«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,

рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.​Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.​Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.​Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач. жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.​Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст. садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.

Літ.:

Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;

Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;

Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.

А.​П.​Салькоў.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЕСП’Е́Р (Robespierre) Максімільен Франсуа Мары Ізідор дэ (6.5.1758, г. Арас, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вучыўся ў Калежы Людовіка Вялікага ў Парыжы, скончыў юрыд. факультэт Сарбоны (1780). З 1781 адвакат у Арасе. З 1783 чл. Араскай акадэміі навук і мастацтваў, з 1788 яе прэзідэнт. У 1789 дэпутат Генеральных штатаў ад трэцяга саслоўя. Актыўна ўдзельнічаў у іх працы і ў дзейнасці створанага на іх аснове Нац. сходу, з ліп. 1790 яго сакратар. Абараняў інтарэсы шырокіх нар. мас, насуперак ліберальнай большасці сходу, выступаў супраць замацаваных канстытуцыяй 1791 каралеўскага права вета, падзелу грамадзян на актыўных і пасіўных, маёмаснага цэнзу на выбарах, захавання рабства ў калоніях і г.д. У 1791—92 працаваў у секцыях камуны Парыжа, выдаваў штотыднёвік «Défenseur de la constitution» («Абаронца канстытуцыі»), на старонках якога выказваў свае погляды. Меў падтрымку шэрагу дэмакр. арг-цый: Якабінскага клуба, Клуба кардэльераў, паліт. клубаў Марселя, Версаля, Тулона і інш. гарадоў. Асуджаў агітацыю жырандыстаў за рэв. вайну супраць феад.-абсалютысцкіх манархій Еўропы. Пасля пачатку вайны Францыі з Аўстрыяй і Прусіяй (крас. 1792) агітаваў за рэв. метады вядзення вайны. Р. не прыняў непасрэднага ўдзелу ў паўстанні 10.8.1792, якое скінула караля, але на наступны дзень быў абраны чл. камуны Парыжа. У вер. 1792 абраны дэпутатам ад Парыжа ў Нац. Канвент, дзе стаў адным з найб. уплывовых дзеячаў якабінцаў. Узначаліў барацьбу супраць панавання жырандыстаў, быў сярод рашучых прыхільнікаў смяротнага пакарання караля Людовіка XVI. Як і Ж.П.Марат, быў адным з паліт. кіраўнікоў нар. выступлення 31.5—2.6.1793, якое скончылася арыштам дэпутатаў-жырандыстаў і пераходам улады да якабінцаў. Р. — адзін з ініцыятараў рэв. палітыкі якабінскага ўрада (агр. заканадаўства, якое ліквідавала феад. землеўладанне, прыняцце радыкальнай канстытуцыі 1793 і інш.). 27.7.1793 Р. абраны чл. К-та грамадз. выратавання (КГВ), фактычна кіраваў ім. Пры Р. КГВ ператварыўся ў гал. орган рэв. дыктатуры, якая змяніла канстытуцыйнае кіраванне (гл. Якабінская дыктатура). Канцэнтрацыя ўлады і ўсіх сіл спрыяла перамозе франц. армій да лета 1794 над унутр. і знешняй контррэвалюцыяй. Ў гэты час абвастрылася барацьба ў рэв. кіраўніцтве. Пачаліся рэпрэсіі супраць б. паплечнікаў Р., не згодных з яго палітыкай — прыхільнікаў Ж.Ж.Дантона, Ж.Р.Эбера і інш. Гэта прывяло да змовы супраць Р. ў Канвенце і Тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794. Р. быў арыштаваны і без суда пакараны смерцю разам з групай сваіх бліжэйшых паплечнікаў.

Літ.:

Манфред А.З. Максимилиан Робеспьер... М., 1958;

Левандовский А.П. Робеспьер Максимилиан. Ростов н/Д, 1998.

П.​А.​Тупік.

М.Рабесп’ер.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,

дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс. км². Нас. 19 576,8 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г. Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).

Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.

Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс. чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн. чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.

Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст. н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.​Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл. ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.

Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн. дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд. дол. (3,25 тыс. дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр. Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс. т штогод), гевея (100 тыс. т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс. т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал. харч. культура — рыс (2,76 млн. т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс. т, 2000), кукурузу (315 тыс. т), сорга (140 тыс. т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс. т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд. кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд. дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд. дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн. дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял. арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш. Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст. н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд. маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.​Піерыс, Дж.​Кіт, Дж.​Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.​А.​Мендыс, К.​С.​Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;

Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;

Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;

Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Шры-Ланкі.
Да арт. Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.
Да арт. Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire), Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire),

дзяржава на Пд Зах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс. км². Нас. 14,3 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г. Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г. Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).

Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн. га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.

Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн. ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл. цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц. Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн. ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).

Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.​Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.​Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл. ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.

Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн. га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн. га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн. га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс. т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс. т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс. т), бананы (больш за 200 тыс. т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн. т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн. т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л. цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс. т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасці найб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн. т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш. ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сць буд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс. км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд. дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд. дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал. гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Кот-д’Івуара.
Да арт. Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.
Да арт. Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar), Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar),

дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс. км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс. км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г. Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.

Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °C (у ліп.) да 27—33 °C (у студз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш. Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. г. Антананарыву — 1053 тыс. чал. (1997). Больш за 100 тыс. ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.

Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр. ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.​Дыяш (1500) і Ф.​Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр. рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.​Цырананам.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.​Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх. рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.​Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.

Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.

На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.

Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш. Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн. дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мадагаскара.
Да арт. Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.
Да арт. Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe), Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe),

дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс. км². Нас. 154,9 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).

Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.

Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст. з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс. ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.

Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.​Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб. з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-т за вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.

12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.​Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.​Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл. ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.

Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г. краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс. га зямлі. Каля 10 тыс. га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць дзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс. га, штогадовы збор каля 10 тыс. т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс. га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн. кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 км з цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л. міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн. дол., імпарт 19,2 млн. дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн. дол. Грашовая адзінка — добра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.
Да арт. Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.

т. 14, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (СМ Рэспублікі Беларусь),

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Рэспублікі Беларусь. Утвораны ў 1946 замест Савета Народных Камісараў Беларускай ССР, да 1991 СМ БССР, да 1994 і з 1996 СМ Рэспублікі Беларусь. Утвараўся Вярх. Саветам БССР (з 1991 Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь) і быў яму падпарадкаваны. У межах сваіх паўнамоцтваў забяспечваў кіраўніцтва нар. гаспадаркай, сац.-культ. будаўніцтвам, ажыццяўляў меры па падтрыманні грамадскага парадку, абароне інтарэсаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян. Пастановы і распараджэнні ўрада былі абавязковыя да выканання на ўсёй тэр. Беларусі. Паўнамоцтвы СМ і яго пастаяннага органа — Прэзідыума, парадак арганізацыі і дзейнасці вызначаліся законам. З увядзеннем у 1994 пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнні пры ім Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь функцыі ўрада перайшлі да Кабінета Міністраў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, зноў прадугледжвае ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь як цэнтр. орган дзярж. кіравання, падсправаздачны ў сваёй дзейнасці Прэзідэнту і адказны перад парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Урад краіны складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У яго могуць уваходзіць і кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністра прызначае Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў Парламента Рэспублікі Беларусь. СМ Рэспублікі Беларусь кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. кіравання і інш. органаў выканаўчай улады; распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэсп. бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; забяспечвае правядзенне адзінай эканам., фін., крэдытнай і грашовай палітыкі, дзярж. палітыкі ў галіне навукі. культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сац. забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нац. бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; мае права адмены актаў мін-ваў і інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта; выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь. Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада вызначаюцца Законам аб СМ Рэспублікі Беларусь на аснове Канстытуцыі.

