ДЖАБЕ́РЦІ ((Gioberti) Вінчэнца) (5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ХАЎ (Мікалай Леанідавіч) (26.10.1904, в. Вепрык Палтаўскай вобл., Украіна — 1.5.1964),

савецкі вучоны ў галіне механікі, канструктар цяжкіх танкаў. Чл.-кар. АН СССР (1953), ген.-лейт. інж.-тэхн. службы (1954). Тройчы Герой Сац. Працы (1945, 1949, 1954). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1932).

З 1932 канструктар на Кіраўскім з-дзе ў Ленінградзе, з 1948 нам. навук. кіраўніка і гал. канструктара НДІ, з 1954 гал. канструктар і навук. кіраўнік КБ абароннай прам-сці. Ленінская прэмія 1960, Дзяж. прэміі СССР 1945, 1949, 1951, 1953, 1954.

М.Л.Духаў.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕ́КТ МАС,

рознасць паміж сумай мас нуклонаў (нейтронаў і пратонаў), якія ўваходзяць у склад ядра атамнага, і масай ядра. Вызначаецца формулай Δ = ZMp + (A−Z) Mn − Mя, дзе Z — лік пратонаў у ядры, A — масавы лік ядра, Mp, Mn — масы пратона і нейтрона адпаведна, Mя — маса ядра атама. Д.м. выражаецца ў атамных адзінках масы і роўны (з адваротным знакам) энергіі сувязі нуклонаў у ядры. Чым большы Д.м., тым вышэйшая энергія сувязі і тым больш устойлівае ядро. Гл. таксама Ядзерная энергія.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́НСЕН ((Jensen) Іаганес Ганс Даніэль) (25.6.1907, г. Гамбург, Германія — 11.2.1973),

нямецкі фізік-тэарэтык. Чл. Гайдэльбергскай АН (1949). Скончыў Гамбургскі ун-т (1932), дзе і працаваў у 1937—41. З 1941 праф. Гановерскага тэхнал. ін-та, з 1949 — Гайдэльбергскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы і фіз. цвёрдага цела. Даследаваў узаемадзеянні іонаў у крышталях, атрымаў залежнасць поўнай энергіі крышталя ад міжатамнай адлегласці. Увёў паняцце спін-арбітальнай сувязі і распрацаваў абалонкавую мадэль атамнага ядра (1950). Нобелеўская прэмія 1963 (разам з М.Гёперт-Маер).

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖВА́ЧКА,

перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГА́ЛКА асенняя,

звычайная Ж. (Stomoxys calcitrans), насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашырана ўсюды. Трапляецца ў непасрэднай блізкасці ад свойскіх жывёл (у памяшканні, на пашы). Дарослыя — крывасмокі, пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх інфекцый: сібірскай язвы, тулярэміі, анаплазмозу буйн. раг. жывёлы і інш.

Цела даўж. 5,5—7 мм, шэра-чорнае, плямістае. Хабаток доўгі і цвёрды. Плоднасць 300—400 яец. Адкладвае яйцы ў гной, на раслінныя рэшткі, зрэдку ў раны жывёл і чалавека, дзе развіваюцца лічынкі. Колькасць Ж. павялічваецца ў канцы лета — пач. восені (мухі становяцца «лютымі»).

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1927,

канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі і Японіі. Праходзіла 14—16 чэрв. ў час сесіі Савета Лігі Нацыі, склікана пасля разрыву англ.-сав. дыпламат. і гандл. пагадненняў (май 1927). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі О.​Чэмберлен прапанаваў прыняць дэкларацыю «супраць прапаганды Камінтэрна», якая магла б стаць платформай адзінага антысав. фронту. Удзельнікі Ж.к. не падтрымалі Чэмберлена і прынялі камюніке, дзе абавязваліся прытрымлівацца ўмоў Лакарнскіх дагавораў 1925 аб непарушнасці герм.-франц. і герм.-бельг. граніц, вызначаных Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.​Міцкевіча, Т.​Ленартовіча, А.​Мальчэўскага, І.​Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.​Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.​В.​Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́СЛАЎ,

мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял. Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.​Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.

Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІГРА́НТЫ [ад лац. immigrans

(immigrantis) які ўсяляецца] у біялогіі, усяленцы, жывыя арганізмы, якія ўсяліліся ў якую-н. мясцовасць, дзе раней іх не было. Называюць па мясцовасці, адкуль арганізмы перасяліліся (напр., амерыканскія, ціхаакіянскія),

і па часе. ўсялення. Час іміграцыі і яе напрамак вызначаюць паводле назіранняў або гіст. звестак. На Беларусі І. з’яўляюцца андатра, каларадскі жук, рамонак пахучы (амер.), шэры пацук, сярэбраны карась, аер (азіяцкія). І. называюць таксама асобныя клеткі, якія выходзяць з зародкаў органаў і даюць пачатак новым тканкам або органам.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)