КАЗАКО́Ў Юрый Паўлавіч (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),

рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.​Жук.

Тв.:

Избранное. М., 1985;

Две ночи. М., 1986;

Бел. пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.

Літ.:

Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАТО́РЫЯ (італьян. conservatorio ад лац. conservo захоўваю),

вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне муз. мастацтва — выканаўцаў (інструменталістаў, вакалістаў, дырыжораў), кампазітараў, музыказнаўцаў.

Першапачаткова К. наз. гар. прытулкі для сірот у Італіі, дзе дзяцей навучалі і музыцы (першая — у Неапалі, 1537). У 18 ст. ў краінах Зах. Еўропы ўзніклі спец. муз. вышэйшыя навуч. ўстановы, у т. л. Муз. ін-т у Парыжы (1793; у 1795 рэарганізаваны ў К. музыкі і дэкламацыі). У 19 ст. К. адкрыты ў многіх буйных гарадах Еўропы і Амерыкі. Многія навуч. ўстановы тыпу К. наз. акадэміямі, вышэйшымі муз. школамі, муз. ін-тамі, каледжамі, ліцэямі і інш. Першыя К. ў Расіі — Маскоўская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, пазней адкрыты Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (цяпер — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных), К. ў Адэсе, Кіеве і інш. У 1932 адкрыта Бел. дзярж. кансерваторыя (з 1992 — Беларуская акадэмія музыкі). З 1956 дзейнічае Асацыяцыя еўрап. акадэмій, кансерваторый і вышэйшых муз. школ.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́М Мустай (сапр. Карымаў Мустафа Сафіч; н. 20.10.1919, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан),

башкірскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1963). Герой Сац. Працы (1979). Засл. дз. маст. РСФСР (1982). Ганаровы акад. АН Башкортастана (1992). Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1941). Друкуецца з 1935. Першыя паэт. зб-кі прысвяціў моладзі («Атрад рушыўся», 1938, з В.​Нафікавым; «Вясновыя галасы», 1941). Героіка і трагізм Вял. Айч. вайны адлюстраваны ў шматлікіх вершах і паэмах. У зб-ках вершаў «Гадам услед» (1971), «Чатыры пары кахання» (1978), п’есах «Выкраданне дзяўчыны» (1959), «У ноч зацьмення Месяца» (1965, Дзярж. прэмія РСФСР імя Станіслаўскага 1967), «Краіна Айгуль» (1969), аўтабіягр. аповесці «Доўгае-доўгае дзяцінства» (1974—78) і інш. адлюстраваў жыццё башк. народа, напружаны пульс эпохі. Рэсп. прэмія Башкортастана імя Салавата Юлаева 1969. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1984. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі С.​Гаўрусёў, І.​Калеснік, В.​Лукша.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983.

Літ.:

Хренков Д. Мустай Карим. М., 1969.

М.Карым.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАНО́ЎСКІ Сцяпан Андрэевіч (н. 8.1.1911, г. Новы Буг Мікалаеўскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, літ.-знавец. Д-р філал. н. (1962), праф. (1963). Скончыў Харкаўскі ін-т прафес. асветы (1933). У 1940—41 і 1949—87 у Ін-це л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны. Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Энергія» (1930), «Дні, дарогі, сябры» (1934), «Калінавы мост» (1940), «Яшчэ не вечар» (1961), «Формула шчасця» (1970), «Далягляд» (1980), «Летапіс» (1991) і інш. паэтызацыя чалавечых пачуццяў, прыроды. Аўтар літ.-знаўчых прац, прысвечаных класікам нац. л-ры («У жыцці маім да ўсяго маю справу...» і «Урокі Паўло Тычыны»; абодва 1979; Рэсп. прэмія імя А.​Білецкага 1980). Быў знаёмы з Я.​Купалам, яму прысвяціў паэт. творы, успаміны, літ.-крытычныя артыкулы. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, П.​Глебкі, П.​Панчанкі, М.​Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.​Валасевіч, М.​Калачынскі, П.​Місько.

Тв.:

Берізка: Вибр. поезії. Київ, 1971.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́ЕЎ Кайсын Шуваевіч (1.11.1917, с. Верхні Чэгем Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя — 4.6.1985),

балкарскі паэт. Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1967). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1935—39). Друкаваўся з 1934. Ў 1944 незаконна высланы з Кабардзіна-Балкарыі, да 1957 жыў у Кіргізіі. Паэтычныя цыклы «Мае суседзі» (1939—45), «Песні цяснін» (1947—51), кнігі вершаў «Паранены камень» (1964; Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1966), «Мір дому твайму!» (1967), «Кніга зямлі» (1972), «Краса зямная» (1980) і інш. — своеасаблівы летапіс гіст. мінулага і сучаснага балкарскага народа, прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, жыццялюбствам, гуманізмам. Пераклаў на балкарскую мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, А.​Куляшоў, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1990.

