БАБРУ́ЙСКІ ПЛАН ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ 1823,

першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзняць узбр. паўстанне з мэтай зрабіць дзярж. пераварот. Распрацаваны ў маі 1823 кіраўнікамі Васількаўскай управы Паўд. т-ва падпалк. Чарнігаўскага пях. палка С.І.Мураўёвым-Апосталам, прапаршчыкам Палтаўскага пях. палка М.П.Бястужавым-Руміным, палк. Аляксопальскага пях. палка І.​С.​Павала-Швяйкоўскім і капітанам 18-га егерскага палка В.​С.​Норавым. Паўстанне меркавалася пачаць у Бабруйску, дзе была раскватаравана 9-я пях. дывізія (Чарнігаўскі і Палтаўскі палкі) 3-га пях. корпуса 1-й арміі, скарыстаўшы прыезд у горад для агляду войскаў імператара Аляксандра I (прымусіць яго падпісаць адрачэнне і прыняць канстытуцыю). Выступленне ў Бабруйску павінна было стаць сігналам для паўстанняў у Маскве, Пецярбургу, 2-й арміі. Арганізатары спрабавалі заручыцца згодай і падтрымкай Паўд. і Паўн. т-ваў дзекабрыстаў, але атрымалі адмову. У вер. 1823 Бястужаў-Румін вёў перагаворы ў Вільні аб узгадненні дзеянняў з прадстаўніком Літ. правінцыяльнага савета польскага Патрыятычнага т-ва К.​Радзівілам і віленскай рэв. моладдзю (у т. л., магчыма, з А.​Міцкевічам), але дамоўленасці не былі рэалізаваны з-за праведзеных у Вільні арыштаў. Без падтрымкі інш. рэв. арг-цый выступленне ў Бабруйску не мела сэнсу. Няўдача з ажыццяўленнем гэтага плана прымусіла ўсвядоміць неабходнасць сувязі паўстання на перыферыі з цэнтрам, аб’яднання сіл Паўн. і Паўд. т-ваў, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў.

Літ.:

Гл. пры арт. Дзекабрысты.

В.​В.​Швед.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,

масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час. «Спадчына».

Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.

Г.​А.​Саўчанка.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (БелАМ),

вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел. тэатр. ін-т, з 1953 Бел. тэатр. маст. ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.​А.​Гурскі (1945—46), І.​П.​Прыс (1946—57), А.​І.​Бутакоў (1957—58), В.​К.​Цвірка (1958—60), П.​В.​Масленікаў (1960—64), В.​А.​Захараў (1964—68), Э.​П.​Герасімовіч (1968—84), А.​В.​Сабалеўскі (1984—89), В.​П.​Шаранговіч (з 1989).

Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.​Анікейчык, В.​Грамыка, Л.​Гумілеўскі, А.​Кашкурэвіч, В.​Шаранговіч, Л.​Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.​Герлаван, А.​Бараноўскі, Г.​Паплаўскі, І.​Рэй, У.​Савіч, Ю.​Тур, У.​Тоўсцік, У.​Уродніч, І.​Міско, С.​Вакар, У.​Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.​Аўсяннікаў, С.​Акружная, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, А.​Дубашынскі, Г.​Дубаў, М.​Захарэвіч, У.​Куляшоў, Б.​Луцэнка, В.​Тарасаў, Т.​Кокштыс, В.​Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.​Дудараў, У.​Клімовіч, Г.​Марчук, М.​Раманюк.

Літ.:

Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.

Л.​Я.​Дзягілеў.

Беларуская акадэмія мастацтваў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ ЛА́ГЕРЫ ДЛЯ ПЕРАМЕ́ШЧАНЫХ АСО́Б у Германіі і Аўстрыі.

Існавалі ў 1945 — пач. 1950-х г. Пасля 2-й сусв. вайны саюзніцкія акупац. ўлады стварылі лагеры для часовага ўтрымання грамадзян інш. дзяржаў, якія па розных прычынах апынуліся ў Германіі і атрымалі статус перамешчаных асоб. У 1945 створаны 3 бел. лагеры: у Рэгенсбургу (амер. акупац. зона), Ватэнштэце і Гослары (англ. акупац. зона), пазней яшчэ каля 20 бел. лагераў у Зах. Германіі і некалькі ў Аўстрыі. У іх налічвалася каля 2 тыс. беларусаў. Лагеры (на іх не распаўсюджвалася юрысдыкцыя герм. улад) мелі сваю адміністрацыю. Пад кіраўніцтвам нац. к-таў была створана адукац.-асв. сістэма: дашкольныя ўстановы, пач. школы, гімназіі, школы для дарослых, прафес. курсы. Бел. школы мелі нац. характар. Пры лагерах існавалі нац. арг-цыі — Ліга бел. паліт. вязняў у Нямеччыне, Задзіночанне бел. ветэранаў, Бел. студэнцкае згуртаванне, Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. Яны здолелі наладзіць на пач. 1947 выпуск амаль 20 газет і часопісаў — «Бацькаўшчына», «Шляхам жыцця», «Шыпшына», «Зважай», «Крывіцкі светач», «Беларуская думка» і інш. У сувязі з дазволам для перамешчаных асоб выбару месца сталага пражывання і ад’ездам іх у розныя краіны свету лагеры на пач. 1950-х г. былі ліквідаваны.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Максімюк Ян. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью Ёрк;

Беласток, 1994.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́НІ (Bellini),

сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл. Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.

Жывапіс галавы сям’і Якапа (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.​Мантэньі і П.​Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», 1505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).

Літ.:

Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.

Джавані Беліні. Партрэт дожа Леанарда Ларэдана. Каля 1507.
Джэнтыле Беліні. Цуд святога крыжа. 1500.
Джавані Беліні. Маладая жанчына за туалетам. 1515.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя),

біялагічная статыстыка, навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.

Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.​Кетле, англ. вучоных Ф.​Гальтана і К.​Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.​Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.​Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.​Н.​Бернштэйна, А.​Я.​Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.

Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр. паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ, біяпатэнцыялы,

электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.

Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.

А.​М.​Ведзянееў, У.​У.​Салтанаў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАДЭРМАТЫ́Т [ад акра... + дэрматыт(ы)],

група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,

сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз. трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙10​4 кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм. сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.

Літ.:

Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ. М., 1960;

Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ. М., 1976;

Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),

сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).

Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл. Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.

На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл. Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;

Моргун Ф.Т., Шикула Н.К., Тарарико А.Г. Почвозащитное земледелие. 2 изд. Киев, 1988;

Механизация обработки почвы и посева при интенсивных технологиях возделывания сельскохозяйственных культур. Горки, 1993.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)