Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.П.Тышкевічы, У.Сыракомля, А.К.Кіркор, Т.У.Нарбут, М.І.Балінскі, Ф.К.Багушэвіч, А.А.Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л.стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж.гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,
дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г.Пантыкапей (цяперг.Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж.мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.
Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн.кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс.км ліній электраперадач усіх напружанняў.
Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяперБеларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц.энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.
Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс.кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяперКарлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,
баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс.чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн.рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр I) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг.спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.
Літ.:
Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,
хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяперг. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.
Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст.Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.Каломба, статуя Данатэла, карціны А.Дзюрэра, В.Карпача, Л.Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.Учэла 1450-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎПТМАН ((Hauptmann) Герхард) (15.11.1862, Оберзальцбрун, цяперг. Шчаўна-Здруй, Польшча — 6.6.1946),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у г. Брэслаў, Іенскім ун-це, вывучаў скульптуру ў Рыме (1883—84). З пазіцый натуралізму напісаны яго драмы «Перад усходам сонца» (1889), «Свята перамір’я» (1890); «Адзінокія» (1891), сац. п’есы «Возчык Геншэль» (1898), «Роза Бернд» (1903), «Пацукі» (1911) і сац.-гіст. драма «Ткачы» (1892; пра паўстанне сілезскіх ткачоў 1844). Аўтар сатыр. камедыі «Бабровае футра» (1893), гіст. трагедыі «Фларыян Геер» (1896; пра сял. паўстанне 1524—25). Цікавасць да гіст. і міфалагічных тэм, цяга да ірацыяналізму ў драмах «Зімовая балада» (1917), «Белы выратавальнік» (1920), раманах «Юродзівы Эмануэль Квінт» (1910), «Ерэтык з Сааны» (1918), «Востраў Вялікай маці» (1924). Драма «Перад захадам сонца» (1932) сцвярджае гуманіст. ідэалы. Аўтар аўтабіягр. тэтралогіі ў вершах «Атрыды» (выд. 1941—48) на сюжэт грэч. легенды. Яго негатыўныя адносіны да нацыянал-сацыялізму выявіліся ў фантаст. паэме «Вялікі сон» (1942). Нобелеўская прэмія 1912. П’есы Гаўптмана ставіліся на Беларусі: «Эльга» — т-рам імя Я.Купалы (1926), «Ткачы» — на Бел. тэлебачанні (1970).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1910—12;
Пьесы. Т. 1—2. М., 1959.
Літ.:
Сильман Т. Герхард Гауптман, 1862—1946. Л.;
М., 1958;
Герхард Гауптман: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. (1891—1983). Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),
дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),
Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяперг.Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.
2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.
Літ.:
Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;
Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;
Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),
прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.
Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.
На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.