спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім змешчаная ў замкнуты кантэйнер загатоўка выціскаецца праз канал матрыцы вадкасцю пад ціскам (0,5—3 ГПа). Выконваецца на ўстаноўках са знешняй крыніцай ціску вадкасці і прамога дзеяння, у якіх ціск вадкасці ў кантэйнеры ствараецца перамяшчэннем прэс-штэмпеля. Рабочыя вадкасці — вада, масла, расплаўленыя шкло, солі, легкаплаўкія металы. Выкарыстоўваецца для атрымання металург. паўфабрыкатаў (дрот, пруткі і профілі з цяжкадэфармуемых і тугаплаўкіх металаў) або загатовак для металарэзнага інструменту (свердлаў, метчыкаў, раскрутак і інш.).
Схемы гідраэкструзіі: а — з вынесенай крыніцай ціску вадкасці; б — прамога дзеяння; 1 — ушчыльненні; 2 — матрыцы; 3 — вадкасць; 4 — загатоўка; 5 — кантэйнер; 6 — прэс-штэмпель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, пры якім пэўныя віды забруджвальнікаў выяўляюцца па ўсім зямным шары; адна з глабальных праблем сучаснасці (гл.Глабальная экалогія). Бывае глабальнае забруджванне атмасферы, вод, глебы і г.д. або як агульнае забруджванне хім. рэчывамі, у т. л. дыаксідам вугляроду (гл.Парніковы эфект), радыенуклідамі (гл.Радыеактыўнае забруджванне), лёгкалятучымі газамі (напр., фрэонамі), нафтапрадуктамі і інш. Інфармацыя пра глабальнае забруджванне падаецца праз сістэмы глабальнага маніторынгу, у т. л. назіранні на базе міжнар.біясферных запаведнікаў, са штучных спадарожнікаў Зямлі і інш. У фарміраванні глабальнага забруджвання значную ролю адыгрывае вышынны трансгранічны перанос забруджвальнікаў паветр. плынямі (напр., пры ўзрывах ядзерных бомбаў, аварыях на АЭС).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗНЫ,
горад, сталіца Чэчэнскай Рэспублікі (Ічкерыя), на р. Сунжа. 186 тыс.ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Нафтаперапр., нафтахім., хім., харч.прам-сць, машынабудаванне (нафтавае абсталяванне і інш.) і металаапрацоўка. Моцна пацярпеў у час ваен. дзеянняў у 1994—96.
Засн. ў 1818 пры буд-ве Сунжэнскай абарончай лініі як рус. крэпасць Грозная. У 1869 крэпасць перайменавана ў горад Грозны. У 1893 праз яго прайшла чыг. Беслан—Пятроўск-Порт (сучасная Махачкала). З пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр Паўн. Каўказа. З 1934 сталіца Чэчэна-Інгушскай аўт.вобл., у 1936—91 аднайменнай АССР (у 1944—57 цэнтр Грозненскай вобл.), з 1.11.1991 сталіца Чэчэнскай рэспублікі (Ічкерыя) у складзе Рас. Федэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Дзмітрый Іосіфавіч) (9.11.1864, c. Ніз Ленінградскай вобл., Расія — 20.4.1920),
расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі, адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). З 1890 у Бат. лабараторыі Пецярбургскай АН, з 1895 у Пецярбургскім, з 1901 праф. у Варшаўскім, з 1915 — у Данскім ун-тах. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, уплыве кіслароду на спіртавое браджэнне ў дражджэй, стане хларафілу ў раслінах, значэнні караціну і ксантафілу, устойлівасці хларафілу да святла; па глебавай мікрабіялогіі. Эксперыментальна даказаў існаванне нябачнага ў мікраскоп узбуджальніка тытунёвай мазаікі, які праходзіў праз бактэрыяльныя фільтры. Гэтая праца стала пачаткам вучэння пра вірусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сістэма мерапрыемстваў, якія вызначаюць найб. прыярытэтныя кірункі інвестыцый (капітальных укладанняў). Вызначае аб’ём, структуру і кірункі ўкладанняў капіталу ўнутры гасп. аб’екта (фірмы, прадпрыемства), рэгіёна, краіны і за іх межамі з мэтай развіцця вытв-сці, прадпрымальніцтва, атрымання прыбытку і інш. Ва ўмовах пераходнага перыяду да рынку і пераадолення крызісных сітуацый найперш забяспечваецца навук. абгрунтаванне І.п. на перспектыву, узгадняецца практыка прагназавання інвестыцый з новым гасп. механізмам, чым забяспечваецца радыкальнае паляпшэнне выкарыстання доўгатэрміновых укладанняў, павышэнне іх эфектыўнасці як умовы паскарэння сац,эканам. развіцця краіны. Уплыў дзярж. рэгулявання на І.п. ажыццяўляецца праз механізм падаткаабкладання, амартызацыйную палітыку, парадак прадастаўлення бюджэтных асігнаванняў на фінансаванне інвестыцый і інш.эканам. метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ШПУ́ЛЯ,
прылада для пераўтварэння пастаяннага (або пераменнага) току нізкага напружання ў пераменны ток высокага напружання. Першая канструкцыя І.ш. зроблена ням. вучоным Г.Румкарфам у 1852.
Мае першасную абмотку з некалькіх дзесяткаў (ці соцень) віткоў тоўстага дроту і другасную абмотку з некалькіх дзесяткаў тысяч віткоў тонкага дроту. Абедзве абмоткі насаджаныя на агульны ферамагн. стрыжань, зроблены з тонкіх эл. ізаляваных адзін ад аднаго лістоў або пруткоў. Першасная абмотка далучаецца да крыніцы сілкавання праз перарывальнік, які перыядычна замыкае і размыкае эл. ланцуг. З прычыны эл.-магн.індукцыі ў другаснай абмотцы ўзнікае эрс высокага напружання. Выкарыстоўваецца ў сістэмах батарэйнага запальвання, а таксама ў навуч. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),
від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.Раўшэнберг), ФРГ (І.Бойс), Польшчы (Я.Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб’ёва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЁНАК (Марыя Іванаўна) (н. 24.10.1949, в. Кісялі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1969). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа. У творчасці імкнецца да выяўлення гармоніі чалавека з навакольным асяроддзем, адлюстравання стану прыроды праз стрыманую) каляровую гаму. Асн. работы: «Восеньскія грыбы» (1977), «У новай майстэрні» (1983), «Нацюрморт са шклом» (1989), «Жанчына з бульбай» (1991), «Пахаванне бацькі» (1993), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Нацюрморт з чорным вінаградам», «Адчыненае акно», «Змрок» (усе 1996), «Настрой», «Бабіна лета», «Пліса», «Жанчына ў чырвоным», «Нацюрморт з птушкай», «Нацюрморт з жоўтымі кветкамі» (усе 1997) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Марыя Іванаўна Ісаёнак. Нацюрморт з жоўтымі кветкамі. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВУ́А, Лувуа (Lovua, Luvua),
рака ў Замбіі (верхняе цячэнне) і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Луалаба (бас.р. Конга). Некаторыя даследчыкі лічаць яе гал. вытокам р. Конга. Даўж. больш за 1500 км, пл.бас. 265,3 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Чамбешы) на плато на Пд ад воз. Танганьіка, працякае праз балота на Пд ад воз. Бангвеулу, ніжэй (на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга) наз. Луапула, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў воз. Мверу, ніжэй якога наз. ўласна Л. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 600 м³/с. ГЭС. Суднаходная на 145 км ад вусця і вышэй воз. Мверу.