РАНЕ́ЎСКАЯ (Фаіна Рыгораўна) (27.8.1896, г. Таганрог, Расія — 19.7.1984),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1961). З 1915 працавала ў правінцыяльных т-рах. З 1931 у маскоўскіх т-рах — Камерным, Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі, імя Маякоўскага, імя Пушкіна і інш., у 1949—55 і з 1963 у т-ры імя Массавета. Характарная актрыса. У яе творчасці спалучаліся эксцэнтрыка і гратэск з мудрай іроніяй, лірыка і камедыйнасць з драм. глыбінёй. Сярод роляў: Змяюкіна («Вяселле»), Мярчуткіна («Юбілей»), Шарлота («Вішнёвы сад»), Наташа («Тры сястры»; усе А.Чэхава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага). Лепшыя ролі: Бэрдзі («Лісічкі» Л.Хэлман, 1945), Спекулянтка («Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага, 1951), Эўхенія («Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, 1958), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, 1966), Люсі Купер («Далей цішыня» паводле п’есы В.Дэльмар, 1969), Феліцата («Праўда — добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, 1980). Здымалася ў кіно: «Пышка» (1934), «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Папялушка» (1947), «У іх ёсць Радзіма» (1950), «Дзяўчына з гітарай» (1958), «Лёгкае жыццё» (1964) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДРУ́ЖНАСЦЬ, Садружнасць нацый (англ. Commonwealth, Commonwealth of Nations; да 1947 Брытанская садружнасць нацый),
аб’яднанне ў складзе Вялікабрытаніі і яе былых калоній і дамініёнаў. Юрыдычна аформлена Вестмінстэрскім статутам 1931 (удакладнены ў 1947). Першапачаткова ўключала Вялікабрытанію, Канаду, Аўстрал. Саюз, Новую Зеландыю, Паўд.-Афр. Саюз, Ньюфаўндленд і Ірландыю; уяўляла сабой асабістую унію, кіраўніком кожнай дзяржавы лічыўся брыт. манарх, якога прадстаўляў прызначаны ім ген.-губернатар. Пасля 2-й сусв. вайны з уступленнем у С. былых калоній-рэспублік (першая Індыя з 1949) манархічны характар аб’яднання страчаны. У 2000 аб’ядноўвала 53 краіны з рознымі формамі праўлення. Існуюць Сакратарыят С., праводзяцца штогадовыя канферэнцыі краін С. на ўзроўні прэм’ер-міністраў і міністраў фінансаў. У Вялікабрытаніі ёсцьмін-ва па справах С. Гал. мэты С. — развіццё эканам., культ., навук., адукацыйных і інш. сувязей на базе традыцый агульнай мінулай гісторыі. Аднак на міжнар. арэне С. не выступае як адзінае цэлае. Кожная краіна мае права аднабаковага выхаду з С. [напр., у 1948 выйшла Бірма (М’янма), у 1949 — Ірландыя]. З 1995 у С. уваходзіць Мазамбік, які не быў брыт. калоніяй. Асобая роля Вялікабрытаніі вызначаецца не юрыд. нормамі, а эканам., фін. і паліт. адносінамі паміж Вялікабрытаніяй і інш. краінамі С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсцьстараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КА АСТРАВЫ́ (Cook Islands). У цэнтральнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; аўт. дзяржава ў свабоднай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Пл. 240,1 км². Нас. 19,8 тыс.чал. (1997); мясц. жыхары — пераважна палінезійцы а-воў Кука. Каля 27 тыс.мясц. жыхароў жыве ў Новай Зеландыі. Сярэдняя шчыльн. 82,5 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Раратонга (пл. 67 км²), там жа адм. ц. і порт Аваруа (каля 1,5 тыс.ж.). Афіц. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца мясц. мова. Большасць вернікаў — пратэстанты-кангрэгацыяністы (75%), ёсць католікі (10%) і інш.Нац. свята — Дзень канстытуцыі (4 жн.). У склад К.а. уваходзяць 15 астравоў, адлегласць з Пн на Пд каля 1 тыс.км, з 3 на У каля 800 км. Падзяляюцца на 2 групы: Паўднёвую (8 астравоў, пл. 212,1 км², у асноўным вулканічнага паходжання, выш. да 652 м — г. Тэ-Манга на в-ве Раратонга), Паўночную (7 каралавых атолаў, пл. 28 км²). Клімат трапічны пасатны. На паўд. астравах цёплая зіма (чэрв.—жн., сярэдняя т-ра каля 22 °C) і гарачае лета (каля 26 °C), на Пн сезонныя адрозненні невялікія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў каля 2000 мм. У ліст.