МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),

грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.

В.​В.​Карпук.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАГЕНЕТЫ́ЧНЫЯ СМАКТУНЫ́, монагенеі, смактуны-мнагавуснікі (Monogenea, або Monogenoidea),

клас плоскіх чарвей. 2 падкл., каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 5 сям., 50 відаў. Эктапаразіты рыб (на скуры, шчэлепах), некат. — эндапаразіты земнаводных, паўзуноў (напр., чарапах). Кожны від М.с. паразітуе на сваім гаспадары.

Даўж. ад 0,02 да 50 мм. Цела плоскае, падоўжанае. На заднім канцы прымацавальны дыск з кручкамі, двухстворкавымі клапанамі або прысоскамі, падобнымі да рота (адсюль назва — мнагавуснікі). Гермафрадыты Адкладваюць яйцы, некат. жывародныя. Развіццё без змены гаспадароў і змены пакаленняў (адсюль назва — монагенеі).

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,

рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНЯ,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 26 км на ПнЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 1,21 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,4 км. Пл. вадазбору 6,8 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам і хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма шыр. да 250 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно сапрапелістае. Зах. ч. возера зарастае. Выцякаюць ручаі ў воз. Красамай і ў р. Ценіца.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЙСА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Рычанка (цячэ праз возера), за 18 км на З ад г. Браслаў. Пл. 1,6 км², даўж. 2 км, найб. шыр. каля 1,3 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 6 км. Пл. вадазбору 177 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на Пн і Пд зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 350 м, пад лугам. Дно плоскае. Вузкая прыбярэжная зона выслана пяском і ілам, глыбей — сапрапель. Зарастае.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕВА (па мужу Гайдукова) Надзея Міхайлаўна

(18.10.1832, Масква — 6.10.1899),

руская актрыса. Скончыла Маскоўскае тэатр. вучылішча (1849). Выступала ў трупе Малога т-ра. Вучаніца М.Шчэпкіна, садзейнічала сцвярджэнню яго традыцый у мастацтве Малога т-ра. Найб. поўна талент М. выявіўся ў ролях пажылых свецкіх жанчын. Яе творчасць вызначалася яскравасцю тыпізацыі, дакладнасцю распрацоўкі характараў, прастатой і праўдзівасцю. Сярод роляў: Хлёстава («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Турусіна, Гурмыжская, Агудалава («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Лес», «Беспасажніца» А.​Астроўскага) і інш. Мастацтва М. высока цаніў К.​Станіслаўскі.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ГІ (Eleginus),

род рыб сям. трасковых. 2 віды: Н. паўночная (E. navaga) і Н. далёкаўсходняя, або вахня (E. gracilis). Пашыраны ў морах Паўн. Ледавітага ак. (ад Белага м. да Обскай губы) і паўн. ч. Ціхага акіяна. Жыве каля берагоў, заходзіць у вусці рэк.

Даўж. да 50 см, маса да 700 г. Спінных плаўнікоў 3, анальных 2. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Характэрны для Н. ўздутыя папярочныя адросткі пазванкоў (парапофізы). Корміцца планктонам, бентасам, моладдзю рыб. Аб’ект промыслу.

Навагі: 1 — далёкаўсходняя; 2 — паўночная.

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЕ́Т (італьян. nonetto ад лац. nonus дзевяты),

1) ансамбль з 9 музыкантаў-выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў). Інстр. Н. звычайна ўключае стр. квартэт або квінтэт, да якога далучаюцца розныя драўляныя духавыя інструменты.

2) Муз. твор для 9 інструментаў, радзей для пеўчых галасоў (з суправаджэннем ці без яго). Інстр. Н. — шматчасткавы камерны твор (звычайна ў форме санатна-сімф. цыкла). Мяшаны інстр. склад Н. набліжае яго да жанру інстр. серэнады. Вядомы з 19 ст. (у творчасці Л.​Шпора, Ф.​Лахнера, І.​Райнбергера, Ч.​Станфарда і інш.).

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі B, падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя J: H = B / μ0 J . Для ізатропных асяроддзяў H = B / μμ0 . Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКО́З (ад грэч. narkōsis аняменне, здранцвенне),

агульнае абязбольванне, стан глыбокага штучнага сну з абарачальнай стратай свядомасці, болевай адчувальнасці, расслабленнем шкілетных мышцаў, прыгнечаннем некат. рэфлексаў. Выкарыстоўваюць пры хірург. аперацыях, складаных дыягнастычных даследаваннях і інш. Адрозніваюць Н. інгаляцыйны (праз дыхальныя шляхі), неінгаляцыйны (напр., унутрывенны, унутрымышачны) і камбінаваны (2 ці больш шляхоў увядзення наркатычнага рэчыва). Для інгаляцыйнага Н. ўжываюць пары эфіру, цыклапрапану, закіс азоту і інш., для неінгаляцыйнага — часцей вытворныя барбітуравай кіслаты. Робяць таксама электранаркоз (уздзеянне на ц. н. с. токамі спец. падабраных частот).

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)