ФА́ЛЬСКІ Усевалад Сцяпанавіч (7.3.1886 ці 8.3.1887, в. Лошыца, цяпер у межах Мінска — ?),
бел. грамадска-паліт., дзярж. і культ. дзеяч, акцёр; адзін са стваральнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў 3 курсы Ляснога ін-та ў Пецярбургу. У 1906 далучыўся да бел. руху. На працягу 1915—18 удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Мінскага т-ва працаўнікоў мастацтва. Выканаўца вядучых роляў у спектаклях «Паўлінка» Я.Купалы, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Бязвінная кроў» У.Галубка і інш. Быў членам Мінскага аддзела Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, нам. старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, прадстаўніком Бел. рады на Дэмакр. нарадзе 1917. На Усебеларускім з’ездзе 1917 адзін з лідэраў фракцыі левай плыні. Са жн. 1918 у Маскве, удзельнічаў у стварэнні маск. бел. секцыі РКП(б). Узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (студз. 1919). У 1919 двойчы арыштаваны сав. ўладамі. У час польскай акупацыі Беларусі (1919—20) нам. нач. раёна эксплуатацыі лясоў. Ў 1921 нам. заг. аддзела мастацтваў, вучоны сакратар Акад. цэнтра Наркамата асветы БССР. 3.9.1921 арыштаваны і прыгавораны ЧК Беларусі да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зняволення ў смаленскай катаржнай турме. З 1923 справавод рабфака пры Смаленскім ун-це. З 1925 жыў у Кіеве, працаваў дырэктарам драм. т-ра імя М.Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Ваен. пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6.8.1996.
Літ.:
Селяменеў В., Скалабан В. Тры лісты Усевалада Фальскага // Тэатр. творчасць. 1996. №6;
Гесь А. «Выслаць за межы Беларусі...» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст. Мн., 1998;
Скалабан В. Беларусь і Украіна: разам да незалежнасці // Спадчына. 1998, №1.
В.Дз.Селяменеў, В.У.Скалабан.
т. 16, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)