помнік архітэктуры барока і ракако ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 17—2-й пал. 18 ст. з цэглы на б. Рыначнай пл. Пашкоджаны пажарам у 1790, адноўлены ў 1793. Комплекс быў абнесены магутнай мураванай сцяной з барочнай уязной брамай (не захавалася).
Кляштар засн. К.Юдзіцкай-Салятыцкай, А.Юдзіцкім, пры ўдзеле братоў З. і К. Працлаўскіх. З 1696 пры кляштары існавала брацтва св. Міхаіла. У 1830 сюды пераведзены бернардзінкі з Брэста. Пасля 1905 кляштар перададзены манашкам ордэна Бязгрэшнага Зачацця Дзевы Марыі (непакалянкам).
Касцёл пабудаваны ў 1664—70 ці 1670—96 на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1656. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з паўкруглай апсідай з рознавял. сакрысціямі і 3-яруснай чацверыковай вежай-званіцай пры ўваходзе. Верхні ярус вежы-званіцы дэкарыраваны здвоенымі лапаткамі, арачнымі нішамі, завершаны 4-схільным пакатым дахам. Сцены будынка расчлянёны масіўнымі слупамі-пілястрамі, капітэлі якіх дэкарыраваны стылізаваным расл. арнаментам. Інтэр’ер у 1751—64 упрыгожаны гал. 2-ярусным і 4 бакавымі алтарамі, амбонам, спавядальняй у стылі ракако (стукавыя арнаменты і скульптура выкананы майстрам І.Гедэлем паводле малюнкаў І.К.Глаўбіца); вылучалася барочная печ сакрысціі, абліцаваная зялёнай кафляй (17 ст., у 1970 знішчана). У 1764 да касцёла прыбудаваны 2-павярховы будынак жылога корпуса з замкнёным прамавугольным дваром (арх. І.Авадовіч). Фасады корпуса рытмічна расчлянёны пілястрамі, дэкарыраваны прафіляваным карнізам і поясам. Паўд.-зах. вугал будынка вылучаны рызалітам, умацаваным магутнымі контрфорсамі.
А.М.Кулагін, А.А.Ярашэвіч.
Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Выгляд касцёла з боку апсіды.Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Галоўны алтар касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».
Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял.Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ЛЬМАХ Міхаіл Апанасавіч (24.5.1912, с. Дзякаўцы Вінніцкай вобл., Украіна — 27.9.1983),
украінскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1972). Акад.АН Украіны (1978). Скончыў Вінніцкі пед.ін-т (1933). Працаваў настаўнікам, у Ін-це мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1936. Зб-кі вершаў «Добрая раніца» (1941), «За ясныя досвіткі», «Правесень» (абодва 1942), «Украіне вольнай жыць!» (1944), «Шляхі світання» (1948), «Жыта моцы набіраецца» (1954), зб. навел «Бярозавы сок» (1944). У трылогіі (раманы «Вялікая радня», 1949—51, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Кроў людская — не вадзіца», 1957, экранізаваны ў 1960; «Хлеб і соль», 1959, Ленінская прэмія 1961, экранізаваны ў 1971) адлюстраваны гал. этапы жыцця ўкр. вёскі ў 20 ст. Аўтар раманаў «Дума пра цябе» (1962), «Чатыры броды» (1979, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1980). Проза С. вызначаецца псіхалагізмам, выразнасцю мовы, багаццем фалькл. і этнаграфічных дэталей. Аўтар п’ес «Залатая мяцеліца» (1955), «Праўда і крыўда» (паст. ў 1965 Бел. т-рам імя Я.Коласа), «На Івана Купалу» (1966), «Зачараваны вятрак» (1967), «Кум каралю» (1968), «Дума пра любоў» (1971); кн. для дзяцей «Каласок да каласка» (1951), «Заечая капуста» (1954), «Гусак-фізкультурнік» (1962). На ўкр. мову пераклаў некат. вершы Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Пестрака, М.Танка. На бел. мову творы С. перакладалі А.Васілевіч, В.Вітка, С.Грахоўскі, Х.Жычка, В.Зуёнак, М.Маляўка, Р.Няхай, П.Сушко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЬФІ́ДЫ (ад лац. sulphur, sulfur cepa),
хімічныя злучэнні серы з больш электрададатнымі элементамі, пераважна металамі; адносяцца да металідаў. Бінарныя С. агульнай ф-лы M2Sn (М — метал, n — валентнасць металу) могуць разглядацца як солі серавадароднай к-ты H2S (гл.Серавадарод). С. пашыраны ў прыродзе; С. прыродныя — адзін з класаў мінералаў, найб. шырока выкарыстоўваюць — пірыт, сфалерыт, малібдэніт, кінавар.
