтаванне духоўнай атмасферы Германіі 1770-х г. з яе псіхалагізмам, культам пачуцця, суб’ектывізмам; супрацьстаяла асветніцкаму рацыяналізму. Рацыянальнаму апасродкаванаму пазнанню проціпастаўляла ідэю «непасрэдных ведаў». Яе прадстаўнікі (Ф.Г.Якобі, І.Г.Гаман і інш.) зыходзілі з таго, што рэальнае існаванне рэчаў даецца чалавеку непасрэдна ў яго пачуццях і веры пераважна інтуітыўна; сцвярджалі, што шляхам рацыянальнага мыслення немагчыма ўсвядоміць сутнасць чалавечай асобы, а пазнаецца яна толькі шляхам «веры», «адкрыцця», «пачуццяў». Зместам веры яны лічылі і рэальнасць пачуццёвага зместу зямных рэчаў, і рэальнасць абсалютнага і вечнага. Гэтыя ідэі паўплывалі на развіццё інтуітывізму 19—20 ст., які ў інтуіцыі бачыў дастатковы сродак для атрымання сапраўдных ведаў, экзістэнцыялізму і філасофіі жыцця. Але большасць прыхільнікаў непасрэднага інтуітыўнага пазнання (М.​А.​Лоскі, С.​Л.​Франк, Я.​М.​Трубяцкой) імкнулася да спалучэння інтуіцыі і інтэлектуальнага пазнання. Гл. таксама Ірацыяналізм.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІМО́НАЎ Сяргей Дзмітрыевіч (н. 14.4.1937, г. Манчагорск Мурманскай вобл., Расія),

бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1971). Скончыў БПІ (1960). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект» (у 1960—73 і 1988—94 кіраўнік майстэрні). З 1973 выкладаў у БПА (да 1983 заг. кафедры, у 1996—98 праф.). Асн. работы: актавая зала Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1962), спарт. комплекс «Дынама» на Камсамольскім воз. (1978, 1-я чарга; зала маст. гімнастыкі, 1996) у Мінску, гасцініца «Гарызонт» у г. Баранавічы Брэсцкай вобл. (1980). У сааўт. выканаў праекты Мінскага палаца спорту (1963—66), Палаца культуры ў г. Салігорск Мінскай вобл. (1965—68), спарт. комплексу ДАІ па вул. Сямашкі (1994—2000), гандл.-выставачнага комплексу «Аквабел» (1996—98) у Мінску; палацаў спорту ў рас. гарадах Чэлябінск (1967) і Валгаград (1974). Даследуе праблемы архітэктуры шматмэтавых відовішчных і спарт. збудаванняў. З 1998 жыве за мяжой.

Тв.:

Архитектура универсальных зрелищноспортивных залов. Мн., 1980;

Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985.

т. 16, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,

сістэма мер, якія забяспечваюць рух фін. рэсурсаў і адпаведных фін. адносін. Аб’ектам Ф.п. з’яўляецца фін. дзейнасць дзяржавы, асобных рэгіёнаў, галін, прадпрыемстваў, устаноў па фарміраванні і выкарыстанні фондаў грашовых сродкаў для задавальнення агульнадзярж., калектыўных і асабістых патрэб членаў грамадства. Прадугледжвае распрацоўку перспектыўных, бягучых і аператыўных фін. планаў на ўсіх узроўнях кіравання, якія аб’ядноўваюцца ў цэнтралізаваныя, або агульнадзярж. планы (дзярж. бюджэт, фін. план дзярж. маёмаснага і асабістага страхавання, бюджэт сац. страхавання, баланс фін. рэсурсаў дзяржавы) і дэцэнтралізаваныя планы (фін. планы прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, ведамстваў, мін-ваў). Фін. планы адлюстроўваюць даходы і расходы кожнага звяна і распрацоўваюцца на аснове вытв. паказчыкаў і нарматываў. З іх дапамогай вызначаюцца фін. магчымасці дзяржавы, галіны і іх пярвічных звёнаў, устанаўліваюцца параметры іх фін. дзейнасці і канчатковыя вынікі, узгадняецца рух фін. і матэрыяльных каштоўнасцей. Ва ўмовах перабудовы эканомікі арганізацыя Ф.п. дэмакратызуецца, расшыраюцца правы рэгіянальных органаў улады і прадпрыемстваў у складанні фін. планаў і выкарыстанні іх рэсурсаў. Асновай для іх распрацоўкі становяцца кантрольныя лічбы, ліміты, нарматывы.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕ́КСІЯ (лац. flexio згінанне, выгін),

словазмяняльны афікс, апошняя змяняльная ч. слова, якая замяняецца на іншую пры скланенні, спражэнні слоў. Напр., «зім-а, зім-ы, зім-е, зім-ой», «няс-ём, нес-яце, няс-уць», «бел-ы, бел-ага, бел-аму». Як грамат. фармант Ф. проціпастаўляецца аснове слова: «бязмежн-ы», «узнікн-е». Як фармант рэлятыўны (канчатак) Ф. проціпастаўляецца суфіксу — фарманту дэрывацыйнаму, што не мае сінтакс. значэння: «лес-нік-і, лес-нік-оў, лес-нік-ам». Пры канверсіі сукупнасць Ф. выступае як словаўтваральны сродак. Ф. ўнутраная — чаргаванне гукаў у корані, якое мае словазмяняльнае або словаўтваральнае значэнне: англ. sing — спяваць, sang — спяваў, song — песня; параўн. рус. «воз — вез-ти», бел. «з-бор — з-бір-аць — са-бр-аць — бяр-у». Ф. нулявая — нявыражаны матэрыяльны канчатак, які выяўляецца на фоне рэальных, «непустых» афіксаў: «стол-Ø — стал-а — стал-у», «ног-і — ног-Ø — наг-ам».

