РЭ́ЙК’ЯВІК (Reykjavik),

горад, сталіца Ісландыі. Самая паўн. сталіца ў свеце. Знаходзіцца на паўд.-зах. узбярэжжы в-ва Ісландыя, на паўд. беразе зал. Фахсафлоўі Атл. акіяна. 105,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Кеблавік. Асн. эканам. (больш за 60% прамысл. вытв-сці Ісландыі) і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая (кансервы, рыбнае філе, рыбін тлушч, мука, угнаенні і інш.), суднабуд. і суднарамонтная, вытв-сць рыбалоўных сетак, рыбапрамысл. абсталявання. Ёсць мылаварныя, маргарынавыя, абутковыя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць шарсцяных тканін, у т. л. пледаў, вязаных вырабаў. У раёне Р. — алюм., азотнахім., цэм. з-ды. Рыбалавецкая база. Гарачыя крыніцы паблізу Р. выкарыстоўваюцца для цеплафікацыі. Ун-т. Ін-ты вулканалогіі, метэаралогіі і інш. Музеі: Нацыянальны, маст. галерэя, Прыродазнаўча-гіст. і інш. Тэатр. За 50 км ад Р. нац. парк Тынгведлір — гісторыка-прыродны запаведнік.

Засн. каля 874 на месцы высадкі першых пасяленцаў-нарвежцаў у Ісландыі. Да 17 ст. хутар, у 17—18 ст. невял. пасёлак. У 1786 атрымаў гар. правы. З 1845 месца знаходжання альтынга (парламента), з 1904 — урада аўтаномнай Ісландыі. З 1920 афіц. сталіца каралеўства Ісландыя, з 1944 — Ісландскай рэспублікі.

У рэгулярнай забудове Р. пераважаюць 2—3-павярховыя будынкі. Сярод пабудоў, блізкіх да архітэктуры дацкага класіцызму, сабор (1787—96, арх. А.​Кіркеруп, перабудаваны ў 19 ст.), будынак альтынга (1880—81, арх. Ф.​Мельдаль). У духу нац. рамантызму — Нац. б-ка (1908, арх. М.​Нільсен), пабудовы Гудзьёўна Самуэльсана (Ісландскі ун-т, 1938—40, і інш.), Сігвальдзі Тордарсана (аднасямейныя жылыя дамы ў прыгарадзе Р., 1957—58), «Дом Поўначы» (культ. цэнтр; 1965—68, арх. А.​Аалта) і інш.

Панарама Рэйк’явіка.
Рэйк’явік. Від з заліва Фахсафлоўі.

т. 13, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА І ЛІТВЫ́ (СДКПіЛ; Socjaldemokracja Krdlestwa Polskiego i Litwy),

сацыялістычная рабочая партыя ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве ў 1893—1918. Узнікла пад назвай Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП) у выніку аб’яднання Саюза польскіх рабочых і левых, інтэрнац. элементаў партыі «Пралетарыят» (2-і). У студз. 1900 на з’ездзе ў Мінску СДКП аб’ядналася з Рабочым саюзам Літвы ў адзіную СДКПіЛ. Стваральнікі і кіраўнікі: Б.​Весалоўскі, Ф.​Дзяржынскі, М.​Каспшак, Р.​Люксембург, Ю.​Мархлеўскі, Я.​Тышка, С.​Трусевіч, Т.​Уластоўскі і інш. Друкаваныя органы: газ. «Sprawa Robotnicza» «Рабочая справа», 1893—96), «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг», 1902—18) і інш.; час. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд», 1900—05), «Z pola walki» («З поля барацьбы», 1905). Асн. мэты — звяржэнне самадзяржаўя і заваяванне паліт. свабод, пабудова сацыялізму. У крас. 1906 уступіла ў РСДРП на правах аўт. арг-цыі. Адстойвала пазіцыі інтэрнацыяналізму ў рабочым руху. У рэвалюцыю 1905—07 адыгрывала кіруючую ролю ў студзеньска-лютаўскіх забастоўках 1905, Лодзінскім паўстанні 1905, падзеях Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. У 1908 выступіла за захаванне і ўмацаванне нелегальных парт. арг-цый і максімальнае выкарыстанне магчымасцей для легальнай барацьбы. У 1916 СДКПіЛ пераадолела ўнутр. раскол (адбыўся ў 1911—12) на «зажандоўцаў» (прыхільнікаў Гал. праўлення) і «разломаўцаў», якія стварылі сваё Краявое праўленне і супрацоўнічалі з бальшавікамі. Падтрымала Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 групы СДКПіЛ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Маладзечна і інш. У снеж. 1918 разам з ППС-лявіцай утварыла Камуністычную партыю Польшчы.

