ПЛАЎТ (Ціт Макцый) (Titus Maecius Plautus; каля 255 да н. э., г. Сарсіна, Італія — каля 184 да н.э.),

рымскі камедыёграф. Прадстаўнік «паліяты» — рым. камедыі, створанай на ўзор грэч. быт. камедыі шляхам запазычання і апрацоўкі яе сюжэтаў і вобразаў, але ўзбагачанай рэаліямі рым. жыцця, новымі драматург. прыёмамі. П. прыпісвалася каля 130 камедый; захавалася 21. Найб. вядомыя: «Амфітрыён», «Аслы», «Скарб», «Палонныя», «Менехмы», «Выхвальны воін», «Прывід», «Тры манеты», «Грубіян» і інш., у якіх дзейнічаюць дасціпныя і хітрыя рабы, сквапныя ліхвяры, двудушныя зводнікі, строгія бацькі і легкадумныя дзеці. Камедыі вылучаюцца займальнасцю сюжэта, дынамізмам дзеяння, муз. партыямі (кантыкамі), што нагадвае сучасны вадэвіль, жыццярадаснасцю, аптымізмам, яскравай, вобразнай, сакавітай мовай, майстэрскім выкарыстаннем метрычных форм. Яны паўплывалі на развіццё еўрап. камедыі (У.​Шэкспір, Мальер).

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—3. М., 1997.

Літ.:

Савельева Л.И. Приемы комизма у Плавта. Казань, 1963;

Ярхо В.Н. У истоков европейской комедии. М., 1979.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)