адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст.н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш.нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потымвізант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус.грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЕДЛЫ ((Nejedly) Здэнак) (10.2.1878, г. Літамішль, Чэхія — 9.3.1962),
чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Чл.Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны чл.-кар.АНСССР (1947), шэрагу інш. замежных АН. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1899), выкладаў у ім (у 1909—39, з 1945 праф.). Ініцыятар заснавання (1925) і старшыня «Т-вакульт. і эканам. збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арг-цыі сав.чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 1939—45 праф. Маскоўскага ун-та і навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АНСССР. У 1945—53 на міністэрскіх пасадах, у 1953 нам. прэм’ер-міністра, потымчл. урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і прэзідэнт (з 1952) Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-сав. дружбы, Славянскага к-та Чэхаславакіі (з 1945). Аўтар манаграфій пра Б.Сметану, З.Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэш. гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэш. і інш.слав. народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўл. і тэатр. мастацтве. У 1920-я г. ў Празе выступаў на літ. вечарах, прысвечаных Я.Купалу, Я.Коласу, Ц.Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, бел.нар. песню. У 1925 сустракаўся ў Празе з Я.Купалам і М.Чаротам, у 1927 прыязджаў у Мінск. Нам. старшыні Усеславянскага к-та (з 1939), працаваў разам з Я.Купалам, Я.Коласам, К.Крапівой, М.Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1951.
Тв.: Рус.пер. — История чешского народа. Т. І. М., 1952; Избр. труды. М., 1960; Статьи об искусстве. Л.; М., 1960.
Літ.: Зденек Неедлы — выдающийся общественный деятель и ученый. М., 1964; Мажэйка А. Здэнек Неедлы пра Беларусь // Беларусь. 1962. №12; Z.Nejedly. Praha, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАСІ́Я (Nikosia),
Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс.ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.
Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст.н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.
Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.Барбара, паводле чарцяжоў Дж.Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).
Літ.:
Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.
Да арт.Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),
піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва«Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.Вітвіцкага і А.Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.Голубеў). Іл.гл. таксама да арт.Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Літ.:
Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;
Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;
Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.
Л.Н.Дробаў.
Н.Орда.Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар.Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад.АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ.«Наша ніва», рэдагаваў час.«Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ.«Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл.Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потымбел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел.дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз.чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел.АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНКБССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел.АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУСССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.
Літ.:
Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.
Я.Я.Янушкевіч.
В.Ю.Ластоўскі.Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),
горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс.ж. (1993). Порт на Паўн.м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.
Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл.Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.
Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.П.Берлаге, В.М.Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.М.Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАГДА,
горад у Расіі, цэнтр Валагодскай вобл. 293 тыс.ж. (1994). Прыстань на р. Волагда. Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (тралёвачныя машыны, станкабудаванне, вытв-сць аптычна-мех. сістэм, падшыпнікаў, электраапаратуры і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўніна дзелавая, дамы з дрэва; вытв-сць фанеры, кардону, мэблі), хім. (каніфоль, фарбы), паліўная (торфапрадукты), лёгкая (вытв-сць ільновалакна; швейная, трыкат., абутковая, футравая), харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя зборныя канструкцыі, цэгла сілікатная і керамічная). Здабыча нафты. 3 ВНУ. 2 т-ры. 5 музеяў. Традыцыйнае пляценне карункаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1147. Засн. наўгародцамі на волаку, які злучыў басейны рэк Сухана і Шэксна. Да канца 14 ст. ўладанне Ноўгарада, потым у Маскоўскім вял. княстве, гандл. і рамесны цэнтр Расіі. У 1565 пачата буд-ва цаглянага крамля (не завершана). У 1612 Волагда моцна разбурана ў час польска-швед. інтэрвенцыі. З 1708 у складзе Архангельскай губ., з 1719 цэнтр правінцыі, з 1780 Валагодскага намесніцтва, з 1796 губерні. У 1820-я г.засн. промысел карункапляцення. У канцы 19 — пач. 20 ст. праз Волагду пракладзена чыгунка, якая злучыла горад з Масквой, Архангельскам, Пецярбургам і Вяткай. З 1937 цэнтр Валагодскай вобл. У царскія і сав. часы месца паліт. ссылкі.
На тэр. старога цэнтра Волагды — Архірэйскага двара, абкружанага мураванымі сценамі і вежамі (1671—75), размешчаны Сафійскі сабор (1568—70, размалёўкі 1686—88), 8-гранная званіца (1654—59, перабуд. ў 19 ст.), 2-павярховыя палаты Казённага прыказа (1659), 3-павярховыя палаты Іосіфа Залатога (1764—69), Васкрасенскі сабор (1772—76; цяпер карцінная галерэя). Шматлікія цэрквы ў стылі «ўзорачнай» (Канстанціна-Яленінская царква, каля 1690) і «нарышкінскай» (царква Стрэчання на набярэжнай, 1731—35, і інш.) архітэктуры. На ўскраіне горада Спаса-Прылуцкі манастыр (16—17 ст.). З 1781 Волагда забудоўвалася паводле рэгулярнага плана невял. асабнякамі (пераважна ў стылі класіцызму) і драўлянымі дамамі, багата ўпрыгожанымі разьбой.
Літ.:
Вздорнов Г.И. Вологда. 2 изд. Л., 1978;
Сокровища земли вологодской: Фотоальбом. М., 1986.
Да арт.Волагда. Жылы дом. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Волагда. Сафійскі сабор са званіцай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст.Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл.Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ.калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл.Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл.Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл.Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.