Літ.:

Морфологическая структура слова в индоевропейских языках. М., 1970.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭГА́Т (ад франц. frégate і італьян. fregata),

1) у парусным ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст. драўляны 3-мачтавы карабель для разведкі і канвойнай службы. Меў 2 батарэйныя палубы (закрытую і адкрытую), да 60 гармат і большую скорасць, чым лінейны карабель. Выкарыстоўваўся ў час Крымскай вайны 1853—56, грамадз. вайны 1861—65 у ЗША і інш. 2) У 2-ю сусв. вайну баявы карабель, аналагічны вартавому (Вялікабрытанія), пераходны тып паміж крэйсерам і эскадраным мінаносцам (ЗША). Прызначаўся для процілодачнай і проціпаветр. абароны баявых караблёў і канвояў транспартаў. Меў артыл. і тарпеднае ўзбраенне.

3) Сучасны карабель у ВМС некат. дзяржаў для процілодачнай і проціпаветр. абароны. Водазмяшчэнне да 4000 т, мае ракетна-артыл. ўзбраенне і ўстаноўкі рэактыўных бомбакідальнікаў.

Літ.:

Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсера, линейные корабли. М., 1986;

Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

Брытанскі фрэгат «Броадсвард». Канец 20 ст.
Фрэгат ВМС Індыі (праект 11356, вытворчасць Расіі). Пач. 21 ст.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́НКЕЛЬ Якаў Ілыч (10.11.1894, г. Растоў-на-Доне, Расія — 23.1.1952),

расійскі фізік-тэарэтык. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1921 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це (заг. аддзела), адначасова ў Ленінградскім політэхн. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па электроннай тэорыі металаў, ферамагнетызме, кінетычнай тэорыі вадкасцей, ядз. фізіцы, электрадынаміцы, фізіцы цвёрдага цела, астрафізіцы і інш. Распрацаваў тэорыю руху атамаў і іонаў у крышт. рашотцы, увёў паняцці дэфектаў крышт. рашоткі, рухомых дзірак і эксітонаў (1926—31). Стварыў першую квантавамех. тэорыю ферамагнетызму (1928). Пабудаваў кінетычную тэорыю вадкасцей, развіў малекулярную тэорыю цякучасці цвёрдых цел. Прапанаваў кропельную мадэль атамнага ядра (1936; мадэль Бора—Ф.), прадказаў спантаннае дзяленне атамных ядраў (1939). Аўтар першага ў СССР поўнага курса тэарэт. фізікі. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Собр. избр. тр. Т. 1—3. М.; Л., 1956—59;

Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;

Кинетическая теория жидкостей. Л., 1975.

Літ.:

Воспоминания о Я.​И.​Френкеле. Л., 1976.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРАВА́,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Пружаны, 97 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 540 ж., 225 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці першага старшыні калгаса В.​Е.​Крыштафовіча.

Вядома з пач. 16 ст. У 1547 вёска і маёнтак Х. належалі віленскаму намесніку С.​Гамшэю, з 1566 у складзе Берасцейскага пав. ВКЛ. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Слонімскай. з 1796 у Літоўскай, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1867—360 ж., нар. вучылішча, царква; у 1897—497 ж., 108 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, вёска ў Носкаўскай гміне Пружанскага пав. Палескага ваяв., 477 ж. З вер. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 у Пружанскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета.

Я.​П.​Насытка.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРАШЭ́ВІЧ Канстанцін Іванавіч (н. 6.7.1927, в. Літва Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1958). У 1959—73 кіраўнік студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага Дома культуры. Лепшым творам уласцівы сац. значнасць, глыбокае вобразнае абагульненне жыццёвых з’яў, мнагазначнасць сюжэта, унутр. драматызм знешне спакойных сітуацый, святло-пластычная цэласнасць, каларыстычная культура: «Сялянскі бунт у дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы» (1958), «Паўстанне нарачанскіх рыбакоў» (1964), «Выступленне Б.​Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі» (1967), «Сельскі матыў» (1969), «Магіла Цёткі (А.​Пашкевіч)» (1976), «Вуліца ў Гродне» (1978), «Зорка Венера» (1981), «Вераснёўская ноч» (1985), «Помнікі мінулага» (1990), «Забытая капліца» (1994), «Мой родны кут» (1995), «Радаўніца» (1996), «Магіла Ф.​Рушчыца ў Багданаве» (2000). Аўтар партрэтаў «М.​Гарэцкі. Віленскі перыяд», «Б.​Кіт — акадэмік астранаўтыкі» (абодва 1999), Ф.​Багушэвіча (2000), «Я.​Купала ў Яхімаўшчыне», М.​Ермаловіча (абодва 2002), «Групавы партрэт дзеячаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады на чале з Б.​Тарашкевічам» (1998—2003).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 16, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)