БУРГАМІ́СТР (ням. Bürgermeister),

1) выбарная асоба, якая ўзначальвала мясц. самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права. У феад. гарадах Беларусі наз. бурмістр.

2) У час Вял. Айч. вайны на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі пад выглядам мясц. самакіравання ў гарадах і раёнах назначалі бургамістра з мясц. жыхароў і з асоб, якія прыбылі разам з акупантамі і супрацоўнічалі з імі.

3) У шэрагу краін Зах. Еўропы (Германія, Бельгія і інш.) — кіраўнік органаў мясц. самакіравання.

А.​М.​Літвін.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ (Таццяна Мікалаеўна) (н. 25.10.1949, Мінск),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1966). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1977 працуе ў ім. Навук. працы па паталогіі бронхалёгачнай сістэмы, праблемах вострых рэспіраторных інфекцый у дзяцей, дыягностыцы, лячэнні і рэабілітацыі спадчынных і хранічных хвароб лёгкіх у іх.

Тв.:

Пневмония с затяжным течением у детей. Мн., 1989 (разам з І.​Н.​Усавым, Т.​Н.​Самаль);

Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на З Украіны, паміж рэкамі Зах. Буг і Корчык (бас. р. Случ). На Пн уступам выш. 30—50 м абрываецца да Палескай нізіны, на Пд абмежавана раўнінай Малога Палесся. Выш. да 341 м (Мізацкі краж). Пераважае ўваліста-лагчынны рэльеф. Рачнымі далінамі Зах. Буга, Стыры, Гарыні і іх прытокаў расчлянёна на асобныя плато. Валынскае ўзвышша разам з Падольскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім. У аснове Валынскага ўзвышша мелавыя і каменнавугальныя адклады Львоўска-Валынскага вугальнага басейна. Лесастэпавыя ландшафты.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛЕ́ ((Varlet) Жан Франсуа) (14.7.1764, Парыж — каля 1832),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІГУ́РСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (н. 2.8.1936, г. Смаленск),

бел. вучоны ў галіне тэорыі надзейнасці. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Уральскі політэхн. Ін-т (1959). З 1962 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па логіка-імавернасных метадах аналізу надзейнасці складаных тэхн. сістэм з многімі станамі элементаў.

Тв.:

Статистическое моделирование на физических моделях схем автоматики. Мн., 1978 (разам з А.​І.​Гурыновічам, М.​Ш.​Фелерам);

Аппаратурно-программные методы анализа надежности структурно-сложных систем. Мн., 1986.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНДРЫ́, Ла Верандры (La Vérendrye) П’ер Гацье дэ Варэн (17.11.1685, Труа-Рыўер, цяпер у межах г. Квебек, Канада — 5.12.1749), франка-канадскі падарожнік, даследчык Канадскага Захаду Паўн. Амерыкі. У пошуках воднага шляху да Ціхага ак. і з мэтай скупкі пушніны на працягу 1731—48 разам з сынамі здзейсніў некалькі падарожжаў, у выніку якіх адкрыў і даследаваў шэраг канадскіх азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс, і рэк іх басейнаў, сярод якіх Саскачэван і сярэдняе цячэнне р. Місуры.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДФЛУШ (Роберт Тэнісавіч) (19.3.1906, в. Мацэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 30.7.1972),

бел. аграхімік. Д-р с.-г. н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. н. Беларусі (1965). Скончыў БСГА (1929). З 1931 у Бел. садова-агародным ін-це, з 1945 у БСГА. Навук. працы па вывучэнні і распрацоўцы спосабаў эфектыўнага выкарыстання ўгнаенняў, лакальнага спосабу ўнясення асн. ўгнаення на дзярнова-падзолістых сугліністых глебах Беларусі.

Тв.:

Краткий справочник по известкованию кислых почв. 2 изд. Мн., 1972 (разам з Г.​І.​Гарбылёвай).

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙКО́ (Андрэй Андрэевіч) (19.4.1914, Мінск — 5.9.1985),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Усесаюзны с.-г. ін-т завочнай адукацыі (Масква, 1947). З 1952 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі, метадах атрымання высакаякаснай ялавічыны, павышэння мясной прадукцыйнасці буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Красный белорусский скот. Мн., 1968 (разам з С.​І.​Тузавым, М.​П.​Грынем);

Мясная продуктивность крупного рогатого скота и качество говядины Мн., 1971.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСКО́НЬ (Gascogne),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)