С. падзяляюць на 3 асн. групы. С. шчолачных, шчолачназямельных металаў і магнію — солепадобныя, бясколерныя гіграскапічныя рэчывы. Маюць высокія т-ры плаўлення (напр., С. кальцыю CaS t 2525 °C). Многія раствараюцца ў вадзе з раскладаннем (гідралізуюцца). У паветры акісляюцца да сульфатаў. С. пераходных металаў — крышт. тугаплаўкія рэчывы (напр., С. лантану LaS tпл 2190 °C, цэрыю CeS tпл 2450 °C). Не раствараюцца ў вадзе, хімічна ўстойлівыя. С. p-элементаў і блізкія да іх С. цынку ZnS, кадмію CdS, ртуці HgS — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры пры награванні. Шэраг элементаў утварае полісульфіды, у якіх атамы серы злучаныя паміж сабой. Асабліва схільныя да ўтварэння полісульфідаў калій, натрый, амоній і шчолачназямельныя элементы. Пры награванні яны лёгка раскладаюцца на простыя С. і серу. Атрымліваюць С. ўзаемадзеяннем простых рэчываў у вакууме ці інертнай атмасферы, H2S з металамі, іх аксідамі і гідраксідамі, аднаўленнем сульфатаў. Прыродныя С. выкарыстоўваюць для атрымання металаў, сернай к-ты і сульфатаў (пірыт), сінт. — у гарбарнай прам-сці для дублення скуры (С. барыю BaS, натрыю Na2S), як люмінафоры і паўправадніковыя матэрыялы (напр., ZnS, CdS), ZnS як кампанент літапону, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі (полісульфіды кальцыю і барыю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЁПІН Вячаслаў Сямёнавіч (н. 19.8.1934, г.п. Наўля Бранскай вобл., Расія),
бел. і рас. філосаф і культуролаг. Акад.Рас.АН (1994, чл.-кар.АНСССР з 1987). Д-рфілас.н. (1975), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Бел.політэхн. ін-це. З 1974 у БДУ (у 1981—87 заг. кафедры). З 1987 дырэктар Ін-та прыродазнаўства і тэхнікі АНСССР, з 1988 — Ін-та філасофіі Рас.АН. Навук. працы па праблемах метадалогіі навукі і тэорыі пазнання. Даследуе функцыі светапоглядных універсалій культуры і іх ролю ў трансляцыі гіст. вопыту, суадносіны універсалій культуры і філас. катэгорый. Апісаў раней не вывучаную аперацыю пабудовы тэорыі, што дазволіла вырашыць праблему фарміравання парадыгмальных узораў рашэння задач у складзе тэорыі. Раскрыў структуру асноў навукі (навук. карціна свету, ідэалы і нормы даследавання, філас. асновы) і выявіў іх узаемасувязь з тэорыямі і вопытам, іх функцыі ў навук. пошуку.
Распрацаваў канцэпцыі структуры і генезісу навук. тэорыі, тыпаў цывілізацыйнага развіцця і навук. рацыянальнасці, прааналізаваў механізмы ўздзеяння сацыякультурных фактараў на фарміраванне стратэгіі навук. даследавання.
Тв.:
Современный позитивизм и частные науки. Мн., 1963;
Методы научного познания. Мн., 1974 (разам з А.М.Елсуковым);
Становление научной теории. Мн., 1976;
Природа научного познания. Мн., 1979 (у сааўт.);
Введение в философию. Ч. 1—2. М., 1989 (у сааўт.);
Научная картина мира в культуре техногенной цивилизации. М., 1994 (разам з Л.Ф.Кузняцовай);
Эпоха перемен и сценарии будущего: Избр. социал.-филос. публицистика. М., 1996;
Философия, наука, цивилизация. М., 1999 (у сааўт.);
Теоретическое знание: Структура, ист. эволюция. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРО́НТА (Toronto),
горад на У Канады. Адм. цэнтр прав. Антарыо. Засн. ў 1749 як франц.гандл. пост. 4,7 млн.ж. разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на воз. Антарыо. Міжнар. аэрапорт. Важнейшы гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр Канады; выпускаецца каля 25% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металаапр., эл.-тэхн., радыёэлектронная, паліграф., хім., гумавая, фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, швейная. Метрапалітэн. Ун-ты. Каралеўскі музей Антарыо. Маст. галерэя. Арх. помнікі 19 ст. Паблізу АЭС.
