НАРКО́З (ад грэч. narkōsis аняменне, здранцвенне),

агульнае абязбольванне, стан глыбокага штучнага сну з абарачальнай стратай свядомасці, болевай адчувальнасці, расслабленнем шкілетных мышцаў, прыгнечаннем некат. рэфлексаў. Выкарыстоўваюць пры хірург. аперацыях, складаных дыягнастычных даследаваннях і інш. Адрозніваюць Н. інгаляцыйны (праз дыхальныя шляхі), неінгаляцыйны (напр., унутрывенны, унутрымышачны) і камбінаваны (2 ці больш шляхоў увядзення наркатычнага рэчыва). Для інгаляцыйнага Н. ўжываюць пары эфіру, цыклапрапану, закіс азоту і інш., для неінгаляцыйнага — часцей вытворныя барбітуравай кіслаты. Робяць таксама электранаркоз (уздзеянне на ц. н. с. токамі спец. падабраных частот).

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)