Літ.:

Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989.

т. 14, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на. Размешчаны ў б. маёнтку Валовічаў (у пач. 20 ст. належаў Ю.​Гурскаму). Пабудаваны паводле праекта італьян. арх. Дж.​Сака для гродзенскага маршалка Ю.​Валовіча і яго сына Антонія. Уключаў палац, капліцу. гасп. пабудовы, парк. Фарміраваўся ў 2 этапы: у 1779 — буд-ва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, у пач. 19 ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. Рэканструяваны ў 1930-я г. (арх. А.​Сасноўскі). Цэнтр. корпус палаца — 2-павярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Гал. фасад расчлянёны 3 рызалітамі (цэнтральны — 4-калонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі). Дваровы фасад з 5-гранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаны дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.

Інтэр’еры аздоблены размалёўкамі (маст. Т.​Манькоўскі, Ф.​Смуглевіч; не захаваліся), мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, люстры, вазоны, мэбля і інш.) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сака. Флігелі пастаўлены перпендыкулярна да асн. корпуса, накрыты вальмавымі дахамі, аздоблены руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асн. корпусам злучаны паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Насупраць палаца ў 19 ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудавана капліца. Парк пейзажнага тыпу (пл. 12 га) закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на 2 пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. У 1985 парк адноўлены паводле спец. праекта.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін.

Свяцкі палацава-паркавы ансамбль.
Свяцкі палацава-паркавы ансамбль. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЯЛКА,

машына для высявання насення с.-г. і лясных культур, а таксама для ўнясення мінер. угнаенняў. Бываюць трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), конныя і ручныя.

Паводле спосабу сеяння адрозніваюць С.: радковыя — для высявання насення звычайным радковым, вузкарадковым, шырокарадковым і стужачным спосабамі; гнездавыя — для сяўбы групамі (гнёздамі); пункцірныя (дакладнага высявання) — для высявання насення на аднолькавай адлегласці ў радку; пункцірна-гнездавыя — для размяшчэння насення гнёздамі на аднолькавай адлегласці; раскідныя — размяркоўваюць насенне траў і ўгнаенне па плошчы поля. Паводле прызначэння бываюць С.: для сяўбы збожжавых культур (у т. л. камбінаваныя зернетукавыя для адначасовага высявання асн. культуры, мінер. угнаенняў і падсявання насення траў); сяўбы прапашных культур (кукурузныя, цукровабураковыя, бавоўнавыя); ільняныя і агароднінныя; спец. прызначэння (лясныя, парніковыя, плодагадавальнікавыя і інш.). У раёнах з ветравой эрозіяй пашыраны камбінаваныя сеялкі-культыватары для сяўбы на глебах, апрацаваных безадвальнымі прыладамі. Пры сяўбе яны рыхляць глебу, падразаюць пустазелле, высяваюць мінер. ўгнаенні і прыкачваюць засеяныя радкі.

На Беларусі фірма «Лідаграпраммаш» выпускае разнастайныя С. для сяўбы збожжавых, зернебабовых і травяных культур, Брэсцкі электрамех. з-д — сеялкі СПУ-6 «Бярэсце» для сяўбы збожжавых культур і травасумесей.