Беларусы ў Таронта. На працягу 20 ст., асабліва пасля 2-й сусв. вайны, у Т. склаўся адзін з гал. асяродкаў бел. дыяспары ў Канадзе. Да 1940-х г. сярод выхадцаў з Беларусі тут не было трывалага нац.-культ. і рэліг. жыцця, яно актывізавалася пасля заснавання Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК; 1948) і Беларускага нацыянальнага аб ’яднання ў Канадзе (1952). Тут выдаваліся газ.«Беларускі эмігрант» (1948—54) і час.«Баявая ўскалось» (1954—81), з 1952 выходзіць газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел.правасл. прыходы св. Ефрасінні Полацкай (1951—52) і св. Кірылы Тураўскага (1954—55), у 1959 утвораны Беларускі рэліг.-грамадскі цэнтр. У 1965 пры ЗБК створана Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. Грамадскую і культ.-асв. працу таксама праводзяць Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады з 1966), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Т., Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня» (абодва з 1967). У 1970—83 у Т. знаходзілася Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У горадзе прайшоў шэраг сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі. Дзейнічае бел.правасл. царква імя св. Ефрасінні Полацкай. Гл. таксама раздзел пра беларусаў у арт.Канада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКА́НКАў арганізме,
сістэма клетак, падобных па паходжанні, будове і функцыях, а таксама міжклетачных рэчываў і структур — прадуктаў іх жыццядзейнасці. Спрыяе трофіцы і каардынацыі функцыян. элементаў. У адпаведнасці з асн. саматычнымі функцыямі арганізма адрозніваюць 4 тыпы Т.: эпітэлій, злучальная тканка, мышачная Т. (мышцы), нервовая тканка. Развіццё (гістагенез) кожнага тыпу — вынік дыферэнцыроўкі — станаўлення рыс спецыялізацыі ў клетак-папярэдніц, дэтэрмінаваных у эмбрыягенезе для развіцця пэўнай Т. Звычайна адна Т. ці некат. яе спецыялізаваныя клеткі ажыццяўляюць спецыфічныя для кожнага арганізма функцыі. Комплексы клетак Т., што працуюць сумесна, утвараюць у органах шматлікія структурна-функцыян. адзінкі (напр., нефрон). Будова Т. аднаго тыпу (асабліва найб. высокаспецыялізаванай нервовай) можа значна адрознівацца ў розных ч. арганізма, а таксама ў арганізмаў рознага сістэм. становішча. У ніжэйшых мнагаклетачных функцыі Т. не так строга вызначаюцца, як у вышэйшых. Эвалюцыя арганізмаў прывяла да спецыялізацыі клетак і ўзаемаабумоўленасці іх функцыянавання ў шматтканкавай сістэме. У эксперыменце можна забяспечыць жыццё і размнажэнне Т. па-за арганізмам (гл.Культура тканкі). У жывёл Т. вывучае гісталогія.
Т. раслін — сістэма клетак структурна і функцыянальна ўзаемазвязаных адна з адной і звычайна падобных па паходжанні. Простая Т. складаецца з аднаго тыпу клетак (напр., каленхіма, складаная — з розных (напр., эпідэрма). Здольнасць да працяглага росту (адна з асаблівасцей раслін) вызначаецца ўтваральнымі Т. — мерыстэмамі, якія даюць пачатак пастаянным Т. Адрозніваюць 3 сістэмы пастаянных Т.: покрыўную (напр., эпідэрма, перыдэрма, корка), праводную (напр., луб, ксілема), асноўную (напр., хларэнхіма, каленхіма, склеранхіма), а таксама выдзяляльныя структуры, групы клетак або адзінкавыя клеткі (ідыёбласты), што ўключаюцца ў інш. Т., сістэму праветрывання (сукупнасць міжклетнікаў, вусцейкаў і сачавічкаў). У раслін Т. вывучае анатомія раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб труб і трубных загатовак метадам ліцця.
Т.в. ажыццяўляецца пераважна цэнтрабежным і паўбесперапынным ліццём, трубных загатовак — ліццём у разавых формах. цэнтрабежным. бесперапынным у гарыз.верт. крышталізатарах, намарожваннем і інш. Пры цэнтрабежным ліцці труб вадкі метал крышталізуецца ў вярчальнай вакол гарыз. восі метал. форме. Ад дзеяння цэнтрабежных сіл утвараецца шчыльная дробназярністая структура металу і трубы маюць павышаныя мех. якасці. Для паўбесперапыннага ліцця чыгунных напорных труб ужываюцца спец. ўстаноўкі, асн. вузлы якіх — літніковая сістэма, крышталізатар, рухомы стол. Вадкі метал з літніковай сістэмы паступае ў кальцавую прастору паміж вонкавым і ўнутр. крышталізатарам. Пасля запаўнення раструбнай часткі, калі меніск дасягае пэўнага стану. зацвярдзелую трубу разам з рухомым сталом перамяшчаюць уніз; пры дасягненні зададзенай даўжыні яе вымаюць з крышталізатара. Такі спосаб эканамічны. не патрабуе складанага абсталявання. мае высокую прадукцыйнасць. дазваляе вырабляць трубы практычна ўсякай даўжыні і дыяметра з нязначнымі адхіленнямі таўшчыні сценак і ўнутр. дыяметра. лепшай гідрашчыльнасці і інш. Устаноўка простая па канструкцыі і ў абслугоўванні. патрабуе нязначных капіталаўкладанняў. на адной машыне можна вырабляць 5—6 труб розных дыяметраў. Яе недахопам з’яўляецца абмежаваная (7—30 мм) таўшчыня сценак труб.
