вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,
прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).
Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.І.Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв. руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн.рус. вучоным І.А.Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. ПаводлеКЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬ,
вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).
Паводлеархеал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст.Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.Н.Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял.Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв. Арміі (гл.Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.
Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАТО́ЎСКІ ((Grotowski) Ежы) (н. 11.8.1933, г. Жэшаў, Польшча),
польскі рэжысёр, тэарэтык тэатр. мастацтва. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве і Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве. Дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр эксперым. Тэатра-лабараторыі (з 1959 у г. Аполе, у 1962—84 у Вроцлаве). Насуперак агульнапрынятаму «тэатру дэкарацый» стварыў т.зв. «бедны тэатр», спектаклі якога характарызаваліся спецыфічным спалучэннем гуку і руху, цеснай узаемасувяззю паміж акцёрам і гледачом; з гэтымі мэтамі распрацаваў новы, поўны экспрэсіі метад акцёрскай ігры. Вядомасць набыў пастаноўкамі пераважна класічных твораў, якія выкарыстоўваў у якасці сюжэтнай асновы для ўласных сцэнарыяў. Найб. значныя працы: «Дзяды» А.Міцкевіча (1961), «Кардыян» Ю.Славацкага (1962), «Акропаліс» С.Выспянскага (1962), «Трагічная гісторыя доктара Фауста» паводле К.Марла (1963), «Стойкі прынц» Кальдэрона—Славацкага (1965), «Apokalypsis cum figuris» (1968). З 1973 арганізоўваў у Польшчы і за мяжой т.зв. паратэатральныя лабараторыі стажыроўкі акцёраў паводле мастацка-даследчай праграмы Special Projekt. Аўтар кнігі «У напрамку да беднага тэатра» (1970). Дзярж. прэмія Польшчы 1972.
Літ.:
Osiński Z. Grotowski i jego Laboratorium. Warszawa, 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРБЕ́НТ,
горад, райцэнтр у Дагестане Рас. Федэрацыі. 82 тыс.ж. (1992). Порт на Каспійскім м., чыг. станцыя на лініі Махачкала—Баку. Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. абсталяванне, шліфавальныя станкі), харч. (кансервы, віно, каньяк), лёгкая (воўнапрадзенне, дываны), буд. матэрыялаў.
Пасяленні на тэр. Д. ўзніклі ў 8—6 ст. да н.э. Верагодна, уваходзіў у склад Албаніі Каўказскай, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Сасанідаў. У 6 ст. Д. — адзін з найважнейшых ваен.-стратэгічных пунктаў на Каўказе. У канцы 6 — пач. 7 ст. прадмет спрэчак паміж Арабскім халіфатам і Хазарскім каганатам, неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. У 8—13 ст. буйны гандл. цэнтр і порт на Каспіі. У 10 ст. ў горадзе правіла дынастыя Хашымідаў. У 1239 заваяваны мангола-татарамі, прыйшоў у заняпад. У 16 — пач. 18 ст. ўваходзіў у склад Персіі (у 1578—1606 захоплены туркамі). У 1722 заняты рус. войскамі. ПаводлеГянджынскага трактата 1735 вернуты Персіі. З 1747 сталіца Дэрбенцкага ханства. У 1806 паводлеГюлістанскага мірнага дагавора 1813 далучаны да Рас. імперыі. З 1840 павятовы, у 1846—60 губернскі горад. да 1866 цэнтр Дагестанскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Ігар Уладзіміравіч) (24.7.1901, Масква — 13.1.1987),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў тэатр. студыі Ф.Камісаржэўскага ў Маскве (1917). З 1918 у маскоўскіх т-рах. У 1920—35 у т-ры імя У.Меерхольда: ролі Прысыпкіна («Клоп» У.Маякоўскага), Аркашкі Шчасліўцава («Лес» А.Астроўскага), Расплюева («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1938 у Малым т-ры. Сярод роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Загарэцкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Юсаў («Даходнае месца» Астроўскага), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Акім («Улада цемры» Л.Талстога) і інш. У кіно з 1924. Зняўся ў фільмах «Аэліта» (1924), «Волга-Волга» (1938), «Карнавальная ноч» (1956), «Гусарская балада» (1962) і інш. Мастацтва І. вызначалася псіхал. глыбінёй у спалучэнні з гратэскавымі, эксцэнтрычнымі прыёмамі, майстэрскім валоданнем пантамімай, мімікай. Паставіў спектаклі «Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя (1958), «Любоў Яравая» К.Транёва (1960, абодва з В.Цыганковым), «Рэвізор» (1965). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГЕН ((Cohen) Герман) (4.7.1842, г. Косвіг, Германія — 4.4.1918),
нямецкі філосаф, заснавальнік і кіраўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. у Марбургу (1876—1912) і Берліне (з 1912). Адмаўляў кантаўскае разуменне «рэчы ў сабе» ў якасці рэальнага вытоку пачуццяў пазнаючага суб’екта, а лічыў яе мэтанакіраванай ідэяй мыслення і канчатковым паняццем чалавечага вопыту. Мысленне, на яго думку, акрэслівае і форму, і змест пазнання. Пабудаваў уласную сістэму філасофіі, у якую ўвайшлі логіка, этыка, эстэтыка і філасофія рэлігіі. Філасофія, паводле К., падымаецца да ўзроўню навукі, калі аб’ектамі філас. пазнання становяцца не рэчы і працэсы аб’ектыўнай рэальнасці, а факты навукі. Лічыў, што навук., у т. л.філас., мысленне мае творчы характар у сэнсе неабмежаванасці зместу лагічных канструкцый. Як І.Кант прызнаваў прымат этыкі адносна навук. ведаў, але трактаваў яе як логіку волі. Паводле К., фундамент культуры складаюць тэарэт. пазнанні, а таксама права і прававая дзяржава ў ліберальным разуменні. Сац.-паліт. погляды К. звязаны з распрацоўкай тэорыі «этычнага сацыялізму». Асн. працы: «Тэорыя вопыту Канта» (1871), «Сістэма філасофіі» (т. 1—3, 1902—12).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,
пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл.Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.
Цеплавыя К.с. — полымя, эл.лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл.Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮІ́ (Цэзар Антонавіч) (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),
рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл.праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл.«Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т. л. «Вільям Раткліф» паводле Г.Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т. л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.
Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.