польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.
Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.
Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Ілья Данілавіч) (26.4.1899, в. Замосце Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1972),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ.БССР (1969). Скончыў БДУ (1932). З 1924 у Галоўліце БССР, Галоўрэперткоме, у Галоўмастацтве БССР. У 1935—41 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у Вял.Айч. вайну — газ. «За свабодную Беларусь» і сатыр. лістка «Партызанская дубінка», у 1944—60 — час. «Беларусь». Друкаваўся з 1926. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930), «Маці» (1934), «Хлеб» (1948), «Свае людзі» (1950) і інш. У артыкулах 1930-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. Асн. тэмы пасляваен. Творчасці: барацьба з ням.-фаш. захопнікамі (апавяданні, аповесць «Лясныя салдаты», 1945, раман «У агні», 1952, новая рэд. 1959), Кастр. рэвалюцыя ў Петраградзе і на Зах. фронце, у Беларусі (раман-хроніка «Вецер веку», 1966). Аўтар рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1969). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага, А.Чэхава, М.Твэна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.
Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ПРА́ЦЫ»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 1.10.1927—16.12.1928 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. З мэтай канспірацыі мела розныя назвы: «Наша праца» (1—29 кастр.), «Праца» (5—23 ліст.), «Права працы» (7—24 снеж.), «Навагодняя праца» (27 снеж.), у 1928 — «Думка працы» (4—28 студз.), «Сіла працы» (1—24 лют.), «Воля працы» (12—31 сак.), «Красавік» (5 крас.), «Голас працы» (14 крас.—30 мая), «Зара працы» (2—29 чэрв.), «Сцяг працы» (4—31 ліп.), «Доля працы» (3—29 жн.), «Рэха працы» (1—29 вер.), «Слова працы» (5—31 кастр.), «За працу» (5—27 ліст.), «Да працы» (1—16 снеж.). Працягвала традыцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Асвятляла сац.-эканам. і паліт. становішча ў Зах. Беларусі, нац.-вызв. рух, выбары і работу польскага сейма і інш. Змяшчала інфарм. паведамленні пра ход суд. працэсу над удзельнікамі БСРГ, матэрыялы пра культ. жыццё, маст. творы бел. пісьменнікаў. Усяго выйшла 118 нумароў (51 канфіскаваны). Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ, Благавешчанне,
Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»),
рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводле нар. вераванняў, залежаў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́Р (Dakar),
горад, сталіца Сенегала. Знаходзіцца на п-ве Зялёны Мыс — самым зах. пункце Афрыкі. 1490,4 тыс.ж. (1988). Другі па велічыні порт у Зах. Афрыцы, абслугоўвае Сенегал і Маўрытанію. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы прамысл., трансп. і гандл.-фін. цэнтр Зах. Афрыкі. У Д. і яго наваколлі больш за 80% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. 3-ды па вытв-сці алею з арахісу, мылаварныя, мукамольныя, рыбакансервавыя і інш. прадпрыемствы харчасмакавай прам-сці. Тэкст., фармацэўтычныя, гарбарна-абутковыя, аўтазборачныя, цэм., паліграф. прадпрыемствы. Буд-ва невял. суднаў, суднарамонт. Цэнтр турызму і зімовага адпачынку. Ун-т.
Засн. ў 1857 як франц. форт. З 1895 у складзе франц. калоніі Сенегал, у 1895—1960 яе адм.цэнтр. У 1904—59 адм. цэнтр Франц.Зах. Афрыкі. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны англа-амер. войскамі (1942), іх стратэг. база для марскіх аперацый у Атлантычным ак., адзін з апорных пунктаў «Змагарнай Францыі». З 1960 сталіца Рэспублікі Сенегал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх.Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс.га, у т. л. 45 тыс.га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс.га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс.га) і балоты (больш за 17 тыс.га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пнеўрап.ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ШО́СТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 3—5.3.1966 у Мінску. Прысутнічалі 724 дэлегаты з рашаючым і 57 з дарадчым голасам ад 343 тыс.чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.П.Кожар); праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70 (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. Адобрыў паліт. і практычную работу КПБза справаздачны перыяд, падкрэсліў, што вял. ўплыў на дзейнасць рэсп.парт. арг-цыі зрабілі кастрычніцкі, лістападаўскі (1964), сакавіцкі і вераснёўскі (1965) пленумы ЦККПСС. Ухваліў праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70. Выбраў ЦККПБ з 133 чл. і 59 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 40 чл.
