помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1818 (арх. І.Дзячкоў з удзелам арх. Дж.Кларка). Быў гал. будынкам комплексу пач. школы (арганізавана па ініцыятыве графа М.П.Румянцава), дзе выкладанне вялося па сістэме ўзаемнага навучання, распрацаванай англ. педагогам Дж.Ланкастэрам. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Сярэдняя частка гал. фасада вылучана 8-калонным порцікам іанічнага ордэра, завершаным трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі гал. фасада мелі невял. рызаліты, сцены якіх на 1-м паверсе былі руставаныя.
В.Ф.Марозаў.
Гомельскай ланкастэрскай школы будынак. З чарцяжа 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ «ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДО́МІК»,
помнік архітэктуры стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820. Будаваўся як зімовая рэзідэнцыя Румянцавых. Кампактны прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым 4-схільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асн. аб’ёму па баках прыбудаваны невял. мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры гал. фасада 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Арх. акцэнт кампазіцыі — мансарда з вял. паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасада выкарыстаны рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры захаваліся 3 кафляныя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНД-КА́НЬЁН (Grand Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац.помнік. Пл. 493 тыс.га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар.Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЙ МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.
А.Ю.Пятросава.
Гродзенскай медыцынскай школы будынак. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў Гродне ў пач. 20 ст. Мураваная 12-калонная 3-нефавая базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невял. шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалаў на 8-гранных барабанах. Гал. фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохвугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец мае мазаічную падлогу. Плоская столь асн. аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЯ́ЕЎ (Дзмітрый Цімафеевіч) (5.11.1915, с. Іванаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 5.9.1943),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Чаркаскі дарожна-буд. тэхнікум (1934), вучыўся ў Маскоўскім ваенна-паліт. вучылішчы. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 у партызанах: да крас. 1942 камісар, потым камандзір атрада, з чэрв. 1943 камандзір 101-й партыз. брыгады імя Аляксандра Неўскага, якая дзейнічала на тэр. Старобінскага р-на Мінскай вобл. Загінуў у баі. На месцы гібелі ў в. Калініна Слуцкага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУР-ЭМІ́Р, Гуры-Эмір,
маўзалей у Самаркандзе, магільны склеп Цімура і Цімурыдаў. Выдатны помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пабудаваны ў 1403—04 паводле загаду Цімура на тэр.арх. комплексу Мухамед-Султана (канец 14 ст., захаваўся часткова).
Васьмігранны аб’ём маўзалея ўвянчаны велічным сфераканічным рабрыстым купалам на высокім барабане. Абліцоўка будынка паліхромная. Уваход са двара аформлены порцікам з керамічнымі мазаікамі. У 1420-я г. да маўзалея дабудаваны скляпеніста-купальныя памяшканні. У інтэр’еры панэль з оніксу, паліхромная размалёўка, надмагіллі з мармуру і чорна-зялёнага нефрыту. Рэстаўрыраваны ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял.Айч. вайну).
Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Кампазіцыя будынка складаецца з асн. квадратнага ў плане аб’ёму, прамавугольнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінца.
Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам з купалам на драўляным светлавым 8-гранным барабане ў цэнтры і 4 галоўкамі па вуглах. У інтэр’еры 4 слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купала на ветразях. Хоры над уваходам адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.