Першыя чыгунныя трубы на Беларусі адліты ў 1932 на Магілёўскім металургічным заводзе. У 1952 упершыню ў СССР тут асвоена прамысл. ўстаноўка па вырабе чыгунных напорных труб паўбесперапынным спосабам. На 2002 на з-дзе працуе 8 машын паўбесперапыннага ліцця, якія адліваюць чыгунныя трубы даўж. 5,5 м і дыяметрам 100, 150, 200, 250, 300, 400 мм. Разнавіднасць Т.в. — адліўка злучальных частак трубаправодаў (муфты, трайнікі, вугольнікі і інш.) робіцца на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. Гл. таксама Ліцейная вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУС Анатоль Міхайлавіч (30.5.1910, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.9.1989),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), студыю БДТ-2 (1931). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа (да 1986). У сваёй творчасці працягваў і развіваў лепшыя традыцыі нац. сцэны. Адметны мастакоўскі тэмперамент спалучаў у сцэн. партрэтах сваіх герояў з псіхал. заглыбленасцю, выразным пластычным малюнкам, унутр. засяроджанасцю. Шырокі творчы дыяпазон, мастацтва пераўвасаблення давалі яму магчымасць выявіць сваю індывідуальнасць у разнапланавых ролях (лірычных і сац. герояў, драм., камед., вострахарактарных) у творах розных жанраў. Яркія прыклады рэаліст. і па-мастацку вобразнага раскрыцця змястоўных характараў і тыпаў пададзены ім у класічным і сучасным, у т. л.бел., рэпертуары: Старац («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Мацей («Несцерка» В.Вольскага), Бондараў («Проба агнём» К.Крапівы), Полаз, Шыковіч («Крыніцы», «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Крандзялёў («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Макаранка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.Чэхава), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.Гогаля), Захар Бардзін, Басаў, Шышкін («Ворагі», «Дачнікі», «Мяшчане» М.Горкага), Пераяркаў, Пётр («Багна», «Лес» А.Астроўскага). Сярод інш. значных роляў: Макар («Востраў Алены» Я.Шабана), Гоша («Цудоўны сплаў» У.Кіршона), Месны («Фронт» А.Карнейчука), Карп Карпавіч («Не называючы прозвішчаў» В.Мінко), Яўмен Дыбенка («Праўда і крыўда» паводле М.Стэльмаха), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Эрнст фон Мюлер («Гарачае лета ў Берліне» паводле Дз.К’юсак).
Літ.:
Гутковіч А. Акцёр сцэнічнага натхнення (А.М.Трус) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУГА́НАВІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18—19 ст. за 1 км ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Створана на левым беразе р. Сэрвач, у б. маёнтку кн. Тугана. Належала панам Верашчакам. У параднай ч. парку былі размешчаны невял. класіцыстычны сядзібны дом з мансардай і тэрасай на 4 слупах, флігель з мураваным ганкам і аранжарэя; ва ўзгорыстай паўн.-зах. частцы парку — капліца-пахавальня, абсаджаная па перыметры дубамі (разбурана ў 1914). На асн. дарозе праз парк знаходзілася альтанка (т. зв. альтанка Марылі, не захавалася), абсаджаная ліпамі. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 5 га. Асн. элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. У паўд.-ўсх. частцы — 2 сажалкі. Парк моцна пашкоджаны ў 1-ю сусв. вайну. У 1930-я г. праведзены работы па яго добраўпарадкаванні. Растуць ясень, клён, вярба, дуб, ліпа еўрапейская і інш.мясц. пароды дрэў.
У 1815—20 у гаспадароў сядзібы часта гасцявалі А.Міцкевіч, Т.Зан, Я.Чачот, І.Дамейка. Лета 1818 у Туганавічах прайшло пад знакам рамант. пачуцця дачкі гаспадыні маёнтка Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вял. ўплыў на творчасць паэта. Паводле сцвярджэнняў даследчыкаў, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Т.с. З Туганавічамі звязаны некат. падзеі нац.-вызв. паўстання 1863—64, на патрэбы якога М.Верашчака прадала ч. маёнтка. Тут працавала зброевая майстэрня, прадукцыя перапраўлялася ў цэнтр — в. Мілавіды. Уладальнік сядзібы К.Туганоўскі падтрымліваў сувязі з К.Каліноўскім, дапамагаў яму.