МУ́РАМЦАЎ (Ілья Аляксеевіч) (2.8.1901, с. Кірушкіна Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 8.8.1968),
бел. і расійскі спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1938). Вучыўся ў Ленінградскім муз. тэхнікуме і на оперных курсах (1923—30). У 1933—52 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у 1941—42 у Вял. т-ры ў Маскве). З 1952 саліст Башкірскага т-ра оперы і балета. Валодаў голасам прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі характарнага, у т. л. камедыйнага, плана. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Тараса («Ў пушчах Палесся» А.Багатырова), Анішчука і Данілы («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага). Партыі класічнага рэпертуару на бел. сцэне: Галіцкі, Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Чуб («Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Стары цыган («Алека» С.Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-тваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел.ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.Вагнера, «Музычныя вечары» Б.Брытэна паводле Дж.Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СКІ (Георгій Рыгоравіч) (21.1.1903, г. Гомель — 19.6.1987),
расійскі мастак. Нар.маст. Расіі (1965). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Гомельскай студыі імя М.Урубеля (1919—21), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—30). Зазнаў уплыў А.Дайнекі. У пейзажах імкнуўся перадаць рытм сучаснага жыцця праз яркае каларыстычнае вырашэнне ў спалучэнні з абагульненасцю кампазіцыі. Сярод твораў: «Беларускі пейзаж» (1947), «Верхняя Волга» (1949), «Вясёлка», «Ля берагоў Далёкага Усходу», «Порт Адэса» (цеплаход «Расія»), «Пейзаж з маяком» (усе 1950), «Падмаскоўная зіма» (1951), «Рыбінскае мора» (1953—54), «Парусны спорт. Пестава» (1954), «Падмаскоўе. Люты», «Падмаскоўная ракада» (абодва 1957), «Азёрны край» (1958), «Над снягамі», «Калгас «Загор’е» (абодва 1959—60), «Каля магілы сябра» (1963—64), трыпціха «На Поўначы» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),
расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар.арт. Расіі (1961). Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус.нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.10.1911, Масква —20.2.1997),
расійскі фалькларыст. Д-рфілал.н. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1940). З 1953 працаваў у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом), з 1967 у Ін-це этнаграфіі імя М.М.Міклухі-Маклая АНСССР (Ленінградскае аддзяленне). Даследаваў гісторыю рус. і бел. фалькларыстыкі, рус., бел. і ўкр. казкі, узаемаадносіны казкі з інш. жанрамі і відамі нар. творчасці, узаемаўплыў фальклору і л-ры. Аўтар шматлікіх прац, у т. л. манаграфій «П.В.Шэйн. Кніга пра збіральніка і выдаўца рускага і беларускага фальклору» (1972), «Вобразы ўсходнеславянскай чарадзейнай казкі» (1974), «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979, у сааўт.). Укладальнік зб-каў казак і аўтар уступных артыкулаў, каментарыяў да іх [«Казкі П.П.Гаспадарова», 1941, «Рускія казкі ў ранніх запісах і публікацыях (XVI—XVIII ст.)», 1971].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Міхаіл Пятровіч) (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),
расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НСКІ (Самуіл Уладзіміравіч) (27.9.1902, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна — 2.5.1955),
бел. і расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі муз.-драм.ін-т (1926), кампазіцыі вучыўся ў В.Залатарова. У 1928—41 у Мінску: маст. кіраўнік вак. ансамбля, хормайстар капэлы Бел. філармоніі, Ансамбля песні і танца БВА, кіраўнік самадз.хар. калектываў. У 1942—43 узначальваў Бел.дзярж. ансамбль песні і танца. З 1945 у Маскве. Аўтар песень і хароў, у т. л. песні «Вечарынка ў калгасе» на словы Я.Купалы, аперэты «Зарэчны барок» (разам з М.Івановым; паст. 1940), п’есы для арк.бел.нар. інструментаў «Кірмаш», твораў для духавога арк., інстр. мініяцюр, рамансаў, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень, у т. л.бел., рус., укр., англ., для мяшанага хору, для голасу з фп., баянам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Віктар Сяргеевіч) (н. 10.12.1934, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія),
расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Расіі (1983). Нар.арт.СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958). З 1970 дырэктар Маскоўскага хар. вучылішча (з 1991 Акадэмія хар. мастацтва імя А.В.Свешнікава; з 1992 рэктар, з 1996 маст. кіраўнік). Заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. дзіцячага хору Усерас. тэлерадыёкампаніі (з 1970), мужчынскага хору (з 1989), адначасова кіраўнік хору хлопчыкаў (з 1970) Акадэміі хар. мастацтва. У 1960—75 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных, у 1980—93 у Маскоўскай кансерваторыі (з 1990 праф.). У выкананні хароў пад яго кіраўніцтвам запісаны больш за 2 тыс. твораў на радыё, шэраг тэлепраграм, выпушчаны грампласцінкі, аўдыёкасеты і кампакт-дыскі. Аўтар больш як 200 хар. апрацовак, кн. «Руская народная песня ў дзіцячым хоры» (1985), падручнікаў і хрэстаматый для навуч. устаноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКАЎ (Міхаіл Паўлавіч) (11.11. 1893, Масква — 1.2.1968),
расійскі архітэктар, педагог. Акад.АН Беларусі (1950), праф. (1948). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1918), Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1924). У 1934—41 і з 1948 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Работы ў Мінску: забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны (1945—54, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), адм. будынак на праспекце Скарыны на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага (1945—47), будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, праект планіроўкі і забудовы цэнтра і пл. Кастрычніцкай, жылыя дамы і мост цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны, стадыён «Дынама» (усе 1946—54, у сааўт.). Сярод інш. работ: будынкі электрастанцый у г. Нагінск Маскоўскай вобл. (1926) і Кіеве (1929), праект планіроўкі і забудовы г. Астрахань (Расія; 1930).
Літ.:
Габрусь Т. Галоўны магістральны архітэктар // Мастацтва. 1993. № 12.