В.​М.​Кандрацьеў.

Сеялка: 1 — радковая англійскага вынаходніка Дж.​Тула (пач. 18 ст.); 2 — пнеўматычная універсальная СПУ-6 «Бярэсце» (Брэсцкі электрамеханічны завод).
Сеялка: а — прычапная радковая зернятукавая (1 — гідрацыліндр для пад’ёму сашнікоў; 2 — бункер для насення і ўгнаенняў; 3 — высейвальнае прыстасаванне; 4 — падножная дошка; 5 — закладвальныя рабочыя органы; 6 — сашнікі; 7 — насеннеправоды); б — пнеўматычная універсальная (1 — вентылятар; 2 — інжэктарны шлюз; 3 — шахтавая труба; 4 — размеркавальнікі; 5 — насеннеправоды; 6 — бункер; 7 — дазіравальнае прыстасаванне; 8 і 9 — высявальныя лемяшы); в — сашнікі (1 і 2 — радковы і вузкарадковы двухдыскавыя; 3 — аднадыскавы; 4 — анкерны; 5 — кілепадобны).

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПЯ́НСКАЕ ВО́ДНА-ПА́РКАВАЕ ПАЎКАЛЬЦО́,

сістэма штучных каскадаў, каналаў, адкрытых вадаёмаў і прылеглых азялененых тэрыторый у Мінску, аснова комплекснай арх.-ландшафтнай арганізацыі паўн.-ўсх. часткі горада; частка Мінскага водна-паркавага кальца. Створана на аснове р. Сляпянка і левага прытока р. Свіслач. Пабудавана ў 1977—88. Даўж. 22 км, перапад вышынь рэльефу на трасе 31 м. Уключае вадаёмы (агульная пл. 140 га), каналы і 13 дэкар. каскадаў. Гал. збудаванне сістэмы — Цнянскае вадасховішча, вада ў якое паступае з вадасховішча Дразды праз напорныя вадаводы з уздымам на выш. 15 м. Ад Цнянскага вадасховішча адкрыты канал ідзе ўздоўж лесапарку і заканчваецца дэкар. вадаёмам каля гандл.-грамадскага цэнтра мікрараёна Зялёны Луг 6. За Лагойскім трактам у пачатку мікрараёна Зялёны Луг 5 створаны шматступеньчаты каскад. Уздоўж вул. Сядых сістэма прадстаўлена спалучэннем маляўнічых вадаёмаў і каналаў з масткамі, спускамі да вады, невял. фантанчыкаў і інш. малых арх. форм. Створаны таксама выразны 3-ступеньчаты каскад па вул. Парніковай, паўкруглы 2-ступеньчаты каскад з басейнам у раёне вуліц Уральскай—Мендзялеева і ў жылым раёне Серабранка, дзе Сляпянская водная сістэма злучаецца з Чыжоўскім вадасховішчам. Усе каскады сістэмы створаны паводле індывід. праектаў. Гал. кампазіцыйныя акцэнты арганічна спалучаюцца з прасторавым вырашэннем гэтых раёнаў горада. Запраектавана буд-ва Лошыцкага водна-паркавага паўкальца, у выніку даўж. водна-паркавага кальца Мінска дасягне 50 км суцэльнай сістэмы каналаў, каскадаў, вадаёмаў з прылеглымі да іх паркамі, скверамі, бульварамі. За стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў Мінска архітэктары Л.​Белякова, Дз.​Герашчанка, Л.​Жлоба, М.​Жлоба, В.​Шыльнікоўская, Б.​Юрцін, інжынер А.​Самончык удастоены Дзярж. прэміі СССР 1989.

А.​В.​Сычова.

Да арт. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо. Дэкаратыўныя басейны ў мікрараёне Зялёны Луг 5.

