РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),

агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав. ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач. Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.​Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс. чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.

Літ.:

Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;

Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.

А.​М.​Літвін.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ТЛЕР ((Hitler) Адольф) (20.4.1889, г. Браўнаў-ам-Ін, Аўстрыя — 30.4.1945),

фюрэр (правадыр) ням. нацыянал-сацыялістаў, фаш. дыктатар Германіі ў 1933—45, гал. нацысцкі ваен. злачынец. Бацька Гітлера да 1876 меў прозвішча маці Шыкльгрубер. Гітлер меў незакончаную сярэднюю адукацыю. У 1907—13 жыў у Вене, самадз. мастак. З вясны 1913 у Германіі (Мюнхен; герм. грамадзянства атрымаў у 1932). Удзельнік 1-й сусв. вайны (узнаг. Жал. крыжам 1-га класа); яфрэйтар. З кастр. 1919 чл. Герм. рабочай партыі (з 1920 Нацыянал-сацыялісцкая герм. рабочая партыя — НСДАП), з ліп. 1921 старшыня НСДАП. 8 — 9.11.1923 на чале ўзбр. нацыстаў і праварадыкадаў намагаўся захапіць уладу ў Баварыі (т.зв. «піўны путч»); асуджаны і зняволены ў крэпасці г. Ландсберг (1923—24). У зняволенні пачаў пісаць кн. «Mein Kampf» («Мая барацьба»; т. 1 надрук. ў 1925, т. 2 — 1926) — ідэалаг. і паліт. праграму нацыстаў. Быў добрым прамоўцам (асабліва спекуляваў незадаволенасцю многіх немцаў Версальскім мірным дагаворам 1919). Дамогся падтрымкі кансерватыўных колаў прамыслоўцаў і рэйхсвера. З 30.1.1933 рэйхсканцлер, адначасова са жн. 1934 прэзідэнт Германіі, з 1938 і галоўнакаманд. вермахтам. Устанавіў у краіне таталітарны рэжым. Знешнепаліт. курс Гітлера (адзін з этапаў — аншлюс Аўстрыі) прывёў да развязвання Германіяй у саюзе з блокам агрэсіўных дзяржаў 2-й сусв. вайны (у час яе 3—4.8.1941 быў у Барысаве, 26.8.1941 — на тэр. Брэсцкай крэпасці). Адзін з гал. арганізатараў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, ваеннапалонных, зверстваў, здзейсненых фашыстамі ў акупіраваных краінах і асабліва на захопленай тэр. СССР, у т. л. на Беларусі. Ва ўмовах ваен. паражэння Германіі Гітлер скончыў самагубствам у бункеры берлінскай імперскай канцылярыі.

Літ.:

Пруссаков В. Оккультный мессия и его рейх. М., 1992;

Больдт Г. Последние дни Гитлера: Пер. с нем. Мн., 1993.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧАНО́К (Ігар Міхайлавіч) (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак,сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.​Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф. арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Танка, Н.​Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.​Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.​Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Літ.:

Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;

Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978.

І.​І.​Зубрыч.

І.М.Лучанок.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,

навуковая і культ.-асв. арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.​М.​Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.​П.​Поляк, А.​А.​Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.​Ф.​Карскі, Ф.​Ф.​Турук, М.​А.​Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук. пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-т нар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш. навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.

А.​М.​Гесь, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),

пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.​К.​Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.​Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.​Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).

Тв.:

Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.

Ю.Нямцэвіч.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ПАХО́Д 1934—36, Вялікі паход,

