галіна навукі і тэхнікі, якая забяспечвае стварэнне і сінтэз мікрамініяцюрных вырабаў рознага функцыянальнага прызначэння для радыёэлектроннай апаратуры (лініі затрымкі, фільтры, прылады ўзмацнення і апрацоўкі радыёэлектронных сігналаў і інш.); асн. раздзел электронікі. На аснове вырабаў М. створаны таксама высоканадзейныя звял. аб’ёмам памяці камп’ютэры і камп’ютэрныя сістэмы вырашаюцца праблемы стварэння штучнага інтэлекту.
Грунтуецца на дасягненнях фізікі, хіміі, матэматыкі, матэрыялазнаўства і інш. Сярод вырабаў М. найб. пашыраны аналагавыя і лічбавыя інтэгральныя паўправадніковыя і гібрыдныя мікрасхемы (ІС; гл.Інтэгральныя схемы), прыборы з зарадавай сувяззю (напр., ПЗС-матрыца). Вырабы М. бываюць у выглядзе матрыцы (ці некалькіх матрыц) аднатыпных элементаў мікронных і субмікронных памераў. напр., транзістараў розных тыпаў (біпалярных, МДП) і іх эл. злучэнняў; напр., вял. ІС маюць да 10⁴ элементаў, звышвял. — да 106 і ультравял. — больш за 106 элементаў на крышталь. Вытв-сць паўправадніковых ІС ажыццяўляецца з выкарыстаннем сукупнасці тэхнал. працэсаў, заснаваных на фіз.-хім. метадах апрацоўкі паўправадніковых, метал. і дыэл. матэрыялаў, якія складаюць аснову планарнай тэхналогіі, сінтэз гібрыдных мікрасхем праводзіцца на аснове плёначнай тэхналогіі. М. развіваецца ў кірунку змяншэння памераў элементаў (гл.Мініяцюрызацыя), павышэння ступені інтэграцыі (вызначаецца шчыльнасцю ўпакоўкі) і хуткадзеяння (вызначаецца часам затрымкі сігналу) з абавязковай аптымізацыяй логікі работы мікрасхем, удасканаленнем структуры і ўласцівасцей традыцыйных (германій, крэмній) і новых (арсенід галію і інш.) паўправадніковых і дыэл.-матэрыялаў, тугаплаўкіх металаў. Асн. праблемы М. пры павышэнні ступені інтэграцыі звязаны з фундаментальнымі абмежаваннямі, абумоўленымі прыродай матэрыялаў і фіз. прынцыпамі функцыянавання, а таксама праблемамі ўзроўню ўласных шумоў і адводу цяпла.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-тах фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ, НВА «Інтэграл» (у т. л.вытв-сць вырабаў М.) і інш.
Літ.:
Ефимов И.Е., Козырь И.Я. Основы микроэлектроники. 2 изд. М., 1985;
Валиев К.А. Микроэлектроника: достижения и пути развития. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40°паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш.З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,
навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл.Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.Блумфілда, В.Дарашэўскага, А.Р.Лурыі, Р.В.Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.
Літ.:
Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;
Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,
мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс.н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э.тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі збалт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.
Літ.:
Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;
Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;
Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень зінфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз.чл. Інбелкульта (1922). Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал.ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус.геагр.т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ.З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АНБССР. У Вял.Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы збел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г.Мн., 1927;
Вічынскія паляне. Мн., 1928;
Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.Мн., 1970;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;
Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.А.Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў згаз. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,
самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., зв. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, зв. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы занац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь знар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІЯ,
княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛГедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.
Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял.кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял.кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст.Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял.кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НІЯ (Kenya),
Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУз Самалі, на Пнз Эфіопіяй і Суданам, на Зз Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗз Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак.Пл. 582,6 тыс.км². Нас. 28,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г.Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).
Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца зПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс.км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс.чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц.традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл.Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст.З канца 15 ст.Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб.феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт.Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.
У 1922 створана першая паліт.арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт.арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац.афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр.дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв.дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл.ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.
Асн. партыі: Кенійскі нац.афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.
Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд.дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс.га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс.га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс.т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч. культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс.т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс.т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (звоз. Магады, каля 200 тыс.т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр.з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс.км, у т. л. 8,3 тыс.кмз цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс.км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.
Літ.:
Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;
Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;
Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.
В.А.Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кеніі.Да арт.Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.