т. 15, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,

абарончыя баявыя дзеянні рас. войск 16—18 жн. супраць напалеонаўскіх войск у вайну 1812. Гал. сілы праціўніка (больш за 180 тыс. чал.) пасля кароткага адпачынку ў 1-й пал. жн. аднавілі наступленне з мэтай авалодаць г. Смаленск і выйсці ў тыл 1-й і 2-й арміям, якія дзейнічалі ў раёне Рудні і Парэчча. Выкарыстаўшы нерашучасць рас. войск, французы фарсіравалі Дняпро ў раёне Расасна, Ляды і рушылі да Смаленска. 16 жн. рас. войскі адбілі іх атакі. Аднак галоўнакамандуючы М.​Б.​Барклай-дэ-Толі, каб захаваць армію, якая мела менш сіл і сродкаў, чым французы, вырашыў пакінуць Смаленск і загадаў 2-й арміі адыходзіць па Маскоўскай дарозе, а 1-й арміі ўтрымліваць горад для забеспячэння адыходу. У ноч на 17 жн. 2-я рас. армія пад прыкрыццём 1-й арміі пачала адыход на Дарагабуж. Увесь наступны дзень рас. войскі пад агульным камандаваннем ген. Дз.​С.​Дахтурова адбівалі атакі ворага. У баях за Смаленск асабліва вызначыліся палкі (у т. л. Літоўскі ўланскі полк), дывізіі, атрады пад кіраўніцтвам ген. М.​М.​Раеўскага, Цз.П.​Невяроўскага, І.​Ф.​Паскевіча, П.​П.​Канаўніцына і інш. У ноч на 18 жн. войскі Дахтурова пераправіліся на правы бераг Дняпра, узарвалі масты, пакінулі горад і выйшлі на Маскоўскую дарогу. Паводле рас. звестак, франц. армія за 2 дні баёў страціла больш за 20 тыс. чал. (па падліках франц. боку гэтыя страты складалі 14 тыс. чал.). Рас. войскі страцілі 10 тыс. чал.

Літ.:

Гл. пры арт. Вайна 1812.

Да арт. Смаленская бітва 1812. Бітва ў Смаленску 18 жніўня 1812 г. Размаляваная гравюра невядомага мастака. 2-я пал. 19 ст.

т. 15, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЭ́ЦКІ КАНА́Л,

штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Егіпта праз Суэцкі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Міжземнае і Чырвонае моры. Умоўная геагр. мяжа паміж Азіяй і Афрыкай. Уключае азёры Тымсах, Вял. Горкае і ўласна канал (Суэц—Ісмаілія—Порт-Саід). Даўж. 161 км, шыр. 120—318 м, мінім. — 60 м, глыб. 16,2 м, на фарватэры да 18 м. Без шлюзаў. С.к. злучаны з сеткай водных шляхоў Ніжняга Егіпта (канал Ісмаілія—Каір—Ніл, 145 км), мае арашальнае адгалінаванне (Абасія, 38 км). Штогадовы аб’ём перавозак па С.к. больш за 80 млн. т. Магчыма плаванне танкераў і нафтабалкераў да 200 тыс. т дэдвейт з асадкай 2,5—3 м. Гал. ўваходныя парты: Порт-Саід з Міжземнага і Суэц з Чырвонага мораў.

Каля 2-га тыс. да н.э. быў пракапаны канал, які злучаў Ніл з Чырвоным морам і часткова праходзіў па ложы сучаснага С.к.: ён праіснаваў да 8 ст. н.э. У 1850-я г. створана Усеагульная кампанія С.к., гал. пайшчыкамі якой былі ўрады Францыі, Егіпта і Банк Ватыкана. У 1859 пачалося будаўніцтва С.к. на чале з франц. інжынерам Ф.​Лесепсам; 17.11.1869 адбылося яго адкрыццё. Цяжкае фін. становішча Егіпта ў 1875 прымусіла яго хедзіва (правіцеля) Ісмаіла прадаць сваю долю кампаніі С.к. Вялікабрытаніі, якая ўзяла зону канала пад свой поўны кантроль. Пасля перамогі рэвалюцыі «Свабодных афіцэраў» новы ўрад Егіпта дамогся эвакуацыі брыт. войск з зоны С.к., а 26.7.1956 нацыяналізаваў яго. Спробы Вялікабрытаніі і Францыі аднавіць свой кантроль над С.к. выліліся ў Суэцкі крызіс 1956. У выніку араба-ізраільскіх войнаў 1967 і 1973 С.к. быў значна разбураны, суднаходства па ім адноўлена ў 1975.