перабазіраванне асн. сіл Кіт. Чырв. Арміі (КЧА) з цэнтр. і паўд. раёнаў Кітая на ПнЗ. У выніку наступлення войск Гаміньдана на чале з Чан Кайшы ўрад Кіт. Сав. Рэспублікі (КСР) і кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітая (КПК) былі блакіраваны ў раёне стыку правінцый Цзянсі і Фуцзянь. У гэтых умовах ЦК КПК вырашыў прабівацца сіламі 1-га фронту КЧА (каманд. Чжу Дэ, паліт. камісар Чжоў Эньлай) на ПнЗ, бліжэй да мяжы з СССР. Паход пачаўся 16.10.1934 і да снеж. 1934 войскі 1-га фронту КЧА выйшлі да прав. Гуйчжоў, дзе на нарадзе ў г. Цзуньі (снеж. 1935) старшыня Савета нар. камісараў КСР Мао Цзэдун пры падтрымцы ваенных адхіліў ад кіраўніцтва ген. сакратара ЦК КПК Цын Бансяня і дабіўся прызначэння сябе паліт. камісарам 1-га фронту КЧА. Пазбягаючы сустрэчы з гал. сіламі Чан Кайшы, войскі КЧА накіраваліся ў прав. Сычуань, дзе ў чэрв. 1935 злучыліся з 4-м фронтам КЧА (камандуючы Сюй Сянцянь, паліт. камісар Чжан Гатао). У жн. 1935 сілы аб’яднаных франтоў КЧА (камандуючы Чжу Дэ, ген. паліт. камісар Чжан Гатао) прадоўжылі рух на Пн. Неўзабаве б.ч. іх была вымушана вярнуцца ў прав. Сычуань, але 2 корпусы КЧА на чале з Мао Цзэдунам у кастр. 1935 прабіліся ў паўн. частку Шэньсі, дзе ўжо існаваў сав. раён. У кастр.—ліст. 1936 да іх далучыліся рэшткі 2-га, 4 і 6-га франтоў КЧА. У выніку П.-З.п. былі страчаны ўсе сав. раёны ў цэнтр. і паўд. Кітаі, але захавана кіруючае ядро КПК і камандаванне КЧА.

Літ.:

Браун О. Китайские записки, 1932—1939: Пер. с нем. М., 1974;

История Китая. М., 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,

від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).

Бярэ пачатак у творчасці стараж. нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.

Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.​Брэль, Ж.​Беко, Ш.​Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.​Хіл, П.​Сігер, В.​Гатры, Дж.​Баэз, Дз.​Рыд (ЗША), В.​Хара (Чылі). У б. СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.​Акуджава і М.​Анчараў (пачынальнікі), А.​Галіч і У.​Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.​Гарадніцкі, Н.​Матвеева, Ю.​Візбар, Ю.​Кім, Я.​Клячкін, Ю.​Кукін, В.​Доліна, А.​Дольскі, С.​Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.​Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.​Валодзін, Б.​Вайханскі, У.​Бобрыкаў, А.​Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.​Камоцкі і С.​Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.​Атаманаў, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.​Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.

Н.​У.​Кудрэйка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-р філал. н. (1984). Ганаровы д-р БДУ (1993). Акад. Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.​Бергман і Е.​Тамашэўскім). Складальнік (з В.​Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.​Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел. нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр. арт. да кн. Я.​Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы.

І.​У.​Саламевіч.

А.А.Баршчэўскі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл. Рэв. укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр. с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр. с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр. камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.

Тв.:

Рус. пер.: — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1911—17;

Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киев, 1990);

Честность с собой;

Записки курносого Мефистофеля. М., 1991;

Золотые россыпи Чекисты в Париже. Мн.;

М., 1991.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУЁНАК (Васіль Васілевіч) (н. 3.6.1935, в. Мачулішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1973). Скончыў БДУ (1959). У 1966—72 нам., у 1978—82 гал. рэдактар час. «Маладосць», у 1972—78 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1982—89 сакратар, у 1990—98 старшыня СП Беларусі. Друкуецца з 1952. Выдаў зб-кі: «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1982), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Жніўны дзень» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і інш. Прадстаўнік пакалення, на фарміраванне якога асабліва паўплывалі Вял. Айч. вайна, перыяд развянчання культу асобы. У яго лірыцы адбіліся перажыванні сучасніка нашага складанага веку, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сённяшняга чалавека, інтымная сфера яго жыцця. Значны ўклад З. ў развіццё бел. паэт. эпасу, які прадстаўлены цыклам паэм пра жыццё свайго краю і гіст. лёс народа: «Сяліба» (1971), «Маўчанне травы», «Прыцягненне» (абедзве 1979), «Лукам’е» (1983) і «Падарожжа вакол двара» (1992). Аўтар аб’яднаў іх у «кнігу паэм» «Пяцірэчча». У яго творах відавочная схільнасць да маштабнага, асацыятыўна-ўзбуйненага вобраза, яркіх фарбаў і колераў. Аўтар кн. гумару «Качан на п’едэстале» (1973), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Вясёлы калаўрот», 1965, «Жылі-былі пад вадой», 1969, «Сонечны клубочак», 1972, «Будзем сілы набірацца», 1974, і інш.).

Тв.:

Выбраныя творы. Т. 1—2. Мн., 1996—98.

Літ.:

Гніламёдаў У. Праўда зерня: Творчы партрэт В.​Зуёнка. Мн., 1992;

Караткевіч У. Крэсіва. Іскры. Агонь // Зб. тв. Мн., 1991. Т. 8, кн. 2;

Колесник В. Эстафета судьбы // Неман. 1982. № 1.

В.В.Зуёнак.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)