Старшынямі СМ Беларусі ў розны час былі: П.​К.​Панамарэнка (1946—48), А.​Я.​Кляшчоў (1948—53), К.​Т.​Мазураў (1953—56), М.​Я.​Аўхімовіч (1956—59), Ц.​Я.​Кісялёў (1959—78), А.​Н.​Аксёнаў (1978—83), У.​І.​Бровікаў (1983—86), М.​В.​Кавалёў (1986—90), В.​Ф.​Кебіч (1990—94); прэм’ер-міністрамі — М.​М.​Чыгір (1994—96), С.​С.​Лінг (1997—2000), У.​В.​Ярмошын (2000—2001), Г.​В.​Навіцкі (з 10.1.2001).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДАЎСТВА АБ СУДАЎЛАДКАВАННІ.

Асн. прававы акт, які вызначае суд. сістэму, — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. У ёй замацаваны прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя, парадак арганізацыі і кампетэнцыя судоў і канстытуцыйнага кантролю за іх дзейнасцю. Паводле Канстытуцыі судовая ўлада ў рэспубліцы належыць судам, якія арганізуюцца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, а суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. На аснове прынятай у 1992 Канцэпцыі суд.-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь выдадзены шэраг нарматыўных прававых актаў, накіраваных на рэарганізацыю органаў суд. улады.

Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994 вызначаны мэты ўтварэння Канстытуцыйнага суда, яго склад, парадак фарміравання, паўнамоцтвы суддзяў, падставы для датэрміновага спынення, прыпынення і адстаўкі суддзяў. Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 вызначаны задачы і прынцыпы дзейнасці судоў, парадак іх утварэння і прызначэння суддзяў на пасады, падставы для спынення паўнамоцтваў суддзі і для яго адстаўкі, меры арганізац. і матэрыяльна-тэхн. забеспячэння дзейнасці судоў, замацавана роўнасць грамадзян перад законам і судом, права грамадзян на суд. абарону, недатыкальнасць суддзяў і недапушчальнасць умяшання ў іх дзейнасць. Законам «Аб гаспадарчых судах у Рэспубліцы Беларусь» ад 9.12.1998 вызначаны функцыі гасп. судоў у ажыццяўленні правасуддзя ў галіне гасп. (эканам.) адносін, сістэма і структура гасп. судоў, парадак назначэння на пасаду суддзяў, органы самакіравання суддзяў гасп. судоў, а таксама задачы службы суд. выканаўцаў, якая функцыянуе на аснове Палажэння аб службе судовых выканаўцаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 30.1.1998 (у рэд. пастановы ад 28.6.2000).

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4.12.1997 зацверджана Палажэнне аб кваліфікацыйнай атэстацыі і кваліфікацыйных класах суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь, паводле якога ацэньваюцца ўзровень ведаў і ўмення прымяняць іх пры ажыццяўленні правасуддзя, дзелавых якасцей суддзі і адпаведнасць яго патрабаванням заканадаўства. Прысваенне кваліфікацыйных класаў, паніжэнне ў кваліфікацыйным класе і пазбаўленне кваліфікацыйнага класа ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Парадак прыцягнення суддзі да дысцыплінарнай адказнасці вызначаны ў Палажэнні аб дысцыплінарнай адказнасці суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4.12.1997. Рашэнне аб накладанні дысцыплінарнага спагнання выносіць кваліфікацыйная калегія суддзяў, якая дзейнічае на аснове Палажэння аб кваліфікацыйных калегіях суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 4.12.1997. На 1-м з’ездзе суддзяў Рэспублікі Беларусь 5.12.1997 прыняты Кодэкс гонару суддзі Рэспублікі Беларусь, які ўстанаўлівае этычныя правілы паводзін суддзяў.

Літ.:

Мартинович И.И., Пастухов М.И. Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь: Суд присяж. и др. нововведения в законодательстве о судоустройстве. Мн., 1995;

Бибило В.Н. Судоустройство. Мн., 2001;

Яго ж. Судебная власть в уголовном судопроизводстве. Мн., 2001;

Богданов Е.В. Проблемы теории и практики реализации судебной власти в форме проведения. Мн., 2002.

В.​М.​Бібіла.

т. 18, кн. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́ЛІ (Chile), Рэспубліка Чылі (República de Chile),

дзяржава на ПдЗ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Перу, на У з Аргенцінай і Балівіяй, на З абмываецца Ціхім акіянам. У складзе Ч. прыбярэжныя а-вы Чылійскага архіпелага, зах. ч. в-ва Вогненная Зямля, а-вы ў Ціхім ак.: Сан-Амбросіо, Сан-Фелікс, Хуан-Фернандэс, Сала-і-Гомес, Рапануі (Вялікадня). Пл. 756,6 тыс. км². Нас. 15 499 тыс. чал. (2002). Афіц. мова — іспанская. Сталіца — г. Сант’яга. Краіна падзяляецца на 12 рэгіёнаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (18 вер.).

Дзяржаўны лад. Ч. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1980 (з папраўкамі 1990). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 сенатараў, з іх 9 назначаны пажыццёва, астатнія — выбраныя) і палаты дэпутатаў (120 дэпутатаў). Склад сената кожныя 4 гады абнаўляецца напалову; палата дэпутатаў выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — Кабінет міністраў.

Прырода. Ч. займае вузкую (шыр. ад 15 да 335 км), пераважна горную, паласу сушы працягласцю 4300 км паміж узбярэжжам Ціхага ак. і высакагор’ямі Андаў. На З з Пн на Пд (да 41°30′ паўд. ш.) цягнуцца Берагавыя Кардыльеры (выш. да 3200 м), на У — Гал. Кардыльера Андаў з найб. выш. Ч., гарой Охас-дэль-Салада (6880 м). Паміж імі тэктанічная ўпадзіна — Падоўжная даліна. На ПнУ — паўд.-зах. ч. вулканічнага нагор’я Цэнтр. Андаў, на крайнім ПдУ — участкі раўнін Патагоніі і зах. ч. в-ва Вогненная Зямля. Вяршыні Андаў да 35° паўд. ш. перавышаюць 6000 м і з’яўляюцца конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Паўд. Ч. мае фіёрдавы характар; уся тэр. сейсмічная. Карысныя выкапні: медныя, малібдэнавыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. і марганцавыя руды, нафта, прыродны газ, каменны вугаль, прыродная сера, салетра, каменная соль, золата, серабро. Клімат Паўн. Ч. (да 28° паўд. ш.) трапічны пустынны. Сярэдняя т-ра ліп. 15,6 °C, студз. 20,8 °C. Ападкаў да 100 мм за год, у пустынях Атакама, Тамаругаль не выпадаюць па некалькі гадоў. У Цэнтр. Ч. (да 42° паўд. ш.) клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з зімовымі дажджамі. Сярэдняя т-ра ліп. 7,7 °C, студз. 19,7 °C, ападкаў ад 200 да 2500 мм за год. У Паўд. Ч. халаднаваты вільготны клімат умераных шырот. Сярэдняя т-ра ліп. ад 7 да 1 °C, студз. ад 14 да 7 °C, ападкаў на ўзбярэжжы 2500—3000 мм за год, на зах. схілах Андаў да 7000 мм. На ПдУ кантынентальнасць павялічваецца, сярэднямесячныя т-ры ад 2 да 11 °C, ападкаў да 230 мм за год. Рачная сетка больш развітая ў цэнтр. і паўд. частках Ч., рэкі горныя, кароткія, паўнаводныя. Шмат канцавых ледавіковых азёр. У Гал. Кардыльеры развіта магутнае зледзяненне. Расл. покрыва ў Паўн. Ч. амаль адсутнічае (пясчаныя дзюны, барханы), трапляюцца кактусы, салянкі, на берагавой паласе ў перыяд туманаў — пустынная фармацыя ламас. У сярэдняй ч. ў далінах рэк вечназялёныя хмызнякі і дрэвы (цік, літрэ, мыльнае дрэва кільяй) на маламагутных шэра-карычневых глебах. На схілах гор да выш. 1200 м лясы міжземнаморскага тыпу, вышэй — хвойныя, якія змяняюцца альпійскімі лугамі. На Пд сярэдняй ч. на бурых лясных, вулканічных і забалочаных глебах густыя вечназялёныя лясы (гемігілея). На Пд ад 46° паўд. ш. мяшаныя лясы, на ўсх. раўнінах і ў раёне Магеланава праліва — стэпы. У складзе жывёльнага свету ў паўн. частцы ліс агуарачай, пума, паўзуны; у паўд. — алені пуду, перуанскі скунс, выдра, нутрыя; з птушак — кондар, папугаі, чайкі, альбатросы; у Патагоніі — лама-гуанака, грызуны, страусы. Больш за 50 запаведнікаў, лясных рэзерватаў, нац. паркаў, у т. л. Альберта-Агасціні, Вільярыка, Вісентэ-Перэс-Расалес, Каба-дэ-Горн, Лагуна-дэ-ла-Лаха, Наўэльбута, Рапануі (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Эль-Гуаянека.