—крас. сезон ураганаў. Рэчкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах, там жа на схілах гор лясы з пальмаў, фікусаў і інш. раслін. На атолах расліннасць бедная. Вырошчваюць какосавую пальму, тара, бананы, маніёк, жыхары паўд. астравоў — батат, фасолю, кукурузу, апельсіны, ананасы, памідоры. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства, здабыча штучна вырашчанага жэмчугу, перламутру, чарапахавых панцыраў. 2 швейныя ф-кі, піваварны з-д, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і рыбы. Найб. важная галіна эканомікі — замежны турызм. З абслугоўваннем турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі) звязана большасць працоўных. Дадатковы даход краіне прыносіць рэалізацыя мясц. паштовых марак. Транспарт пераважна марскі. Аэрадромы на а-вах Раратонга і Аітутакі, якія з’яўляюцца цэнтрамі турызму. Экспартуюць копру і трапічныя фрукты. Гандл. сувязі ў асноўным з Новай Зеландыяй. Дэфіцыт знешнегандл. балансу і бюджэту пакрываецца субсідыямі Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Заселены палінезійцамі ў 1-м тыс.н.э. У 1773 адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам (адсюль назва). У 1821 тут замацаваліся еўрап. місіянеры хрысціянства. У 1888 абвешчаны брыг. пратэктаратам, у 1891 перададзены пад кантроль Новай Зеландыі, з 1915 яе калонія. У 1915 створаны Заканад. савет. У 1957 ён пераўтвораны ў Заканад. асамблею, пры якой існуе палата арыкі (правадыроў) з дарадчымі функцыямі. Паводле канстытуцыі 1965 жыхары К.а., застаючыся грамадзянамі Новай Зеландыі, маюць аўтаномію ва ўнутр. справах. Новая Зеландыя захавала кантроль за знешняй палітыкай і абаронай К.а.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсцьдзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМО́НАВЫ АСТРАВЫ́ (Solomon Islands),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае паўд.-ўсх.ч.Саламонавых астравоў, а-вы Санта-Крус і інш.Пл. 28,4 тыс.км². Нас. 466,2 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца англа-меланезійскі піджын (спрошчаная мова). Сталіца — г.Ханіяра на в-ве Гуадалканал. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С.А. — канстытуцыйная манархія, чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978, паводле якой кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны Нац. парламент (з 50 чл., якіх насельніцтва выбірае на 4 гады). Урад краіны (Нац. кабінет) складаецца з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. На астравах (Гуадалканал, пл. 5,3 тыс.км², Малаіта, пл. 4,1 тыс.км²; Санта-Ісабель, пл. 3,7 тыс.км², Сан-Крыстобаль, пл. 3 тыс.км²; Шуазёль, пл. 2,6 тыс.км²; Нью-Джорджыя, пл. 1,8 тыс.км²) горы вышэй за 1000 м, на ўзбярэжжах — вузкія нізіны. Ёсць дзеючыя вулканы, участкі вапняковых плато і раўнін. Радовішчы баксітаў, золата, фасфарытаў, руд медзі, цынку, свінцу, нікелю. Клімат субэкватарыяльны, вельмі вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра 26—28 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2000—4300 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Зімой бываюць моцныя ўраганы. Пад лесам (сандалавае дрэва, пальмы, фікусы і інш.) 88% тэр., на в-ве Гуадалканал участкі саваннаў, па берагах астравоў мангры. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай і малюскамі. Нац. парк Куін-Элізабет на в-ве Гуадалканал, некалькі рэзерватаў Астравы Нью-Джорджыя і Рэнел уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва (93%) — меланезійцы Саламонавых а-воў, падзяляюцца на дробныя народы і плямёны. Жывуць таксама папуасы, палінезійцы, мікранезійцы, невял. групы еўрапейцаў і кітайцаў. Мясц. насельніцтва размаўляе на 120 мовах і дыялектах. Вернікі пераважна англікане (34%), католікі (19%), баптысты (17%), прэсвітэрыяне (11%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены прыбярэжныя раёны (50—100 чал. на 1 км²). У гарадах 19% насельніцтва. У г. Ханіяра каля 45 тыс.ж. (2000). У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 24% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і будаўніцтве — 13%, у камерцыі, на транспарце і ў фінансах — 22%, у інш. абслуговых галінах —41%.
