войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр.крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш.Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пдкраіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл.Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс.чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пдкраіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.
Літ.:
Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОН (Bonn),
горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар.маст. збор Бона, Акад.маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар.муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).
Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.
Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).
Да арт.Бон. Панарама горада.Да арт.Бон. Раён Бад-Годэсберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛА (Кастусь) (сапр.Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел. краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час.бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.
Тв.:
Змагарныя дарогі. Мн., 1994.
Літ.:
Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв. прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар.эканам. праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел.гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБО́ЎНІКІ,
зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗГА (Glasgow),
горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц. раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс.ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за 1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сцьхарч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л.вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл.муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш.арх. помнікі.
Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Р (Izmir),
горад на З Турцыі, адм. цэнтр іля Ізмір, на ўзбярэжжы Эгейскага м. 1757 тыс.ж. (1990). Гал. па экспарце і другі (пасля Стамбула) па імпарце порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл. цэнтр с.-г. раёна (тытунь, бавоўна, вінаград, алівы, збожжавыя). Прам-сць: харч., тэкст., дывановая, хім. (суперфасфат), металургічная, маш.-буд., у т. л. суднабуд. і інш.Ун-т. Акадэмія эканомікі і гандлю. Музей. Цэнтр турызму.
Засн. як стараж.-грэч. калонія ў 2-м тыс. да н.э. пад назвай Смірна. У 575 да н.э. зруйнаваны царом Лідыі Аліятам, у 4 ст. да н.э. адбудаваны. У 27 да н.э. — 324 н.э. пад уладай рымлян, пазней — Візантыі. У канцы 11 ст. захоплены сельджукамі. У 13 ст. генуэзскі порт. У 1402—03 разрабаваны Цімурам. З 1425 у складзе Асманскай імперыі, наз. І. Моцна разбураны землетрасеннямі 1688 і 1778. З канца 18 ст. адзін з эканам. і культ. цэнтраў Турцыі. У час грэка-тур. вайны 1919—22 акупіраваны грэч. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны порт І. — ваен.-марская база, у горадзе размешчаны штаб камандавання сухап. сіламі НАТО у Паўд.-Усх. Еўропе. Захаваліся руіны храма 7 ст. да н.э., эліністычных тэатра і стадыёна, паблізу І. рэшткі 3 акведукаў рым. часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),
палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал.паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).
Літ.:
Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;
Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е гМ., 1991.