Насельніцтва. Больш за 95% насельніцтва — чылійцы (65% індзейска-еўрап. метысы, 30% нашчадкі еўрапейцаў), 3% — індзейцы (араўканы, кечуа, аймара); в-аў Рапануі заселены палінезійцамі. Вернікі пераважна католікі (87%), ёсць пратэстанты (11%), частка індзейцаў вызнае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км², найб. населены цэнтр. рэгіёны. Натуральны прырост 1,09%. Гар. насельніцтва 86%. Буйныя гарады (тыс. чал., 1998): Сант’яга (5400), Кансепсьён (356,4), Віньядэль-Мар (326,5), Вальпараіса (282,9), Талькауана (265,1), Тэмука (246,3), Антафагаста (182). У прам-сці і буд-ве занята (1998) 42,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 19,2%, сектары паслуг — 38,3%.

Гісторыя. Тэр. Ч. са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны: араўканы, аймара, чон, чанга і інш. Яны займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам, рыбацтвам, апрацоўкай металаў і інш. У 15 ст. пасля ўпартай барацьбы з араўканамі Пн Ч. захапілі інкі. У 1540 ісп. канкістадор П. дэ Вальдывія пачаў пакарэнне Ч. 12.2.1541 ён заснаваў г. Сант’яга, у 1550 — г. Кансепсьён. У 1553 Вальдывія забіты араўканамі, пакарэнне якіх завяршылася толькі ў канцы 19 ст. пры Чылійскай рэспубліцы. З 1544 Ч. ў складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1778 — асобнае ген.-капітанства. На захопленых у індзейцаў землях іспанцы і іх нашчадкі крэолы вырошчвалі пшаніцу, вінаград. разводзілі сады, арганізоўвалі жывёлагадоўчыя ранча. Сфарміраваўся ўплывовы клас буйных землеўладальнікаў-арыстакратаў. Індзейцы былі ператвораны ў кабальных сялян, або ў рабоў, што працавалі на рудніках. У выніку змяшэння індзейцаў з крэоламі паступова фарміраваўся чылійскі этнас. Ісп. калан. ўлады наўмысна стрымлівалі развіццё чылійскай прам-сці, бо апасаліся яе канкурэнцыі з прадпрыемствамі Іспаніі. Гэта выклікала абурэнне мясц. крэольскіх вярхоў, асабліва буржуазіі. 14.7.1810 чылійскія крэолы паўсталі і скінулі ісп. губернатара. 18.9.1810 сфарміравана Нац. ўрадавая хунта (гэты дзень лічыцца днём нараджэння сучаснай чылійскай дзяржавы). 2.12.1811 Х.​М.​Карэра абвясціў сябе вярх. правіцелем краіны. У 1812 распрацаваны «Часовы канстытуцыйны рэгламент». У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Ч. ў 1813 захоплена ісп. войскамі, у 1817 вызвалена чылійскай арміяй на чале з Б.О’Хігінсам і Х.Сан-Марцінам. 12.2.1818 абвешчана незалежнасць Ч. Ліберальны ўрад О’Хігінса (вярх. правіцель у 1817—23) імкнуўся палепшыць становішча нар. мас, абмежаваць зямельную алігархію і царкву, заахвочваў гандаль, развіваў інфраструктуру, спрыяў адукацыі і асвеце, але пад націскам буйных землеўладальнікаў і вярхоў духавенства пайшоў у адстаўку. У 1830—37 гал. міністрам і фактычным дыктатарам Ч. быў камерсант Д.​Парталес, прыхільнік моцнай улады буйных уласнікаў і царквы з апорай на армію. Гэтая канцэпцыя ўлады ўвасоблена ў Канстытуцыі Ч. 1833 (дзейнічала да 1925), паводле якой уся рэальная ўлада належала прэзідэнту, выбарчым правам валодалі толькі пісьменныя мужчыны. Да 1860-х г. чылійскія ўрады ў асн. працягвалі лінію Парталеса. У 1861—91 прэзідэнты-лібералы Х.​Х.​Перэс, Ф.​Э.​Саньярту, А.​Пінта, Д.​Санта-Марыя і Х.​М.​Бальмаседа імкнуліся дэмакратызаваць краіну: абмежаваны прывілеі землеўладальнікаў і царквы, скасаваны маёмасны цэнз пры выбранні на пасады, забаронена выбіраць адну асобу прэзідэнтам на 2 тэрміны запар. На эканоміку Ч. адмоўна паўплываў сусв. эканам. крызіс 1870-х г. Эканам. ўздыму паспрыяла далучэнне да Ч. ў выніку Ціхаакіянскай вайны 1879—83 пустыні Атакама з вялізнымі запасамі салетры і медзі. У грамадз. вайне 1891 прэзідэнт Бальмаседа быў пераможаны прыхільнікамі парламентарызму і да 1920-х г. Ч. фактычна была парламенцкай рэспублікай. Прэзідэнт А. Алесандры Пальма (1920—25) дамогся прыняцця Канстытуцыі 1925, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, абавязковасць пачатковай адукацыі, падсправаздачнасць урада прэзідэнту; уведзена новае сац. і прац, заканадаўства, 8-гадзінны рабочы дзень. Прэзідэнт К.​Ібаньес дэль Кампа (1927—31) забараніў дэмакр. арг-цыі і перадаў салетраную прам-сць капіталістам ЗША Алесандры Пальма ў сваё 2-е прэзідэнцтва (1932—38) стабілізаваў падарваную сусв. крызісам эканоміку. Прапрэзідэнцкая Радыкальная партыя сумесна з камуністамі і інш. левымі сіламі стварыла Нар. фронт (1938—41), кандыдат якога П.​Агірэ Серда стаў наступным прэзідэнтам (1938—41). Ён аднавіў дэмакр. свабоды і абвясціў праграму, падобную на «новы курс». Ф.Д.Рузвельта. Урады Агірэ Серды і наступнага прэзідэнта Х.​А.​Рыяса (1942—46) пабудавалі ў Ч. шэраг буйных прадпрыемстваў. У 2-ю сусв. вайну Ч. прытрымлівалася нейтралітэту і толькі ў 1945 абвясціла вайну Германіі (15 лют.) і Японіі (5 крас.). У пасляваен. гады капітал ЗША узяў пад кантроль горназдабыўную і шэраг інш. галін прам-сці Ч. Прэзідэнт Г.​Гансалес Відэла (1946—52) прыйшоў да ўлады як кандыдат ад дэмакр. кааліцыі з удзелам камуністаў, але ў 1948 забараніў Камуніст. партыю. Выбраны зноў прэзідэнтам К.​Ібаньес дэль Кампа (1952—58) увёў жорсткія антыінфляцыйныя захады, падавіў усеаг. забастоўку 1954—55, падпісаў ваен. пагадненні 1952 і 1956 з ЗША. Падобную палітыку працягваў прэзідэнт Х.​Алесандры (1958—64).