Гісторыя. С.А. заселены ў 2-м тыс. да н.э. продкамі меланезійцаў. Адкрыты ў 1568 ісп. мараплаўцам А.Менданьям дэ Нейра, зноў у 1767 англ. капітанам Ф.Картэрэтам. У 19 ст. насельніцтва С.А. моцна пацярпела ад еўрап. гандляроў рабамі, якія вывезлі многіх іх жыхароў для працы на плантацыях Аўстраліі і астравах Ціхага акіяна. З 1893—1900 б. частка С.А. — пратэктарат Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны Японіяй, у 1942—43 на в-ве Гуадалканал і на моры вакол яго адбылася адна з найб. бітваў паміж яп. і амер. войскамі і флатамі. У 1960 прынята канстытуцыя, паводле якой створаны заканад. і выканаўчы саветы. Новая канстытуцыя 1976 дала астравам унутр. самакіраванне. 7.7.1978 абвешчана незалежнасць С.А. Вострай праблемай краіны застаюцца этнічныя супярэчнасці. У маі 2000 у сталіцы С.А. адбыліся буйныя сутыкненні на этнічнай глебе. У краіне дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Кааліцыя сіл за нац. прымірэнне, Нар. саюзная партыя, Партыя нац. дзеяння С.А.
Гаспадарка. С.А. — слабаразвітая с.-г. краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 1,15 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на чалавека. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 90 тыс.га зямлі, у т. л. 60 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі культурамі, 30 тыс.га пад пашай і лугамі. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур, якія належаць замежным кампаніям. Экспартныя культуры: какосавая і алейная пальмы, какава, імбір, карычнае і гваздзіковае дрэвы. Штогадовая вытв-сць копры каля 50 тыс.т, пальмавага алею каля 20 тыс.т. На свае патрэбы вырошчваюць ямс, тара, батат, бананы, арахіс, тытунь, сою, рыс, перац, фасолю, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба. Мясц. жыхары гадуюць свіней і птушак (у 2000—185 тыс. курэй). Ёсць некалькі буйных жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, дзе трымаюць каля 25 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы. Рыбалоўства і промысел малюскаў. У 2000 вылаўлена 53,4 тыс.т рыбы (пераважна тунец і баніта). Прам-сць занята ў асн. перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1998). Ёсць прадпрыемствы рыбамаразільныя і рыбакансервавыя, па вытв-сці пальмавага алею, першаснай перапрацоўцы тытуню, апрацоўцы трэпангаў і спецый, швейныя, мукамольныя, хлебапякарныя, безалкагольных напіткаў. Развіты лесанарыхтоўка, лесапільная і дрэваапр.прам-сць. Мэблевыя ф-кі працуюць пераважна на ўнутр. рынак. Невял. здабыча баксітаў, фасфарытаў, медных і нікелевых руд. З рамёстваў найб. развіты разьбярства па дрэве, выраб сувеніраў з перламутру, цыновак, кошыкаў і лодак. Важнае месца займае замежны турызм (каля 20—25 тыс.чал. штогод, пераважна з Аўстраліі, ЗША, Новай Зеландыі, даход у 1998 склаў 13 млн.дол.). Транспарт пераважна марскі, гал. порт — г. Ханіяра. На астравах 1360 км аўтадарог, з іх толькі 34 км з цвёрдым пакрыццём. Для пасаж. сувязей выкарыстоўваецца авіятранспарт, у краіне 33 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля г. Ханіяра. У 1996 экспарт склаў 184 млн.дол., імпарт — 151 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра, драўніна, пальмавы алей, рыба і рыбапрадукты; у імпарце — паліва, прамысл. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія (50% экспарту, 10% імпарту) і Аўстралія (42% імпарту). Краіна атрымлівае пастаянную эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый, а таксама ад Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — долар С.А.
Літ.:
Малаховский К.В. Соломоновы острова. М., 1978.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe),
Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe), дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс.км². Нас. 154,9 тыс.чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).
Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст. з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс.ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб. з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-т за вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.
12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.
Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г. краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі. Каля 10 тыс.га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсцьдзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс.га, штогадовы збор каля 10 тыс.т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс.га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 км з цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн.дол., імпарт 19,2 млн.дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн.дол. Грашовая адзінка — добра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.Да арт.Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́Т (ваен.),
ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.
Першы аўтамат створаны ў Расіі У.Р.Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял.Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.Ц.Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.
Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.
Аўтамат канструкцыі М.Ц.Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Т (лац. Nitrogenium),
N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў 14N (99,635%) і 15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9∙10−3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл.Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл.Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл.Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,
тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл.Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).
Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл.Філагенез).
А.С.Леанцюк.
Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).