Літ.:

Щенников Б. Суэцкий канал от фараонов до наших дней // Азия и Африка сегодня. 1999. № 11.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЗЕНГА́ЎЗ Антоній (1733, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1785),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, мецэнат. З роду Тызенгаўзаў. Падстароста гродзенскі з 1757, вял. пісар ВКЛ у 1763—64, канюшы ВКЛ у 1764—65, падскарбі надворны ВКЛ з 1765, адначасова староста гродзенскі, адміністратар каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Пасол на соймы з 1761, у 1773—80 узначальваў на соймах каралеўскую партыю. Намаганнямі Т. Гродна стала месцам работы дзярж. устаноў: Скарбовай камісіі ВКЛ, Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага суда. Ініцыятар буйнамаштабных пераўтварэнняў у каралеўскіх эканоміях ВКЛ у галіне адміністрацыі, сельскай гаспадаркі, прам-сці, шляхоў зносін, навукі і адукацыі. Правёў Тызенгаўза рэформу. Арганізаваў шэраг мануфактур (перш за ўсё Гродзенскія каралеўскія мануфактуры). Адм. цэнтрам эканам. дзейнасці Т. стала збудаванае ім прадмесце Гродна — Гарадніца, дзе размяшчаліся заснаваны Ж.Э.Жыліберам бат. сад, Гродзенская медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, школы мернікаў, бухгалтараў, будаўнікоў. Праводзіў ачышчэнне рэчышча Нёмана, арганізаваў Гандл. і эканам. кантору. Займаўся гадоўляй мяса-малочных парод жывёлы, племянных жарабцоў. Выкарыстоўваў парнікова-цяплічную сістэму. Арганізаваў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Гродзенскую капэлу Тызенгаўза, Гродзенскую музычна-тэатральную школу Тызенгаўза, сетку парафіяльных школ. Заснаваў Гродзенскую друкарню, ініцыятар выдання газ. «Газэта Гродзеньска». Рэканструяваў цэнтр мяст. Паставы. Увядзенне мануфактур на аснове крэдыту, неэканомнае выкарыстанне сыравіны, высокія цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць зацікаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў і да няўдачы гасп. палітыкі Т. У ліп. 1780 Т. адхілены ад кіравання каралеўскімі эканоміямі ў ВКЛ. Помнік Т. ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным (б. езуіцкім) касцёле, яго імем названа плошча ў Гродне.

Літ.:

Гибянский И.Г. Граф Аятоний Тизенгауз и гродненские королевские мануфактуры. Пг., 1916;

Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi nadworny litewski. T. 1—2. Londyn. 1970—71.

Ю.​Я.​Гардзееў.

А.Тызенгаўз.

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМО́МЕТР (ад тэрма... + ...метр),

прылада для вымярэння тэмпературы. Прынцып дзеяння грунтуецца на розных фіз. з’явах, залежных ад т-ры (цеплавым расшырэнні газаў, вадкасцей і цвёрдых цел, узнікненні тэрмаЭРС і інш.). З’явіліся ў канцы 16 — пач. 17 ст. (тэрмаскоп Галілея, спіртавыя фларэнційскія Т. і інш.). Адрозніваюць Т. газавыя, вадкасныя, тэрмаэл. (гл. Тэрмапара) Т. супраціўлення і інш.