Імкненне грамадства да сур’ёзных сац.-эканам. і паліт. перамен прывяло да выбрання прэзідэнтам хрысц. дэмакрата Э.​Фрэя Мантальвы (1964—70), які паспяхова здзейсніў праграму дэмакратызацыі краіны, правёў агр. рэформу, нацыяналізацыю меднай прам-сці, рэфармаваў сістэму адукацыі. На прэзідэнцкіх выбарах 1970 перамог кандыдат блока «Народнае адзінства» сацыяліст С.Альендэ Госенс (1970—73), які імкнуўся да сацыяліст. пераўтварэння Ч. Ён нацыяналізаваў прыватныя банкі і меднарудную прам-сць, здзейсніў шэраг захадаў да паляпшэння жыцця працоўных. Аднак справакаваны непрадуманымі рэформамі эканам. крызіс выклікаў масавыя забастоўкі 1971—72 і дэстабілізаваў паліт. сітуацыю. У выніку ваен. перавароту ўрад «Нар. адзінства» 11.9.1973 скінуты (Альендэ загінуў, забіты сотні інш. людзей), да ўлады амаль на 17 гадоў прыйшла ваен. хунта на чале з ген. А.Піначэтам Угартэ (са снеж. 1974 прэзідэнт). Былі забаронены левыя паліт. партыі, прафсаюзы, забастоўкі, замест органаў самакіравання прызначаліся чыноўнікі. Толькі ў 1973—74 больш за 130 тыс. чал. кінуты ў турмы і канцлагеры, дзе многія загінулі. Піначэт дэнацыяналізаваў медназдабыўную і інш. галіны прам-сці, вызваліў прыватныя прадпрыемствы ад урадавага кантролю. Гэтыя захады і спрыяльная міжнар. эканам. кан’юнктура садзейнічалі прыцягненню замежных інвестыцый і ўздыму эканомікі Ч. У 1980 па выніках плебісцыту прынята новая канстытуцыя краіны, якая дазволіла Піначэту захаваць пасаду прэзідэнта яшчэ на 8 гадоў. У 1987 легалізаваны паліт. партыі. У 1988 Піначэт прайграў рэферэндум па працягванні свайго прэзідэнцтва. На выбарах 14.12.1989 прэзідэнтам краіны выбраны хрысц. дэмакрат П.​Эйлвін Асакар. Ён і наступны прэзідэнт, таксама хрысц. дэмакрат, Э.​Фрэй Руіс-Тагле (1994—2000) рабілі захады па дэмакратызацыі краіны і расследаванні злачынстваў ваенных, працягвалі ліберальны курс у эканоміцы, што забяспечыла яе ўстойлівы рост. У сак. 2000 прэзідэнтам выбраны б. вязень Піначэта сацыяліст Р.​Лагас Эскабар, які асн. ўвагу аддае ўмацаванню законнасці ў краіне. Ч. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 27.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя Ч., Камуніст. партыя Ч., Партыя за дэмакратыю, Радыкальная с.-д. партыя і інш. Асн. прафс. аб’яднанне — Аб’яднаны прафцэнтр працоўных.

Гаспадарка. Ч. — адна з найб. развітых краін Паўд. Амерыкі (2-е месца пасля Аргенціны паводле індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1998 склаў 184,6 млрд. дол. (12,2 тыс. дол. на душу насельніцтва). Дзяржава стымулюе прыватны сектар, падтрымлівае асн. макраэканам прапорцыі, актыўна прыцягвае замежныя інвестыцыі кампаній ЗША, Зах. Еўропы, Паўд. Афр. Рэспублікі, суседніх краін. Вядучая галіна прамысловасці — гарнарудная, пераважна здабыча медзі. Разведаныя запасы медзі ацэньваюцца ў 162 млн. т (39,5% сусветных), здабыча ў 2001 склала 4,74 млн. т (35% сусв., 1-е месца ў свеце па здабычы і экспарце). Радовішчы медзі цягнуцца паласой 50—100 км ад мяжы з Перу праз пустыню Атакама да цэнтр. часткі Ч. на 1800 км. Дзярж. кампаніі «КАДЭЛКО» належаць буйныя горнаметалургічныя медна-малібдэнавыя камбінаты Эскандыда, Чукікамата, Радаміра-Томік, Эль-Сальвадор, Андына і інш. Здабыча (тыс. т, 2001) малібдэну 33,5, жал. руды 8500 (буйныя руднікі Рамераль, Альгароба, Бакерон-Чаньяр, Лос-Каларадас на Пн), марганцавых руд 40 (раён Ла-Серэна), салетры 1072 (1-е месца ў свеце па запасах; зах. ч. пустыні Атакама), спадарожнага ёду 330. У раёне Ікіке здабываюць каменную соль (6 млн. т), з салёных азёр Атакамы — літый, калій, бор, у высакагорнай ч. Андаў — золата (54 т; Эль-Індыо-Тамба) і серабро (1242 т, 2000, Чаньярсільё). Невял. запасы нафты (20 млн. т) і газу (24 млрд. м³) на Пд краіны распрацоўвае дзярж. кампанія «ЭНАП» (270 тыс. т і 2,7 млрд. м³ адпаведна). Здабыча каменнага вугалю 0,5 млн. т на Пд ад г. Кансепсьён і на в-ве Вогненная Зямля. У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца харч. і лёгкая. Развіты цукр., мясахаладабойная, вінаробная, рыбакансервавая галіны. Тэкст. і гарбарна-абутковая прам-сць у гарадах Вальпараіса, Сант’яга, Кансепсьён. Развіваюцца нафтаперапрацоўка і нафтахімія (Кансепсьён, Канкан, Манант’ялес), вытв-сць мінер. угнаенняў, сернай к-ты, соды, фарбаў, аўтамаб. шын (Вальпараіса, Сант’яга, Антафагаста). Каляровая металургія ў гарадах Чукікамата, Пайпотэ, Патрэрыльёс, Вальпараіса, Чагрэс, Калетонес; чорная — у Уачыпата (выплаўляецца 1 млн. т чыгуну і 1,3 млн. т сталі), машынабудаванне і металаапрацоўка — у Сант’яга, Вальпараіса, Кансепсьёне, Арыцы, Талькауана; дрэваапрацоўка і цэлюлозна-папяровая прам-сць — на Пд краіны. Вытв-сць электраэнергіі 35,8 млрд. кВт∙гадз на ЦЭС (55%) і ГЭС (45%). Сельская гаспадарка з’яўляецца высокаінтэнсіўнай галіной. Апрацоўваецца 5% тэр. Развіты раслінаводства ўмеранага і субтрапічнага пояса (збожжавыя, садоўніцтва і вінаградарства). Гал. земляробчы раён — цэнтр. частка Ч. — схілы Берагавых Кардыльераў і Падоўжная даліна. Вырошчваюць (збор тыс. т, 1998) пшаніцу 1734, кукурузу 661, авёс 157, ячмень 82, рыс 162, бульбу 928, цукр. буракі, фасолю, тытунь. Жывёлагадоўля пераважае пашавая, развіта паўсюдна. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы 4140, свіней 1720, авечак 3710, коз 738. Птушкагадоўля. Вытв-сць мяса (ялавічыны і цяляціны) 266 тыс. т, малака 1150 тыс. т штогод. Улоў рыбы 6,69 млн. т (2-е месца ў Лац. Амерыцы), развіваецца промысел крабаў, амараў, вустрыц. Ч. цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, шмат прадукцыі (свежая садавіна і агародніна, віно) экспартуецца. Развіты чыг., аўтамаб., марскі і паветр. транспарт. Даўж. чыгунак 8107 км, аўтадарог каля 80 тыс. км, у т. л. 10,5 тыс. км асфальтаваныя. Аўтапарк перавышае 900 тыс. аўтамабіляў. Танаж марскога флоту больш за 1,1 млн. брута-рэг. т, буйныя парты: Вальпараіса, Сан-Антоніо, Антафагаста, Пунта-Арэнас, Ікіке, Пуэрта-Монт. 23 аэрапорты. Экспарт (18 млрд. дол., 2000) медзі і меднай руды (40,5%), жал. руды і канцэнтрату, салетры і ёду, дрэваапр. прадукцыі, садавіны і агародніны, віна, рыбнай мукі. Імпарт (17 млрд. дол., 2000) машын і абсталявання, паліва, хім. тавараў. Асн. гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту і 16% імпарту), краіны ЕС (23% і 27%), Азіі, Лац. Амерыкі. Даход ад турызму (1998) 1,06 млрд. дол. Грашовая адзінка — чылійскае песа.

Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (80,5 тыс. чал.), рэзерв (50 тыс. чал.), ваенізаваныя фарміраванні (войскі карабінераў, 36,8 тыс. чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 45 тыс. чал., 290 танкаў, 157 баявых разведвальных машын, бальш за 650 бронетранспарцёраў, 20 баявых машын з цяжкім узбраеннем, 163 буксірныя гарматы, 440 мінамётаў, 150 безадкатных гармат, 62 пераносныя зенітныя ракетныя комплексы, 33 самалёты, 52 верталёты, у т. л. 5 баявых і інш. У ВПС 12,5 тыс. чал., 76 баявых самалётаў. У ВМС 23 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 3 эсмінцы, 3 фрэгаты, 7 ракетных катэраў, 6 патрульных караблёў, 3 танкадэсантныя караблі, 2 малыя дэсантныя караблі, 1 ледакол і інш.; у авіяцыі ВМС эскадрыллі самалётаў і верталётаў; у марской пяхоты танкі, бронетранспарцёры, гарматы і мінамёты; у берагавой ахове 1,3 тыс.чал., 41 патрульны катэр.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Існуе абавязковая асн. адукацыя для дзяцей 6—15 гадоў. На базе асн. школы дзейнічаюць 4-гадовыя сярэднія агульнаадук. школы, 4-гадовыя прафес.-тэхн. школы і 4-гадовыя педвучылішчы. У пач. 21 ст. ў Ч. распачата рэформа сістэмы адукацыі. Паводле прынятага ў 2003 закона дзяржава гарантуе кожнаму члену грамадства абавязковую бясплатную 12-гадовую адукацыю. На ўсіх яе узроўнях існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. У 1975/76 навуч. г. ў Ч. дзейнічала 8 ун-таў (з іх 6 прыватных), у якіх навучалася больш за 100 тыс. студэнтаў. У выніку мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі па аснове закона аб адукацыі (1990) і дэкрэта аб дзярж. субсідыях у адукацыю (1993), у 1995 дзейнічалі 70 ун-таў з агульнай колькасцю студэнтаў амаль 300 тысяч. Буйнейшыя ун-ты: Чылійскі (з 1738; 8 тыс. студэнтаў), «Сант’яга дэ Чылі» (з 1947; 16 тыс. студэнтаў), Папскі каталіцкі ў Сант’яга (з 1888; 16 тыс. студэнтаў), Каталіцкі ў Вальпараіса (з 1928; 7 тыс. студэнтаў), ун-ты ў Кансепсьёне (з 1919; 11 тыс. студэнтаў), Вальдывіі (з 1954; 7 тыс. студэнтаў). З Чылійскім ун-там звязана жыццё і дзейнасць І.І.Дамейкі, які з 1838 жыў у Ч., з 1846 праф., у 1867—83 рэктар гэтага ун-та і ўпершыню арганізаваў там шырокае вывучэнне геалогіі і мінералогіі. Фінансаванне ВНУ дзяржаўна-прыватнае: існуе прамое і ўскоснае фінансаванне дзяржавай, матэрыяльная дапамога студэнтам праз стыпендыяльны фонд, фонды універсітэцкага крэдыту, сістэма прэзідэнцкіх стыпендый; 25 ун-таў маюць прамое фінансаванне. Дзейнічае адзіная для ўсіх дзярж. ун-таў сістэма крэдытавання студэнтаў (крэдыт даецца малазабяспечаным студэнтам на 10—12 гадоў, які выпускнік у абавязковым парадку выплачвае — 5% ад свайго заробку — да пагашэння доўгу). У пач. 21 ст. сістэма адукацыі ў Ч. лічыцца найб. эфектыўнай і стабільнай у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшая бібліятэка — Нац. б-ка Ч. ў Сант’яга (з 1813; больш за 2 млн. тамоў). Асноўныя музеі ў сталіцы Ч.: Нац. гістарычны, Нац. выяўл. мастацтва і музыкі, прыроднай гісторыі, сучаснага мастацтва, амер. нар. мастацтва. Навук. даследаванні вядуцца ў АН, навук. цэнтрах, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Ч. выдаваліся 52 штодзённыя газеты і інш. перыяд. выданні. Найбуйнейшыя агульнанац. газеты: «La Tercera» («Трэць гадзіны», з 1950), «Las Últimas Noticias» («Апошнія навіны», з 1902), «EI Mercurio» («Меркурый», з 1827). Інфарм. агенцтвы — «Орбэ сервісіяс інфарматывас» (з 1953) і «Агенцыя Чылі натысіяс» (з 1993). Радыёвяшчанне з пач. 1920-х г. Агульнанац. грамадская радыёстанцыя «Радыё кааператыва» (з 1935). Вяшчаюць 316 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1959. Найбуйнейшыя тэлеканалы: грамадскі «Нацыянальнае тэлебачанне Чылі» (з 1968; 145 тэлевізійных станцый), прыватныя каталіцкія «Тэлетрэсе» і «Тэлебачанне каталіцкага універсітэта Вальпараіса», камерцыйныя «Чылівіжн», «Ла рэд», «Мегавіжн». Дзейнасць тэлекампаній кантралюе Нац. савет па тэлебачанні (з 1992).

