вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Слонім — в. Новая Мыш. Цэнтр сельсавета. За 20 км на З ад г. Баранавічы, 217 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Палонка. 781 ж., 293 двары (2000). Аддз. «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба», лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.).
Вядома з пач. 16 ст. як сяло ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. Належала Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля вёскі адбылася Палонкаўская бітва 1660. У 1680 заснаваны дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). З 1793 П. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Навамышскай вол. Навагрудскага пав. У пач. 20 ст. 500 ж., 56 двароў, земскае нар. вучылішча. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Навамышскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1957 — у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЧ (Пятро) (сапр.Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Купала, К.Чорны, Л.Калюга, А.Пальчэўскі, І.Скапараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННЕ,
жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял.Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел.партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАТО́ВІЧ (Станіслаў Антонавіч) (25.9.1922, в. Барок Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.6.1986),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР, дыпламат. Скончыў Бабруйскую фельчарскую школу (1940), Баранавіцкі настаўніцкі (1952) і Мінскі пед. (1956) ін-ты. У Вял.Айч. вайну з вер. 1942 партызан атрада «Полымя» ў Пухавіцкім р-не, у кастр. 1942 — ліп. 1944 сакратар Пухавіцкага, Чэрвеньскага падп. райкомаў, адначасова да ліст. 1943 сакратар Мінскага падп. міжрайкома ЛКСМБ. У 1944—53 сакратар Чэрвеньскага райкома, Мінскага, 1-ы сакратар Баранавіцкага абкомаў ЛКСМБ У 1953—62 1-ы сакратар Навагрудскага райкома, 2-і сакратар Гродзенскага абкома, заг. аддзела парт. органаў ЦККПБ. З 1962 1-ы сакратар Віцебскага абкома КПБ. З 1965 сакратар ЦККПБ. У 1971—78 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ПНР. У маі 1978 — снеж. 1983 нам. старшыні СМБССР. Чл.ЦККПБ у 1960—71, 1981—86, чл. Прэзідыума ЦККПБ у 1965—66, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—71. Чл.ЦККПСС у 1971—81. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—67, 1978—85, Вярх. Савета СССР у 1966—74. Трагічна загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗАРО́КІ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.
У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.Корсака, І.Кунцэвіча, Я.Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́КІ,
вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).
Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.
Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел.НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́Р’ЕЎ (Іван Аляксандравіч) (17.11.1901, г. Камень-на-Обі Алтайскага краю, Расія — 7.2.1968),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Дзярж.эксперым.тэатр. майстэрні (1923). Быў акцёрам т-раў Пралеткульта і У.Меерхольда. З 1925 у кіно. Некалькі гадоў узначальваў кінастудыю «Масфільм», пасля кіраваў там творчым аб’яднаннем «Прамень». Паставіў фільмы «Чужая жанчына» (1929), «Дзяржаўны чыноўнік» (1931), «Партыйны білет» (1936). Па-наватарску асвойваў жанр муз. камедыі ў кінафільмах «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Марыянске-Лазне, Чэхія), «Кубанскія казакі» (1950, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), якія вызначаюцца рамант. прыўзнятасцю, тэмпераментам, камедыйнасцю і лірычнасцю нар. вобразаў. Зняў адзін з першых фільмаў пра партызанВял.Айч. вайны «Сакратар райкома» (1942). Пазней звярнуўся да творчасці Ф.Дастаеўскага: паставіў фільмы «Ідыёт» (1958), «Белыя ночы» (1960), «Браты Карамазавы» (1969, 3-я серыя закончана К.Лаўровым і М.Ульянавым). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1948, 1951.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
Михайлов А. Народный артист СССР И.Пырьев. [М.], 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСК,
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Асіповічы; вузел аўтадарог на Вузляны, Дукору, Праўдзінскі. За 22 км ад Мар’інай Горкі (цэнтр раёна), 41 км ад Мінска. 3 тыс.ж. (2000).
У 19 ст. вёска ў Цітвянскай вол. Ігуменскага пав. З пабудовай у 1873 Лібава-Роменскай чыгункі — станцыя з пасёлкам. У 1888—14 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Смілавіцкага, з 8.7.1931 — Пухавіцкага, з 12.2.1935 — Рудзенскага, з 6.7.1935 — Смілавіцкага, з 11.2 да 27.9.1938 — Рудзенскага р-наў. З 12.2.1935 да 20.1.1960 цэнтр Рудзенскага раёна (з 6.7.1935 да 11.2.1938 раён быў перайменаваны ў Смілавіцкі). З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 30.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 4750 чал., дзейнічала Рудзенскае патрыятычнае падполле. З 20.1.1960 у Пухавіцкім р-не.
Працуюць з-д пластмасавых вырабаў, лясніцтва, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Радзіма пісьменніка М.Чарота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас.р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.