СТАНКАБУДАЎНІ́ЧАЯ І ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з найважнейшых галін прамысловасці, якая займаецца станкабудаваннем і вытворчасцю інструментаў. Спецыялізуецца на выпуску металарэзных станкоў, дрэварэзальных станкоў, аўтаматычных ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі, абсталявання для кавальска-прэсавай вытворчасці, металарэзнага інструменту, дрэварэзальнага інструменту, кавальскага інструменту, аснасткі тэхналагічнай, абсталявання для ліцейнай вытворчасці, гідраапаратуры і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. Найбуйнейшыя з прадпрыемстваў станкабудавання: Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Мінскі завод аўтаматычных ліній, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод заточных станкоў, Аршанскі станкабудаўнічы завод, Гомельскі завод станочных вузлоў, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Заводы інстр. прам-сці: Мінскі інструментальны завод, Кобрынскі інструментальны завод «Сітама» (у складзе Бел.інстр.ВА), Аршанскі інструментальны завод, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі; міжгаліновых вытв-сцей: Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Гомельскі завод «Гідрапрывод», Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання. Працуюць таксама Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Баранавіцкі завод станкапрылад, Пінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кавліцмаш» (выпускае ліцейнае і кавальска-прэсавае абсталяванне). Акрамя спецыялізаваных станкабудаваннем займаюцца інш. прадпрыемствы. Інструмент выпускаюць у сваіх інстр. цэхах большасць машына- і прыладабуд. з-даў. Металарэзнае абсталяванне, якое цяпер ствараецца, паводле прадукцыйнасці, дакладнасці, ступені аўтаматызацыі, сервісу і інш. паказчыкаў адпавядае ўзроўню замежных узораў. У апошнія гады створана аснова для пераходу на блочна-модульны прынцып праектавання і вытв-сці станкоў розных тэхнал. груп. Забяспечваецца павышэнне прадукцыйнасці, дакладнасці і гібкасці асн. груп металарэзнага абсталявання, ствараюцца новыя канструкцыі дапаможнага (магн. пліты, маніпулятары, спец. накапляльнікі) і кантрольна-вымяральнага абсталявання. 63 вытворцы розных форм уласнасці выпускаюць больш за 6300 тыпапамераў металарэзнага інструменту і звыш 2600 тыпапамераў абразіўнага (у т. л. на аснове звышцвёрдых матэрыялаў), што складае 58% інструментальнага сектара (29% прыпадае на вытв-сць штампаў і прыстасаванняў, 13% — на вытв-сць сродкаў вымярэння). Асн. кірункам дзейнасці інструментальнай падгаліны з’яўляецца павелічэнне ўзроўню імпартазамяшчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя на ПнУ Віцебскай вобл., якую ў час акупацыі ням. фашыстамі кантралявалі партызаны з 1942 да снеж. 1943. Складвалася на працягу студз.—сак. 1942 у ходзе наступальных дзеянняў партыз. атрадаў, у т. л. М.П.Шмырова, з дапамогай часцей Чырв. Арміі Калінінскага фронту. Да лета 1942 межы зоны ахапілі Суражскі (акрамя райцэнтра), часткі Гарадоцкага, Віцебскага, Лёзненскага, Мехаўскага р-наў (пл. 3 тыс.км²). Абаранялі зону партыз. брыгады 1-я Бел., імя А.Ф.Данукалава, 2-я Бел. імя П.К.Панамарэнкі, імя М.Кутузава, 1-я Віцебская, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола Віцебскай вобл. і некат. інш.партыз. фарміраванні. Агульнае кіраўніцтва баявой і гасп. дзейнасцю ў зоне ажыццяўлялі спец. штаб на чале з І.Ф.Бердзіянам, Суражскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Мехаўскі падп. райкомы КП(б)Б, адноўленыя сав. сельсаветы з удзелам Віцебскага падп. абкома КП(б)Б, Паўн.