Літаратура. Развіваецца ла ісп. мове. Першыя помнікі напісаны ісп. канкістадорамі П. дэ Вальдывіяй («Пісьмы пра адкрыццё і заваяванне Чылі», 1540—53) і А. дэ Эрсілья-і-Суньігай (паэма «Араўкана», 1569—89). У л-ры калан. перыяду (16—18 ст.) пераважалі гіст. аснова, эпічная героіка з элементамі крэольскага фальклору (творы А. дэ Авалье, Ф.​Гомеса дэ Відаурэ, П. дэ Оньі). Пашырылася паэзія малых форм, пераважна сатыр. зместу (куплеты, эпіграмы, жартоўныя экспромты). У перыяд вайны за незалежнасць і станаўлення рэспублікі развівалася паліт. публіцыстыка (К.​Энрыкес) і драматургія (Х.​Эганья). Пошукі нац. самавызначэння вяліся ў рэчышчы рамантызму і кастумбрызму (Х.​Х.​Вальеха, Х.​В.​Ластарыя, Г.​Мата, С.​Санфуэнтэс). Складваўся крытычны рэалізм (цыклы раманаў Л.​Арэга Лука, А.​Блеста Галы). У пач. 20 ст. зарадзіліся нац. мадэрнізм (паэзія А.​Боркеса Солара, М.​Магальянеса Моўрэ, К.​Песоа Веліса, проза Э.​Барыяса, П.​Прада), мунданавізм (Ф.​Калтрэрас), імажынізм (А.​Д’Альмар). Літ. крэалізм з ідэяй фарміравання лац. характару прыродным асяроддзем выявіўся ў творчасці Ф.​Ганы, М.​Латорэ, В.​Д.​Сільвы. Адначасова распрацоўваліся тэмы горада, жыцця простых людзей (Н.​Гусман, К.​С.​Лейтан, Х.​Эдвардс Бельё). У 1920-я г. пачынаецца росквіт паэзіі Г.Містраль, П.Нэруды, В.​Уйдобра. З сярэдзіны 20 ст. развівалася рэаліст. проза з сац. арыентацыяй і маст. эксперыментамі (Ф.​Алегрыя, Х.​Далоса, Ф.​Калаане, Э.​Лафуркод, М.​Рохас). У 1990-я г. л-ру Ч. прадстаўлялі празаікі В.Тэйтэльбойм, І.​Альелдэ, Л.​Сепульведа, М.​Серана, А.​Скармета, паэты М.​Агасін, Х.​Кесада, А.​Лара, Н.​Пара, драматургі І.​Агірэ, С.​Валдаловік, Х.​Дыяс, А.​Сьевекінг. На бел. мове выдадзены творы Нэруды («Крыві бунтоўнай кроплі», 1976), Містраль («Ветраліст», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову Р.​Барадулін, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, А.​Куляшоў, А.​Лойка, Я.​Семяжон, М.​Талк, К.​Шэрман і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад стараж. мастацтва індзейцаў, звязанага з развітымі культурамі Перу, на тэр. Ч. захаваліся руіны крэпасцей, паселішчаў, размаляваная і фігурная кераміка, наскальныя малюнкі. Вылучаюцца гіганцкія каменныя скульптуры на в-ве Рапануі (Вялікадня). Індзейцы пустыні Атакама будавалі хаціны з каменю і кактусаў, паўд. далін — з ілу і каменю. Традыцыі стараж. мастацтва захаваліся ў нар. творчасці: драўляныя надмагільныя слупы індзейцаў араўканаў са схематычнымі фігурамі, ткацтва, ганчарства, апрацоўка серабра, размалёўка і разьба па дрэве. З 16 ст. будавалі форты, гарады з прамавугольнай сеткай вуліц і цэнтр. плошчай, касцёлы, 1-павярховыя дамы з адобы (цэгла-сырэц з рэзанай саломай) з унутр. дворыкамі-патыо, парталамі і ўзорыстымі метал. кратамі на вокнах; узніклі рэліг. жывапіс і скульптура. У 18 — пач. 19 ст. будавалі ў стылях барока і класіцызму (арх. Х.​Таэска-і-Рычы, М. дэ Хара Кемада), развіваліся жывапіс, скульптура, гравюра (А.​Сантэлісес). У 1850 арх. К.​Ф.​Бруне дэ Бен заснаваў нац. арх. школу пры Чылійскім ун-це. Складзены план развіцця г. Сант’яга (1841—53), узведзены парадныя класіцыстычныя будынкі (Муніцыпальны т-р, 1853—73; Нац. кангрэс, 1876). У 2-й пал. 19 ст. сфарміравалася чылійская арх. школа (Х.​Гандарыльяс, М.​Альдунатэ, Ф.​Вівасета і інш.); мастакі П.​Ліра, М.​А.​Кара заклалі асновы нац. гіст. і пейзажнага жывапісу. Вылучаліся партрэтысты Ф.​К.​Мандзьёла, А.​Гана. У 1938—42 рэканструяваны цэнтр Сант’яга, узведзены манум. грамадскія будынкі. З 1950-х г. вядзецца комплекснае буд-ва жылых раёнаў у прадмесцях вял. гарадоў. У 1960—70-я г. ўзводзілі вышынныя і сейсмаўстойлівыя будынкі. З 1980-х г. будуюць у сучасных стылях. У жывапісе і графіцы 20 ст. пашыраны розныя мадэрнісцкія плыні (К.​Пероці, М.​Кольвін), нарадзілася сацыяльна актыўнае рэаліст. мастацтва (графік К.​Эрмасілья Альварэс, жывапісец і графік Х.​Вентурэльі, скульпт. В.​Арыяс, манументаліст і графік Х.​Эскамес, жывапісцы М.​Банта, Х.​Кабальера); шматлікія брыгады насценнага жывапісу стваралі размалёўкі на быт., гіст. і інш. тэмы.

Музыка. Складаецца з індзейскай і крэольскай музыкі. Стараж. муз. культуру захоўваюць нашчадкі чылійскіх абарыгенаў араўканы: лірычныя, дзіцячыя, прац., ваен., рытуальныя песні, разнастайныя танцы; муз. інструменты: ударныя (барабан культрун) і духавыя (трутрука, лалкінь). Характэрныя песенныя і песенна-танц. жанры нар. крэольскай музыкі — танада, куэка, рэфалоса, куандо; асн. муз. інструменты — гітара, арфа. Прафес. музыка развіваецца з 1810-х г. Створаны філарманічнае т-ва ў Сант’яга (1827), муз. школа (1849, з 1851 кансерваторыя). Муніцыпальны т-р («Тэатро мунісіпаль», 1857). Сярод кампазітараў 19 ст. — М.​Роблес, З.​Артыс дэ Саратэ (аўтар першай нац. оперы, 1895), Х.​Сапіёла. Для кампазітарскай школы 1-й пал. 20 ст. характэрны 2 асн. кірункі: нац. (П.​У.​Альендэ Сарон, Р.​Асеведа, К.​Ісаміт, К.​Лавін, Х.​У.​Урутыя Бландэль) і еўрап. з арыентацыяй на імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш. (А.​Катапас, Д.​Санта-Крус Вільсан, Э.​Сора, Х.​Арэга Салас, К.​Бота, К.​Рыеска і інш.). У 1950-я г. вылучылася група «Тонус» з еўрап. аваягардысцкай музыкай (заснавальнікі Э.​Эйтлер, Ф.​Фоке), у 1960-я г. — муз. рух «Новая песня» (С.​Артэга, А. і І. Пара, В.Хара). Адмоўна на муз. мастацтве адбілася панаванне ваен. хунты. На 2000 дзейнічаюць у Сант’яга: Сімф. (з 1941) і Муніцыпальны (з 1955) аркестры. Муніцыпальны т-р, Нац. балет (з 1945), Муніцыпальны балет (з 1959), хары «Арфеон», Чылійскага і Каталіцкага ун-таў, стр. квартэт Сант’яга (з 1954), фалькл. калектывы. Працуюць Нац. кансерваторыя, Ін-т павышэння муз. культуры пры Чылійскім ун-це (з 1940).