У газавых Т. тэрмаметрычнымі целамі з’яўляюцца азот, вадарод, гелій і інш.; іх дзеянне заснавана на Гей-Люсака законе (вымяраюць т-ру ад 3 да 2300 К). Дзеянне манаметрычных Т. грунтуецца на ўласцівасці газаў, вадкасцей і пары ў замкнутым аб’ёме змяняць ціск пры зменах т-ры (вымяраюць т-ру ад 200 да 8000 К). У вадкасных Т. тэрмаметрычнымі целамі з’яўляюцца ртуць, спірт, пентан, талуол; іх дзеянне заснавана на лінейнай залежнасці (у пэўным дыяпазоне т-р) змен аб’ёму ад т-ры (вымяраюць т-ру ад 70 да 1500 К). Дзеянне Т. супраціўлення грунтуецца на залежнасці электрычнага супраціўлення чыстых металаў, сплаваў і паўправаднікоў ад т-ры. Найб. пашыраны такія Т. з бронзы (вымяраюць т-ру ад 1 да 4 К), германію (4,2—13,8 К), індыю (4—300 К), плаціны (14—900 К). Дзеянне біметалічных Т. заснавана на адрозненнях цеплавога расшырэння рэчываў, з якіх зроблены іх адчувальныя элементы; кварцавых Т. — на тэмпературнай залежнасці рэзананснай частаты п’езакварцу і інш. Існуюць таксама Т. спец. прызначэння, напр., метэаралагічныя, глыбакаводныя, гіпсатэрмометры. Т. шырока карыстаюцца ў побыце, а таксама ў розных галінах навукі і тэхнікі.

П.​С.​Габец.

Да арт. Тэрмометр: а — газавы (1 — рэзервуар з газам; 2 — капіляр; 3 — ртутны індыкатар); б — манаметрычны (1 — тэрмаметрычны балон; 2 — капіляр; 3 — манаметрычная спружына); в — адчувальны элемент тэрмометра супраціўлення (1 — сярэбраныя вывады; 2 — сярэбраная стужка; 3 — абмотка з плацінавага проваду).

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛЬСКІ Усевалад Сцяпанавіч (7.3.1886 ці 8.3.1887, в. Лошыца, цяпер у межах Мінска — ?),

бел. грамадска-паліт., дзярж. і культ. дзеяч, акцёр; адзін са стваральнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў 3 курсы Ляснога ін-та ў Пецярбургу. У 1906 далучыўся да бел. руху. На працягу 1915—18 удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Мінскага т-ва працаўнікоў мастацтва. Выканаўца вядучых роляў у спектаклях «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Бязвінная кроў» У.​Галубка і інш. Быў членам Мінскага аддзела Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, нам. старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, прадстаўніком Бел. рады на Дэмакр. нарадзе 1917. На Усебеларускім з’ездзе 1917 адзін з лідэраў фракцыі левай плыні. Са жн. 1918 у Маскве, удзельнічаў у стварэнні маск. бел. секцыі РКП(б). Узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (студз. 1919). У 1919 двойчы арыштаваны сав. ўладамі. У час польскай акупацыі Беларусі (1919—20) нам. нач. раёна эксплуатацыі лясоў. Ў 1921 нам. заг. аддзела мастацтваў, вучоны сакратар Акад. цэнтра Наркамата асветы БССР. 3.9.1921 арыштаваны і прыгавораны ЧК Беларусі да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зняволення ў смаленскай катаржнай турме. З 1923 справавод рабфака пры Смаленскім ун-це. З 1925 жыў у Кіеве, працаваў дырэктарам драм. т-ра імя М.​Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Ваен. пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6.8.1996.

Літ.:

Селяменеў В., Скалабан В. Тры лісты Усевалада Фальскага // Тэатр. творчасць. 1996. №6;

Гесь А. «Выслаць за межы Беларусі...» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст. Мн., 1998;

Скалабан В. Беларусь і Украіна: разам да незалежнасці // Спадчына. 1998, №1.

В.​Дз.​Селяменеў, В.​У.​Скалабан.

т. 16, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)