міжнародны фестываль духоўнай музыкі. Праводзіцца з 1993 штогод у Магілёве. Засн. па ініцыятыве Бел. каталіцкага т-ва і рымска-каталіцкай парафіі. Назва ад духоўнага гімна М.Равенскага «Магутны Божа» на вершы Н.Арсенневай, які стаў муз. эмблемай фестывалю. Мае на мэце аб’яднанне пры дапамозе музыкі прадстаўнікоў розных хрысц. канфесій, захаванне і развіццё традыцый сусв. і бел. духоўнай музыкі. У фестывалі ўдзельнічаюць прафес. і аматарскія, прыходскія хар. калектывы і вак. ансамблі розных складаў, салісты. Праводзяцца конкурсы вакалістаў, у т. л. на лепшае выкананне гімна «Авэ Марыя», канцэрты хар., вак. і арганнай музыкі і інш. У рэпертуары творы сусв. духоўнай класікі і бел. кампазітараў, у т. л. М.Шчаглова, В.Селяха-Качаноўскага, В.Панфілавай і інш. Сярод лаўрэатаў фестывалю: Дзярж.акад.нар. хор імя Г.І.Цітовіча, магілёўскі мужчынскі камерны хор «Унія», актэт «Чысты голас», камерны хор «Гродзенскай капэлы», Гомельскі дзіцячы хор правасл кафедральнага сабора Пятра і Паўла (Беларусь), Бранскі муніцыпальны акад. хор, Казанскі муніцыпальны мужчынскі хор «Кафедра» (Расія); акад. Галіцкі хор «Еўшан», салісткі Л.Дарэнская, Г.Хасцян (Украіна). Сярод чл. журы В.Роўда, Г.Каржанеўская, Л.Каспорская, В.Скорабагатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.
Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛАЗНА́ЎСТВА,
навука пра састаў, будову і ўласцівасці метал. і неметал. матэрыялаў, пра метады іх атрымання і апрацоўкі. Грунтуецца пераважна на даследаваннях у галіне фізікі, хіміі, фіз. хіміі. Адна з асн.ч. М. — металазнаўства.
Састаў матэрыялаў вывучаюць метадамі гравіметрычнага аналізу, грануламетрычнага (гл.Грануламетрыя), паляраграфічнага (гл.Паляраграфія), спектральнага аналізу, актывацыйнага аналізу, хімічнага і інш.; будову матэрыялаў — з дапамогай электронаграфічнага (гл.Электронаграфія), металаграфічнага (гл.Металаграфія), электронна-мікраскапічнага і рэнтгенаструктурнага аналізу. Уласцівасці матэрыялаў вызначаюць мех. выпрабаваннямі (Брынеля метадам, Вікерса метадам, Роквела метадам), дылатаметрычнымі (гл.Дылатаметрыя), магн., эл. і інш. М. вывучае метады атрымання матэрыялаў — плаўку, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, электроннапрамянёвы і плазменна-дугавы пераплаў і інш.; спосабы апрацоўкі металаў ціскам, зваркі, рэзання металаў і інш. Развіваюцца таксама крыягеннае і касм. М.
На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, Бел.політэхн. акадэміі, інш.ВНУ, галіновых НДІ. Развіццё атрымала М. каляровых і чорных металаў, тэорыя і практыка парашковай металургіі, сінтэзу звышцвёрдых, кампазіцыйных і палімерных матэрыялаў, скарасных і імпульсных метадаў апрацоўкі, паверхневага пластычнага дэфармавання, магнітаабразіўнага паліравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЦЫ́ЗМ,
метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.Галілей, І.Ньютан, П.Лаплас, Т.Гобс, Ж.Ламетры, П.Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот, Я.Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.Оствальд, А.Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.Спіноза, Г.Лейбніц, Д.Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,
адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыі АНБССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм. дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасць навук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж.навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв. галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯЗНА́ЎСТВА,
навука пра насенне, яго будову і развіццё, умовы фарміравання ўраджайных і пасяўных якасцей, пра метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу. Вывучае жыццё насення з моманту апладнення яйцаклеткі на мацярынскай расліне да ўтварэння новай расліны. Батанічнае Н. (карпалогія) даследуе насенне і плады дзікарослых раслін, сельскагаспадарчае Н. (раздзел аграноміі) вывучае насенне культурных раслін і з’яўляецца тэарэт. асновай насенняводства. Цесна звязана з батанікай, генетыкай, біяхіміяй і інш. навукамі, карыстаецца іх метадамі даследаванняў. На Беларусі пачатак развіцця Н. звязаны з працамі І.А.Сцебута. Пытанні Н. распрацоўваюцца ў НДІ Акадэміі агр. навук Беларусі: земляробства і кармоў, пладаводства, агародніцтва, бульбаводства, БСГА, Гродзенскім с.-г. ін-це, абласных і спецыялізаваных с.-г. доследных станцыях і інш. Даследаванні па Н. лясных культур вядуцца ў Бел.тэхнал. ун-це, ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі і інш. Распрацаваны спосабы паскоранага размнажэння перспектыўных сартоў. Удасканалены метады аналізу жыццяздольнасці насення, энергіі яго прарастання, усходжасці, сілы росту і інш. паказчыкаў, спосабы насенняводства для вытв-сці эліты, тэхналогіі ўборкі, пасляўборачнай апрацоўкі і захоўвання насення вышэйшых рэпрадукцый, распрацаваны фізіял., хім. і фіз. спосабы перадпасяўной апрацоўкі насення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),
буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццёт-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.Острчыл, В.Таліх, З.Халабала, Я.Кромбгальц; балетмайстры І.Блажак, І.Енчык, М.Кура, С.Махаў, І.Немечак; рэжысёры І.Гонзль, Я.Квапіл, Ф.Колар, І.Маршалек, Р.Полак, Я.Пруха, Ф.Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.Бенячкава, К.Берман, Б.Блахут, К.Бурыян, Э.Дэсцінава, І.Жыдак, В.Зітак, Н.Кніплава, Л.Марава, М.Махаткава, А.Мікава, І.Міксава, Э.Полерт, Р.Тучак, Б.Фёрстрава-Лаўтэрэрава, Г.Хорватава, салісты балета Н.Гайдашава, М.Дротнерава, І.Петршык, В.Скалава, З.Шэмберава, В.Шылганава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,
інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццёбел.нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.