Тэатр. Вытокі тэатр. культуры Ч. ў абрадах і танцах індзейцаў, што насялялі краіну. Першыя тэатр. паказы ў 16 ст. наладжвалі святары-місіянеры. У 18 ст. з’явіліся спец. тэатр. будынкі, дзе выступалі ісп. акцёры. Ставіліся творы характэрных жанраў ісп. т-ра — лоа, танадыльі, сайнеце, энтрэміш, п’есы Лопэ дэ Вэгі і інш. З пач. 19 ст. фарміруецца нац. драматургія (А.​Асеведа Эрнандэс, Д.​Барас Грэс). У 1930—40-я г. ў гарадах узніклі аматарскія тэатр. калектывы. У Сант’яга створаны Малы універсітэцкі т-р (1939), на аснове якога рэж. П. дэ ла Бара ў 1941 заснаваў Эксперым. т-р Чылійскага ун-та (у 1959 на яго базе створаны Тэатр. ін-т). У 1943 узнік Эксперым. т-р Каталіцкага ун-та, у 1946 — Незалежны т-р, які ўвёў у практыку сістэму К.​Станіслаўскага. У 1950-я г. з’явіліся эксперым. т-ры ў філіялах Чылійскага ун-та, у г. Чыльян, Тэатр. аб’яднанне Вальпараіса, т-р Кансепсьёнскага ун-та, акцёры якога (У. і Э. Дзювашэлі, актрыса О.​Эскамес) стварылі трупу «Куатро». Група дзеячаў з т-ра Каталіцкага ун-та заснавала камед. т-р «Іктус». У канцы 1960-х г. актрыса т-ра Каталіцкага ун-та А.​Гансалес стварыла незалежную трупу «Эль Анхель». Калектывы «Куатро», «Інкус» і «Эль Анхель» свой рэпертуар будавалі на надзённым матэрыяле. У 1970-я г. вядучыя т-ры звярнуліся да сусв. класікі. Шырокае развіццё атрымаў аматарскі т-р. У 1969 створана Асацыяцыя аматараў т-ра. Самы вял. тэатр будынак — «Тэатра мунісіпаль» (з 1857). Сярод найбуйнейшых тэатр. дзеячаў дэ ла Бара, Д.​Бенавентэ, А.​Бюрле, А.​Гансалес. М.​Гансалес, Э.​Пуэльма, М.​Ксіргу, М.​Малуэнда, П.​Мартэйру, Э.​Марцінес, Р.​Парада, М.​Партной, Р.​Сатаканіль, В.​Хара і інш. У рэпертуары т-раў Ч. канца 20 — пач. 21 ст. замежныя класічныя і сучасныя, а таксама чылійскія п’есы Асеведа Эрнандэса, А.​Мука, Бараса Грэса, Ф.​Куадры, Х.​Лука Кручагі, Э.​Бунстэра і інш.

Кіно. Першая чылійская кінастужка ў Ч. знята ў 1902. У 1900—1910-я г. ў Ч. здымаліся дакумент. фільмы, з 1917 пачаўся выпуск паўнаметражных ігравых фільмаў. У 1920-я г. працавалі рэжысёры Х.​Бор, Х.​Дэлана, К.​Кар’ёла, П.​Сьена. У 1934 зняты першы гукавы фільм «Поўнач і Поўдзень» (рэж. Дэлана). Сярод нац. фільмаў «Горкая праўда» (1945, рэж. К.​Баркоске), «Пракляты крок» (1949, рэж. Ф.​Матэр). К канцу 1940-х г. чылійскія фільмы выцесніла кінапрадукцыя ЗША. У 1950—60-я г. працавалі рэжысёры Бор, Дэлана, Э. дэ Міўора, М.​Франк; у т.зв. «новым кіно» — А.​Кавасевіч, П.​Каўлен, М.​Крамарэнка, М.​Літын, Р.​Руіс, Э.​Сота, А.​Франсія. У фільмах пач. 1970-х г. пераасэнсаванне і ўзнаўленне гісторыі краіны: «Канец гульні» (рэж. Л.​Карнеха), «Аперацыя «Альфа» (рэж. Э.​Артэга), «Адной малітвы мала» (рэж. Франсія), «Зямля запаветная» (рэж. Літын). У канцы 1970-х г. з-за паліт. падзей нац. кінапрам-сць паралізавана. За мяжой стваралася т.зв. чылійскае кіно супраціўлення: фільмы здымаліся ў СССР — «Ноч над Чылі» (1977 рэж. С.​Аларкон, А.​Косараў), «Падзенне Кандора» (1982, рэж. Аларкон), у Швецыі — «Я б хацела мець сына» (1973), на Кубе — «Знікнуўшыя вязні» (1979, абодва рэж. С.​Кастылья), у Францыі і Балгарыі — «У Сант’яга ідзе дождж» (1975, рэж. Сота), у Нікарагуа — «Альсіна і Кандор» (1982, рэж. Літын). У канцы 1980-х г. з эміграцыі вярнуліся рэжысёры Г.​Анселавіч, П.​Гусман, Кастылья, Літын, Сота і інш. Склалася новае пакаленне рэжысёраў: І.​Агуэра, Х.​К.​Бустамантэ, Т.​Гавіёла, С.​Каёці, Л.​Какінг, К.​Санчэс, Г.​Хусцініяна. Сярод вядучых акцёраў Э.​Беадле, Р.​Бенавентэ, Н.​Вільягра, А.​Каэн, Л.​Краксата, Л.​Манса, Е.​Муньёс. З 1990 у г. Вінья-дэль-Мар праводзіцца Міжнар. фестываль лацінаамер. кіно.

Літ.:

Очерки истории Чили. М., 1967;

Бурстин Э. Чили при Альенде: взгляд очевидца: Пер. с англ. М., 1979;

Хачатуров К.А. Латиноамериканские уроки для России. М., 1999;

Культура Чили. М., 1968;

Музыка стран Латинской Америки. М., 1983;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки в XX в. М., 1972;

Алегрия Ф. Горизонты реализма: Пер. с исп. М., 1974.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​А.​Юшкевіч (узброеныя сілы), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Л.​У.​Языкович (асвета), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), І.​Л.​Лапін (літаратура), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Чылі.
Ціхаакіянскае ўзбярэжжа ў Сярэднім Чылі.
Да арт. Чылі. Касцёл Сан-Франсіска ў Сант’яга. 16—17 ст.
Акт аб дзяржаўнай незалежнасці Чылі 1818.
Да арт. Чылі. На адной з вуліц г. Сант’яга ў дні ваеннага перавароту. Верасень 1973.
Да арт. Чылі. Касцёл у Парынакоце. 18 ст.
Да арт. Чылі. Х.​Кабальера. Сціплы пейзаж.
Да арт. Чылі. Керамічны зоан з г. Арыка. Культура Хентылар.
Да арт. Чылі. Каменныя скульптуры на востраве Рапануі.

т. 17, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЯ ГВІНЕ́Я (Guinea Ecuatorial), Рэспубліка Экватарыяльная Гвінея (República de Guinea Ecuatorial),

дзяржава ў цэнтр. Афрыкі. У складзе Э.Г. мацерыковая ч. Рыо-Муні (пл. 26,1 тыс. км²) і а-вы Біёка, Анабон, Карыска, Вял. і Малы Элабей і інш. ў Гвінейскім зал. Атлантычнага акіяна. Мяжуе на Пн з Камерунам, на Пд з Габонам. Пл. 28,05 тыс. км². Нас. 498,1 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — іспанская, французская. Сталіца — г. Малаба (на в-ве Біёка). Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 кастр.).