-Зах. аператыўнай групы ЦККП(б)Б, камандавання Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. У канцы вер. 1942, калі гітлераўцы ліквідавалі Віцебскія «вароты», тэрыторыя зоны звузілася. На працягу года з чэрв. 1942 акупанты правялі супраць партызан 11 карных аперацый («Серабрыстая ліса», «Белы мядзведзь», «Шаравая маланка», «Грамавы ўдар», «Майская навальніца», «Веснавы карагод», «Дождж на сёмуху» і інш.). Са снеж. 1943 пасля Гарадоцкай аперацыі 1943 пачалося вызваленне ад акупацыі тэрыторыі зоны, большасцьпартыз. фарміраванняў злучаліся з Чырв. Арміяй. Утрыманне С.п.з. ў 1942 мела стратэгічнае значэнне для развіцця партыз. руху на Беларусі і ў суседніх Калінінскай вобл. Расіі, Латвіі, Літве. Больш як паўгода партызаны зоны ўтрымлівалі Віцебскія «вароты», выратавалі жыццё дзесяткаў тысяч жанчын, дзяцей, старых. Актыўнай баявой дзейнасцю партызаны дэзарганізоўвалі тыл ворага на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр», актыўна ўзаемадзейнічалі з Чырв. Арміяй.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 582.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЁКу гідралогіі,
працэс сцякання дажджавых і расталых вод у вадаёмы і паніжэнні рэльефу на зямной паверхні і ў тоўшчы зямной кары; частка кругавароту вады ў прыродзе. Адрозніваюць С. паверхневы (схілавы, рэчышчавы) і падземны (з грунтавых вод, глебавых вод і напорных вод; гл.Падземныя воды). Большасць вады падземнага С. пераходзіць у паверхневы (рэчышчавы), калі ваданосны гарызонт ускрываецца ракой ці выходзіць у крыніцах. У асобных выпадках у перыяд веснавога разводдзя, ва ўмовах карсту ці пры ўзроўні падземных вод ніжэй за ўзровень вады ў рацэ ч. паверхневага С. пераходзіць у падземны. Велічыня і рэжым С. залежаць ад воднага балансу вадазбору (ападкаў, выпарэння), характару рэльефу і геал. будовы, глебавага і расл. покрыва. С. уплывае на фарміраванне рэльефу, геахім. працэсы ў зямной кары, развіццё глебавага покрыва, размеркаванне расліннасці і інш.; вызначае эрозію, прыродны дрэнаж і арашэнне, перанос і адкладанне прадуктаў дэнудацыі. У працэсе С. вада насычаецца рознымі біягеннымі рэчывамі, адбываецца С. наносаў, раствораных і біягенных рэчываў, якія вызначаюць якасць вады.
Характэрная асаблівасць С. — яго зменлівасць у прасторы і часе. Ва ўнутрыгадавым ходзе С. вылучаюць разводдзе, паводкі, межань (летнюю і зімовую). Адносна раўнамерны на працягу года С. наз. зарэгуляваным. Пры ацэнцы водных рэсурсаў пэўнай тэрыторыі вылучаюць мясц. С., які фарміруецца ў межах аднароднага фіз.-геагр. раёна, і транзітны, які паступае ў раён з інш. тэрыторый. Велічыню С. характарызуюць аб’ёмам вады за адзінку часу (м³/с, км³/год), таўшчынёй слоя вады, раўнамерна размеркаванага па плошчы (мм), модулем сцёку (л/скм²), каэфіцыентам (у долях адзінкі). Вынікі даследавання фарміравання С. і яго характарыстык выкарыстоўваюцца пры гідралагічных разліках і складанні гідралагічных прагнозаў. С. падлічваецца на аснове назіранняў гідралагічных пастоў. Сумарны гадавы С. рэк Зямлі ў акіян складае 4210 км³. На Беларусі сярэдняя велічыня рачнога С. 57,9 км³/год, у т. л. ў межах рэспублікі (мясц. С.) 34 км³/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЗАВЫ ПЕРАХО́Д, фазавае ператварэнне,
пераход рэчыва з адной фазы ў другую пры змене параметраў стану, што характарызуюць раўнавагу тэрмадынамічную. Значэнне т-ры, ціску або якой-н. інш.фіз. велічыні, пры якой адбываецца Ф.п. у аднакампанентнай сістэме, наз. пунктам пераходу.