Тв.:

Бел. пер. — Кніга зямлі. Мн., 1974;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77.

Літ.:

Рассадин С.Б. К.​Кулиев. М., 1974.

К.Ш.Куліеў.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́ЎСКІ Міхаіл Леанідавіч (н. 29.10.1941, Тбілісі),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Сын Л.М.Лаўроўскага. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980, педагог Р.Захараў). У 1961—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Маст. кіраўнік Т-ра імя Паліяшвілі (Тбілісі, 1983—85). Класічны танцоўшчык рамантыка-трагедыйнай накіраванасці. Сярод партый: Блакітная птушка, Зігфрыд, Шчаўкунок («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Ферхад («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана). Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета», джаз-балет на муз. оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна (абедзве 1983) у т-ры імя Паліяшвілі; тэлебалеты і інш. Аўтар успамінаў пра бацьку. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэмія В.​Ніжынскага (Парыж, 1972). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Літ.:

Лопухов Ф. Российские апостолы танпа // Сов. балет. 1986. № 6.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́НАЎ (сапр. Гурэвіч) Леў Маркавіч

(9.4.1899, Мінск — 21.3.1963),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1946). Засл. дз. маст. Татарстана (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1921—23 кіраваў у Мінску маст. самадзейнасцю. Аўтар сцэнарыя і пастаноўшчык (з Е.​Міровічам і Бейтлерам) масавага дзейства «Праца і капітал» (1921). У 1927—32 і 1942—43 рэжысёр Дзярж. яўр. т-ра Беларусі (найб. значная пастаноўка — «Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі, 1927). Маст. кіраўнік (1932—37) і гал. рэжысёр (1943—48) Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Сярод пастановак: «Бацькаўшчына» К.​Чорнага (1932), «Канец дружбы» К.​Крапівы (1934) і «Салавей» З.​Бядулі (1937, абедзве з Л.​Рахленкам), «Паўлінка» Я.​Купалы (1944), «Недаростак» Дз.​Фанвізіна (1933), «Позняе каханне» (1944) і «Таленты і паклоннікі» (1950) А.​Астроўскага, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1946) і інш. З 1950 гал. рэжысёр Казанскага т-ра імя Качалава (паставіў «Лявоніху на арбіце» А.​Макаёнка, 1961).

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТУ́Н Уладзімір Міхайлавіч (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.​Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.​Мулявіна (1980), Я.​Купалы (1984), П.​І.​Гучка (1994), А.​Я.​Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Лятун, П.​Белавусаў, В.​Бялянкін, М.​Мызнікаў, Б.​Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя П.​В.​Масленікава.

Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м². У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т. л. работы З.​Азгура, А.​Анікейчыка, Л.​Асецкага, А.​Бембеля, В.​Бялыніцкага-Бірулі, Г.​Вашчанкі, В.​Грамыкі, У.​Кожуха, У.​Кудрэвіча, А.​Малішэўскага, Л.​Марчанкі, А.​Маціевіча, М.​Савіцкага, Р.​Таболіча, В.​Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.

С.​В.​Строгіна.

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁРАЎ Генрых Аляксандравіч (н. 6.9.1936, г. Улан-Удэ, Расія),

артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў І.Бельскага (1967—72). З 1972 балетмайстар, з 1977 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі (Кіеў), з 1979 гал. балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Ў 1983—86 у маскоўскім Муз. т-ры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. З 1988 заг. кафедры Маскоўскага харэаграфічнага ін-та. Балеты М. вылучаюцца танцавальнасцю, жыццярадаснасцю, даступнасцю харэаграфічнай драматургіі. Майстар харэаграфічнай мініяцюры. Сярод пастановак: «Паэма досвітку» В.​Касенкі (1973), «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Вяртанне» на муз. Б.​Ляташынскага і «Беласнежка і сем гномаў» Б.​Паўлоўскага (1975), «Дзяўчына і смерць» Г.​Жукоўскага (1978), «Маленькі прынц» Я.​Глебава (1983, Вял. т-р і інш.), «Пунсовыя ветразі» У.​Юроўскага (1984) і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў «Курган» Глебава (1982), «Чыпаліна» (1985). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета і балетмайстраў у Маскве (1972).

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)