Дзяржаўны лад. Э.Г. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 7 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і аднапалатны парламент. Урад узначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Паверхня мацерыковай ч. (Рыо-Муні) — нагор’е выш. 600—900 м (найб. выш. 1500 м), уздоўж узбярэжжа — нізінная прыморская раўніна. На вулканічным в-ве Біёка найвыш. пункт краіны г. Малаба (3008 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, жал. руда, марганец. Клімат экватарыяльны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, ападкаў больш за 2000 мм (на астравах да 2500 мм) за год. Рачная сетка густая. Рэкі паўнаводныя, парожыстыя, суднаходныя ў нізоўях. Гал. р. Мбіні. Вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (больш за 150 парод) займаюць 46% тэр. Глебы чырвона-жоўтыя латэрытныя. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, слон, леапард, антылопы, газелі, кажаны, шмат птушак, насякомых, паўзуноў. Нац. парк Монтэ-Райсес, запаведнік Піка-дэ-Санта-Ісабель (на в-ве Біёка).

Насельніцтва. Асн. ч. насельніцтва складаюць народы групы банту — фанг (83%; жывуць на мацерыковай ч.) і бубі (10%; на астравах). Узбярэжжа (Рыо-Муні) насяляюць бенга, комбу, ленге, бухеба і інш. народы. У краіне каля 1 тыс. еўрапейцаў (пераважна іспанцы). Вернікі хрысціяне (католікі 90%, пратэстанты 5%), частка насельніцтва вызнае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 17,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены в-аў Біёка і ўзбярэжжа Рыо-Муні. Натуральны прырост 2,45% (2002). Гар. насельніцтва 47%. Асн. гарады (тыс. ж., 1997): Малаба — каля 70, Бата — 40, Луба — 15. Каля 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

Гісторыя. Востраў Біёка адкрыты ў 1472 партуг. мараплаўцам Фернанда По (да 1979 насіў яго імя) і з 1592 каланізаваны партугальцамі. Паводле ісп.-партуг. дагавора 1778 тэр. Э.Г. адышла да Іспаніі, якая ў 1843 авалодала в-вам Фернанда-По, а ў 1856 і мацерыковай часткай краіны (Рыо-Муні). Паводле Парыжскага дагавора 1900 вызначаны межы ісп. уладанняў (т.зв. Ісп. Гвінеі) з франц. калоніямі, якія ў асн. супадаюць з межамі сучаснай Э.Г. У 1959 створаны першыя афр. паліт. партыі, з якіх найбуйнейшая Нац. рух за вызваленне Э.Г. (НРВЭГ). У студз. 1964 Ісп. Гвінея атрымала аўтаномію, створаны ўрад з мясц. афрыканцаў. 12.10.1968 абвешчана незалежнасць Э.Г., яе прэзідэнтам стаў лідэр НРВЭГ Ф.​Масіяс Нгема Біёга, у 1972 ён абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. У 1970 забаронены ўсе паліт. партыі, акрамя НРВЭГ, на базе якога ў 1972 створана кіруючая Адзіная нац. партыя працоўных (АНПП). Здзейсненыя Біёгам непрадуманыя рэформы прывялі да эканам. крызісу 3.8.1979 уладу захапілі ваенныя на чале з падпалк. Т.​Абіянгам Нгемам Мбасогам: забаронены ўсе паліт. партыі, у 1982 прынята новая канстытуцыя і Абіянг Нгема Мбасога абраны прэзідэнтам. У пач. 1990-х г. адбылася пэўная дэмакратызацыя паліт. жыцця: у 1992 дазволена стварэнне апазіц. паліт. партый, паводле канстытуцыі 1991 выбары парламента і прэзідэнта праводзяцца на альтэрнатыўнай аснове. На першых свабодных парламенцкіх выбарах 1993 перамагла створаная ў 1987 кіруючая Дэмакр. партыя Э.Г., а яе лідэр Абіянг Нгема Мбасога ў 1996 зноў выбраны прэзідэнтам. Акрамя Дэмакр. партыі ў Э.Г. дзейнічаюць Ліберальная партыя, С.-д. саюз, Нар. і с.-д. канвергенцыя і інш. паліт. арг-цыі. Э.Г. — чл. ААН (з 1968), Афр. саюза (з 2002) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Гаспадарка. Э.Г. — слабаразвітая краіна, эканоміка якой да апошняга часу мела агр.-сыравінны характар. З адкрыццём нафтавых радовішчаў на кантынент. шэльфе пачаўся ўздым нац. эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 1,04 млрд. дол. (1993—280 млн. дол.), па 2,1 тыс. дол. на душу насельніцтва. У структуры ВУП на долю прамысловасці прыпадае 60%, у т. л. на нафтаздабыўную галіну больш за 50%. У 1997 здабыта каля 2 млн. т. нафты. Распрацоўку шэльфавых радовішчаў вядуць пераважна амер. кампаніі «Мобіл ойл» і «ЮМК». Энергет. база слабая, існуе пастаянны дэфіцыт электраэнергіі. Вытв-сць электраэнергіі 22 млн. кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (91%) і ГЭС (9%). Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па перапрацоўцы рыбы, вытв-сці пальмавага алею, мукі, мыла, цэменту, гаруча-змазачных матэрыялаў; лесапілаванне (14,9 тыс. м³, 1996) і дрэваапрацоўка, у т. л. выраб мэблі. Рамёствы — разьба па дрэве і косці, пляценне кошыкаў, цыновак. Сельская гаспадарка дае 20% ВУП. Ворныя землі займаюць 5% тэр., шматгадовыя культуры — 4%, пашы — 4%. На тэр. Рыо-Муні — аблогавае матычнае земляробства, на в-ве Біёка — плантацыйныя гаспадаркі. Асн. экспартныя культуры — какава (збор 5,75 тыс. т какава-зярнят, 1996), кава (197 т); вырошчваюць таксама алейную і какосавую пальмы, бананы, тытунь; на свае патрэбы — маніёк, рыс, арахіс, ямс, цукр. трыснёг, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Гадуюць (тыс. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5), коз (9), свіней (6,1), авечак (37,6), птушак (320). Рыбалоўства (тунец) і промысел крэветак Лесанарыхтоўкі ў Рыо-Муні каштоўных дрэвавых парод (461,1 тыс. м³, 1996) пераважна на экспарт (406,4 тыс. м³ неапрацаванай драўніны). Збор арэхаў пальмы тагуа, соку гевеі, кары хіннага дрэва. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2880 км (1996). У краіне 7,6 тыс. легкавых і грузавых аўтамабіляў. Чыгунак няма. Марскія парты: Бата, Малаба, Луба. 3 аэрапорты. Экспарт (860 млн. дол., 2000) нафты, какавы, кавы, драўніны; імпарт (300 млн. дол., 2000) нафтапрадуктаў, машын і абсталявання, харч. прадуктаў і інш. Асн. гандл. партнёры: ЗША (62% экспарту і 35% імпарту), Іспанія (17% і 10%), Камерун, Кітай. Даход ад турызму 2 млн. дол. (1998). Грашовая адзінка — франк КФА.

Літ.:

Мельников И, Корочанцев В. Экваториальная Гвинея. М., 1971;

Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. М., 1982.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Сталіца Экватарыяльнай Гвінеі г. Малаба.
Герб і сцяг Экватарыяльнай Гвінеі.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)