Адрозніваюць Ф.п. двух родаў. Пры Ф.п. I роду ўласцівасці, што паказваюцца першымі вытворнымі энергіі Гібса G (гл.Патэнцыялы тэрмадынамічныя) па ціску, т-ры і інш. параметрах (адпаведна аб’ём, энтальпія і інш.), у пункце пераходу мяняюцца скачком пры неперарыўнай змене параметраў. У аднакампанентнай сістэме сувязь паміж т-рай Ф.п. і ціскам устанаўліваецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Ф.п. I роду адбываюцца з вылучэннем або паглынаннем цеплаты (цеплата Ф.п.). Для іх характэрна існаванне вобласці метастабільнай раўнавагі паблізу ад крывой Ф.п. (гл. ў арт.Метастабільны стан). Да Ф.п. I роду адносяць выпарэнне і кандэнсацыю, плаўленне, крышталізацыю, сублімацыю і дэсублімацыю, большасць паліморфных ператварэнняў (гл.Полімарфізм у хіміі), некат. структурныя пераходы ў цвёрдых целах, напр., утварэнне мартэнсіту ў сплаве жалеза — вуглярод; у чыстых звышправаднікахмагн. поле выклікае Ф.п. I роду са звышправоднага ў нязвышправодны стан. Пры Ф.п. II роду энергія Гібса G і яе першыя вытворныя па т-ры, ціску і інш. параметрах стану мяняюцца неперарыўна, скачком зменьваюцца другія вытворныя G (адпаведна цеплаёмістасць, каэф. сціскальнасці і тэрмічнага расшырэння); цеплата не вылучаецца і не паглынаецца. Агульную трактоўку Ф.п. II роду як пункта змены сіметрыі прапанаваў у 1937 Л.Д.Ландау, вышэй пункту пераходу сістэма, як правіла, мае больш высокую сіметрыю, чым ніжэй гэтага пункту. Да Ф.п. II роду, якія адбываюцца пры змене т-ры, адносяцца, напр., пераход парамагнетык — ферамагнетык, які абумоўлены ўзнікненнем макраскапічнага магн. моманту, пераход дыэлектрык — сегнетаэлектрык з узнікненнем самаадвольнай (спантаннай) палярызацыі рэчыва (гл.Кюры пункт), пераход металаў у звышправодны стан у адсутнасці магн. поля.
Літ.:
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;
Паташинский А.З., Покровский В.Л. Флуктуационная теория фазовых переходов. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НА-У́ГРЫ,
група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн.эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас.р.Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), а таксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.
Літ.:
Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;
Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С І ГЛЕБ (не пазней за 988—1015),
першыя ўсх.-слав. святыя, малодшыя сыны кіеўскага кн.Уладзіміра Святаславіча і балгарыні Мілалікі. Відаць, Уладзімір планаваў пакінуць Барысу княжанне ў Кіеве, што парушала родавыя звычаі Рурыкавічаў і правы старэйшых братоў. Паводле розных гіст. крыніц, Б. і Г. забіты неўзабаве пасля смерці Уладзіміра старэйшым з братоў — Святаполкам Яраполчычам, за што яму нададзена мянушка «Акаянны». Магчыма, забойцаў падаслаў трэці сын Уладзіміра Яраслаў Мудры, які віну за гэтае злачынства ўсклаў на Святаполка. Відаць, Святаполк выклікаў на Русі агульную нянавісць з-за таго, што абапіраўся на дапамогу цесця, польскага караля Баляслава. Пасля смерці Уладзіміра Святаполк планаваў скасаваць хрысціянства і аднавіць на ўсх.-слав. землях язычніцкае веравызнанне або паставіць Кіеўскую мітраполію ў залежнасць ад рымскага папы. Гэта давала магчымасць Яраславу выступіць супраць Святаполка пад заклікамі помсты за братоў і абароны Русі, а дзеячам царквы прадставіць Б. і Г. не толькі як ахвяр феад. барацьбы, але і як пакутнікаў за веру. Магчыма, Глеб зусім не ўдзельнічаў ва ўсобіцы, а загінуў каля Смаленска ў ходзе язычніцкіх бунтаў, што пачаліся пасля смерці Уладзіміра. Шанаванне (відаць, толькі Глеба) пачалося не раней за 1038, афіц. кананізацыя Б. і Г. адбылася не раней за 1071 пры Ізяславе Яраславічу. На працягу стагоддзяў склаўся корпус прысвечаных святым літ. твораў, якія аб’ядноўваюцца ў т.