Літ.:
Машэраў П.М. Справаздача Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXVI з’езду. Мн., 1966;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 6. 1966—1975. Мн. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ РУХАВІ́К,
машына, якая ператварае энергію патоку вадкасці ў мех. энергію вядзёнага звяна (вала, штока). Адрозніваюць гідраўлічныя рухавікі дынамічныя, у якіх вядзёнае звяно перамяшчаецца з-за змены моманту імпульсу патоку вадкасці (гідраўлічная турбіна, вадзяное кола), і аб’ёмныя, што дзейнічаюць ад гідрастатычнага напору і перамяшчэння выціскальнікаў — поршняў, пласцін, зубоў шасцерняў і інш. У дынамічным гідраўлічным рухавіку вядзёнае звяно робіць толькі вярчальны рух, у аб’ёмным — зваротна-паступальны (гідрацыліндры) і вярчальны (гідраматоры).
Гідрацыліндры бываюць сілавыя (шток, звязаны з поршнем, рухаецца зваротна-паступальна адносна цыліндра) і момантныя, або квадранты (вал робіць зваротна-паваротны рух адносна корпуса на вугал да 360°). Гідраматоры падзяляюцца на поршневыя (рабочыя камеры нерухомыя, а выціскальнікі рухаюцца толькі зваротна-паступальна) і ротарныя (рабочыя камеры перамяшчаюцца, а выціскальнікі ажыццяўляюць вярчальны рух, які можа спалучацца са зваротна-паступальным). Ротарныя (кулісныя) гідраматоры бываць пласціністыя і ротарна-поршневыя (аксіяльныя і радыяльныя). Найб. пашыраны аксіяльныя ротарна-поршневыя. Аб’ёмныя гідраўлічныя рухавікі выкарыстоўваюцца ў гідрапрыводзе машын. Ціск рабочай вадкасці да 35 Мн/м². Магутнасць гідраматораў да 3000 кВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні вадароду з інш. элементамі. Простыя ці бінарныя гідрыды вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя інертных газаў, плацінавых металаў (за выключэннем паладыю), серабра, золата, кадмію, ртуці, індыю, талію.
Гідрыды шчолачных і шчолачназямельных (акрамя магнію) металаў — солепадобныя іонныя злучэнні. Крышт. рэчывы, устойлівыя пры адсутнасці вільгаці (напр., гідрыды літыю LiH tпл 680 °C, кальцыю CaH2 tпл 815 °C). Пры ўзаемадзеянні з вадой утвараюць шчолачы і вадарод. Гідрыды пераходных металаў і рэдказямельных элементаў (металападобныя гідрыды) светла- ці цёмна-шэрыя крышт. рэчывы з метал. бляскам, устойлівыя на паветры пры пакаёвай т-ры (напр., гідрыды тытану TiH2 мае т-ру раскладання 600—700 °C). Гідрыды неметалаў — кавалентныя злучэнні, у асн. газападобныя рэчывы (высокатаксічныя, асабліва гідрыды мыш’яку AsH3 і фосфару PH3). Моцныя аднаўляльнікі, пры 100—300 °C раскладаюцца да элемента і вадароду. Бор і крэмній утвараюць вышэйшыя гідрыды: боравадароды і сіланы. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнікі ў арган. сінтэзе і пры атрыманні металаў, як каталізатары, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў (германію, крэмнію). Гл. таксама Алюмінію злучэнні, Літыю злучэнні.