ФРЫД (Fried) Альфрэд Герман (11.11.1864, Вена — 5.5.1921),

аўстрыйскі публіцыст і дзеяч пацыфісцкага руху. З 1891 выдаваў у Берліне пацыфісцкі час. «Die Waffen nieder» («Прэч зброю»). У 1892 адзін з заснавальнікаў Герм. т-ва міру (у 1903 выйшаў з яго з-за разыходжанняў у пытаннях тактыкі захавання міру). З 1894 рэдактар і выдавец час. «Die Friendenswarte» («Варта міру»). Выступаў з пазіцый фундаментальнага пацыфізму, супраць усялякай вайны. З пач. 1-й сусв. вайны эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе выдаў шэраг антываен. памфлетаў. Нобелеўская прэмія міру 1911 (з Т.Асерам).

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЙДА́Р АЛІ́ (1722—7.12.1782),

правіцель паўд.-інд. дзяржавы Майсур. Быў камандзірам ваен. атрада на службе раджы Майсура, у 1758—60 адхіліў раджу ад рэальнай улады і стаў фактычным правіцелем дзяржавы. Рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю. У войнах 1761—64 значна павялічыў тэр. Майсура і зрабіў яго адной з наймацнейшых дзяржаў Індыі. У 1767—69 вёў вайну з англ. Ост-Індскай кампаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). У 1770-я г. ваяваў з Маратхскімі княствамі і Хайдарабадам за гегемонію ў Паўд. Індыі. Памёр у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84.

т. 16, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЭ́Й (грэч. choreios ад choreia танец),

1) у антычнай паэзіі трохдольная стапа з 2 складоў — доўгага і кароткага (-◡).

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 2-складовая стапа з рытмічным націскам на 1-м складзе:

Снег, завея; вецер вее, Круціць, дзьме.
Віхар гонкі, гучны, звонкі
У белай цьме.
(У.​Жылка. «Зімовае»)

Ва ўсходнеслав. паэзіі самы пашыраны від стапы (пасля ямба). Шырока выкарыстоўваецца ў вусн. нар. творчасці.

У бел. пісьмовай паэзіі з’явіўся з зараджэннем і развіццём сілаба-тонікі. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. паэзіі.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́СЕЛЬ (Hassel) Од (17.5.1897, Осла — 11.5.1981),

нарвежскі фізікахімік; адзін з заснавальнікаў канфармацыйнага аналізу. Чл. Нарвежскай АН. Скончыў ун-т у Осла (1920). З 1922 у Мюнхенскім ун-це, з 1923 у Ін-це фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне, у 1925—64 ва ун-це ў Осла (з 1934 праф.). Навук. працы па стэрэахіміі арган. злучэнняў. Упершыню метадам рэнтгенаграфіі і электронаграфіі даследаваў цыклагексан і яго вытворныя і вызначыў, што яны пераважна маюць канфармацыю крэсла. Прапанаваў наменклатуру і сістэму абазначэнняў замяшчальнікаў у розных становішчах цыкла. Нобелеўская прэмія 1969 (з Д.Бартанам).

О.Хасель.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАШКЕ́ВІЧ Сяргей Рыгоравіч (23.4.1910, с. Чкалаўскае Спаскага р-на Прыморскага краю, Расія — 27.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Камандзір роты ст. лейтэнант Ц. вызначыўся 27.6.1944 у баях каля в. Галоўчын Бялыніцкага р-на: рота на чале з ім 26 чэрв. фарсіравала рэкі Бася і Дняпро, захапіла плацдарм, у крытычны момант бою Ц. са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк. У с. Чкалаўскае ўстаноўлены бюст Ц.

С.Р.Церашкевіч.

т. 17, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІШКО́ЎСКІ Уладзімір Рыгоравіч (н. 22.6.1933, г. Магілёў),

бел. вучоны ў галіне эндакрыналогіі, кардыялогіі і рэўматалогіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Бел. мед. ін-т (1963), дзе працаваў у 1963—65. З 1968 у Гродзенскім мед. ун-це (з 1993 заг. кафедры). Асн. навук. працы па праблемах эндакрыналогіі.

Тв.:

Кислородная емкость крови у больных сахарным диабетом (у сааўт.) // Междунар. научн. конференция: Сб. материалов. Гродно, 1998. Ч. 1;

Биомеханические и технологические особенности ортопедической коррекции при «диабетической стопе» (у сааўт.) // 111 Sympozjum inżynieria ortopedyczna i protetyczna. Białystok, 2001.

т. 17, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́ПКІН Барыс Навумавіч (12.9.1896, Мінск — 3.3.1961),

бел. артапед-траўматолаг. Д-р мед. н. (1936), праф. (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1930 у Бел. ін-це фізіятрыі, артапедыі і неўралогіі. З 1941 у эвакашпіталях г. Уфа. З 1945 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (нам. дырэктара), адначасова (1950—54) у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні хвароб і пашкоджанняў касцей, касцявых пухлін.

Тв.:

Вучэнне аб скрыўленнях хрыбетніка (скаліёзы, кіфозы, лардозы). Мн., 1932;

Клиника, диагностика и лечение костных опухолей. Мн., 1961 (у сааўт.).

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖУ ЮАНЬЧЖА́Н (храмавае імя Тайцзу; 1328—98),

кітайскі імператар [1368—98], заснавальнік дынастыі Мін. З сям’і арандатара. У юнацтве быў будыйскім манахам. У 1352 у ходзе «Чырвоных войск паўстання» ўступіў у атрад паўстанцаў супраць манг. дынастыі Юань, з 1356 узначаліў увесь рух. Аб’яднаў пад сваёй уладай большасць зямель Кітая. У 1368 абвясціў сябе імператарам новай дынастыі (Мін), яго войскі занялі г. Даду (Пекін) і зверглі дынастыю Юань. Садзейнічаў аднаўленню эканомікі, найперш сельскай гаспадаркі, увёў фіксаваны зямельны падатак, аднавіў і пашырыў ірыгацыйную сетку, змагаўся са злоўжываннямі чыноўнікаў.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́МПІ (італьян. ciompi),

часальшчыкі воўны і інш. наёмныя рабочыя сукнаробчых мануфактур Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў Італіі 14 ст. Яны складалі каля 25% насельніцтва Фларэнцыі. Працавалі па 14—16 гадз у сут за мізэрную плату. Уладальнік мануфактуры мог звольніць іх без папярэджання. Ч. не былі членамі цэха і не мелі ніякіх паліт. правоў. У чэрв. 1378 у Фларэнцыі Ч. ўзнялі паўстанне, патрабуючы стварэння свайго цэха, увядзення сваіх прадстаўнікоў у гар. ўрад (сіньярыю), павышэння зарплаты, адтэрміноўкі даўгоў і інш. У канцы жн. 1378 паўстанне было задушана, яго кіраўнікі пакараны смерцю.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА.

У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 18 км на ПдУ ад г. Міёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,7 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 860 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 4,9 км. Пл. вадазбору 23,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя. Дно плоскае, у зах. частцы тарфяністае, ва ўсх. пясчана-камяністае, у цэнтры сапрапелістае. Слаба зарастае. Упадае пратока з воз. Ельня, выцякае р. Яльнянка.

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)