зв. Барысаглебскі цыкл (чытанне, жыціе, пахавальныя словы, тэксты царк. службаў, летапісная аповесць, пралажныя і парамійныя казанні, старабел. «Слова пра манаха Марціна» і інш.). Найб.маст. дакладнасцю вылучаецца «Сказанне пра Барыса і Глеба». Пераважная большасць помнікаў Барысаглебскага цыкла мае бел. рэгіянальныя варыянты або бел. рэдакцыі пазнейшага часу, створаныя як правасл., так і уніяцкімі кніжнікамі, таму што на бел. землях Б. і Г. заўсёды ўспрымаліся як нац. святыя. Прысвечаныя Б. і Г. літ. творы асуджалі братазабойчыя міжусобныя войны і неслі патрыят. і гуманіст. ідэі. У 12 ст. Барысаглебскія цэрквы былі пабудаваны ў Гродне, Полацку, Тураве, Навагрудку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст.Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ), Маскоўскі патрыярхат,
найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл.Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл.Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк.расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.І.Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт.Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус.правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял.Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.М.Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг.л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл.Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б.сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац.правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр.правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст.правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс.чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».
Літ.:
Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;
История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;
Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГАНЫ́ (саманазва рома),
прадстаўнікі этнічных груп, аб’яднаных агульнасцю паходжання і мовы. Жывуць у многіх краінах свету. Існуе падзел на вандроўных, паўвандроўных, аселых і паўаселых. Агульная колькасць ад 2,5 да 10 і больш млн.чал. (звесткі ЮНЕСКА). У Рэспубліцы Беларусь 9927 чал. (перапіс 1999). Гавораць на цыганскай мове, а таксама на мове таго народа, сярод якога жывуць. Веравызнанне Ц. залежыць ад пануючай рэлігіі краіны пражывання, прытрымліваюцца таксама традыц. вераванняў.
Ц. — выхадцы з Індыі, якую пакінулі ў канцы І-га тыс.н.э. Першапачаткова аселі ў Пярэдняй Азіі, у 13—15 ст. — у Паўд.-Усх. і Усх., потым у Цэнтр. і Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. Вялі вандроўны лад жыцця табарам. Падначальваліся выбранаму важаку, які вызначаў час і напрамак вандровак, спосаб здабывання сродкаў для існавання, быў афіц. прадстаўніком табара. Спрэчныя пытанні вырашаліся праз цыганскі суд з найб. паважаных і старэйшых па ўзросце членаў табара. Жанчыны цалкам падпарадкоўваліся бацьку, потым мужу, займаліся варажбой, папрашайніцтвам, знахарствам, спевамі і танцамі, клапаціліся пра забеспячэнне сям’і харчаваннем. Заняткі мужчын — канакрадства, гандаль коньмі, канавальства, рамёствы (кавальства, пляценне кашоў, разьба па дрэве) і інш. Месцам збору розных груп Ц. былі кірмашы. Аселыя і паўаселыя Ц. выконвалі абрады таго народа, сярод якога жылі, і традыцыйныя.
На Беларусі вылучаюць групы т.зв. рус. Ц. (жывуць на У Беларусі, саманазва «руска рома», вернікі — правасл.) і бел.-літ. Ц. (у паўн.-зах. раёнах Беларусі і прылеглых раёнах Літвы, аб’яднаны саманазвай «польска рома», вернікі — католікі). На Беларусь Ц. перавандравалі ў 15 ст. праз Польшчу і Германію, у канцы 16 — пач. 17 ст. з Венгрыі. Гал. месца збору вандроўных груп — мяст. Зэльва. У 17 ст. ўлады Рэчы Паспалітай спрабавалі прывучыць Ц. да аселага жыцця і далі ім адм. паўнамоцтвы: выбарныя вярхоўныя правіцелі наз. цыганскімі каралямі, баронамі, надзяляліся неабмежаванай уладай над Ц. Паўнамоцтвы каралёў зацвярджалі магнаты ВКЛ ці каралеўская канцылярыя. Найб. іх колькасць пражывала ў мяст. Мір (цяпер Гродзенскай вобл.). Займаліся сукнавальным, кавальскім і інш. рамёствамі. У 1790-я г.вял. колькасць бел. Ц. перасялілася ў Бесарабію, Малдавію і Валахію. Паводле перапісу 1897, на Беларусі было больш за 3 тыс. Ц. У працэсе рассялення склаліся лакальныя іх групы. У 1926 у БССР 2366 Ц., найб. групы ў Рэчыцкай (374), Віцебскай (325), Аршанскай (269) і Магілёўскай (264) акругах. У 1920—30-я г. ствараліся ўмовы для пераходу Ц. да аселага і прац. ладу жыцця: надзяленне іх зямлёй, арганізацыя цыганскіх калгасаў і школ. У 1925—28 дзейнічаў Усерас. саюз Ц. Вялася работа па арганізацыі Бел. саюза Ц. У 1926 уведзена цыганская пісьменнасць. У Вял.Айч. вайну Ц. пагражала фіз. знішчэнне з боку ням. фашыстаў. У 1956 прыняты ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Пра далучэнне да працы цыганоў, якія займаюцца валацужніцтвам». Большасць з іх перайшла да аселага ладу жыцця, сялілася на ўскраінах гарадоў і ў прыгарадах (Паўн. пасёлак, пас. Сцяпянка ў Мінску, пас. Цітаўка каля Бабруйска і інш.). У пач. 1960-х г. у г. Дзяржынск Мінскай вобл. існаваў самадзейны цыганскі ансамбль песні і танца. У пасляваен. гады адбывалася перасяленне Ц. на Беларусь з інш. рэгіёнаў СССР. У 1959 на Беларусі жылі 4662 Ц., у 1970—6843, у 1979—8408, у 1989—10 762. Большасць іх пражывае ў гарадах (у 1999—80,7%). Паводле ацэнкі прадстаўнікоў цыганскай грамадскасці, Ц. на Беларусі да 50 тыс.чал.; такое вял. разыходжанне з афіц. звесткамі тлумачыцца тым, што значная частка Ц., грамадзян Беларусі, аднесла сябе пры перапісе да прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей. Паводле перапісу 1999, 77,5% бел. Ц. назвалі сваёй роднай мовай цыганскую. Сярод іх пашыраны эндагамныя шлюбы; сем’і, як правіла, мнагадзетныя.
У апошні час Ц. Беларусі пры захаванні традыц. найменняў усё больш ужываюць адзіную саманазву «беларуска рома». З сярэдзіны 1990-х г. на Беларусі з’явіліся прадстаўнікі этнагр. груп сярэднеазіяцкіх Ц. мусульманскага веравызнання — джугі (назва ва Узбекістане) ці люля (у Таджыкістане). На 2002 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 цыганскія грамадскія нац.-культ. аб’яднанні: Грамадскае аб’яднанне «Беларуская цыганская дыяспара», Бел. асацыяцыя цыганоў «Рома» (абедзве з 1998) і Міжнар. грамадская арг-цыя цыганоў «Адраджэнне» (з 2000), а таксама цыганскі дабрачынны фонд «БелРома» (з 2001).
Літ.:
Даўгяла Дз.І. Цыганы на Беларусі // Наш край. 1926. № 12;
Щербакова Т. Цыганское музыкальное исполнительство и творчество в России. М., 1984;
Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992;
Калінін В. Цыганы на Беларусі // 3 гісторыяй на «Вы»: Публіцыст. арт.Мн., 1994. Вып. 2;
Дучыц Л. З гісторыі цыганоў Беларусі // Бел.гіст.часоп. 2003. № 3;
Narbutt T. Rys historyczny ludu cygańskiego. Wilno, 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),
востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн.ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс.чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк
Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц.грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.