помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.Белакуравым, перавыдадзены М.Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас.АН у С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЮ́РНБЕРГ»
(«Nürnberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр.т.зв.генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач. паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген. паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс.мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯТКА́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
тэкстыльныя матэрыялы, што вырабляюць з натуральных або хім. валокнаў, нітак ці сінт. плёнак без выкарыстання метадаў ткацтва; адзін з відаў тэкст. прадукцыі. Прамысл.вытв-сць Н.м., пачатая ў 1940-я г., вызначаецца прастатой тэхналогіі. Асн. віды Н.м.: вязальна-прашыўныя, ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя, валюшна-лямцавыя і клееныя.
Атрымліваюць Н.м. змацаваннем мех., фіз.-хім. ці камбінаванымі спосабамі валакністай асновы (напр., валакністае палатно, сістэма нітак), сфармаванай на спец. абсталяванні. Мех. спосабамі (правязванне, іголкапраколванне) на спец. машынах вырабляюць вязальна- і ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя матэрыялы. Валюшна-лямцавыя атрымліваюць з шарсцяных валокнаў (гл.Валянне). Клееныя Н.м. вырабляюць фіз.-хім. спосабамі з выкарыстаннем сувязных (эластамеры, тэрмапластычныя і тэрмарэактыўныя палімеры і інш.) ці спец. апрацоўкай асновы. Выкарыстоўваюць у тэхніцы (фільтравальныя, цепла- і гукаізаляцыйныя палотны, абразіўныя матэрыялы, палотны для паліграфіі і інш.), у быце (напр., вацін, дываны, коўдры, штучнае футра).
Літ.:
Технологии производства нетканых материалов. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНІМІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛА́МЕНЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
адзін з 2 асн. (разам з прэзідэнцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца абвяшчэннем прынцыпу вяршэнства парламента ў паліт. сістэме. Пры П.р. ўрад нясе адказнасць перад парламентам і фарміруецца толькі парламенцкім шляхам з лідэраў партыі (або парт. кааліцыі), што перамагла на чарговых выбарах. Заўсёды ёсць пасада кіраўніка ўрада (прэм’ер-міністра або старшыні). Роля прэзідэнта — кіраўніка дзяржавы ў фарміраванні ўрада чыста намінальная, гал. яго функцыя — прадстаўнічая, а выбранне ажыццяўляецца парламентам. Прэзідэнт фармальна можа мець вял. паўнамоцтвы, але ажыццяўляе іх урад. Урад знаходзіцца пры ўладзе да таго часу, пакуль ён карыстаецца падтрымкай большасці парламента, г.зн. выканаўчая ўлада знаходзіцца пад кантролем прадстаўнічай улады; аднак прэм’ер-міністр валодае правам роспуску парламента, прызначэння новых выбараў. П.р. існуюць у Італіі, ФРГ, Аўстрыі, Фінляндыі, Ірландыі, Індыі, Ізраілі, Ліване і інш. У 1991—94 П.р. (без прэзідэнта) была Рэспубліка Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ваюючай дзяржавы і не належаць да яе камбатантаў. Прававое становішча М.н. рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907, 4-й Жэнеўскай канвенцыяй 1949, Дадатковымі пратаколамі 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый 1949. Паводле гэтых актаў бакі, якія ваююць, абавязваюцца захоўваць адзін з асн. прынцыпаў права ў дачыненні да вайны: забарону весці вайну супраць грамадз. насельніцтва.
Асобы, што належаць да М.н., маюць права на гуманныя адносіны без дыскрымінацыі паводле расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, веравызнання або інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння або валодання інш. статуса ці інш. неспрыяльнай прыкметы. Забараняецца напад узбр. сіл дзяржаў, што ваююць, непасрэдна на М.н., выкарыстанне імі зброі невыбіральнага характару, вынікам чаго з’яўляецца гібель М.н., напад на яго або асобных цывільных асоб у парадку рэпрэсалій. Недатыкальнымі з’яўляюцца таксама сродкі выжывання М.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН,
машына для здрабнення (памолу) розных матэрыялаў. Ад драбілак адрозніваецца больш тонкім памолам (да часцінак менш за 5 мм, часам да 0,001 мм). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім., металургічнай, фармацэўтычнай і харч. прам-сці, у вытв-сці буд. матэрыялаў і інш.
У М. матэрыялы трапляюць пад удары рухомых рабочых органаў або здрабняльных цел, пераціраюцца, расціскаюцца, саўдараюцца. Паводле формы і віду рабочага органа адрозніваюць М.: барабанныя (шаравыя, стрыжнёвыя, галечныя, самаздрабнення); ролікавыя, валковыя, кальцавыя, фрыкцыйна-шаравыя і бегуны; малатковыя, пальцавыя (дэзінтэгратары); вібрацыйныя з хістальным корпусам; струменныя і аэрадынамічныя (без здрабняльных цел). Пры неабходнасці барабанныя М. аб’ядноўваюць з класіфікатарамі або з паветр.сепаратарамі. Найб. пашыраны барабанныя М. значных памераў (дыяметрам да 5 м і больш, даўж. да 15 м). Гл. таксама Мукамольны млын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЭЛЕКТРО́ННАЯ,
электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.
Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШАЧНАЕ СКАРАЧЭ́ННЕ,
укарачэнне ці напружанне мышцаў у адказ на раздражненне, выкліканае разрадам рухальных нейронаў. Змены даўжыні міяфібрылаў у саркамеры (асн. структурная адзінка міяфібрылаў) адбываюцца шляхам слізгання актынавых нітак уздоўж міязінавых, а самі ніткі пры гэтым не ўкарочваюцца. Кожны саркамер здольны памяншацца на 20% сваёй даўжыні. На М.с. траціцца энергія, якая папаўняецца ў працэсах дыхання і гліколізу. Адрозніваюць М.с. ізаметрычнае (з ростам напружання мышца развівае намаганне без змены сваёй даўжыні) і ізатанічнае (мышца ўкарочваецца і патаўшчаецца, а напружанне яе амаль не мяняецца). Напр., пры перамяшчэнні грузу мышца скарачаецца спачатку ізаметрычна, а потым ізатанічна. Час адзінкавага скарачэння для розных тыпаў мышцаў — 5—200 мілісекунд.
Літ.:
Бэгшоу К. Мышечное сокращение: Пер. с англ.М., 1985;
Основы физиологии человека. Т. 1. СПб., 1994.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мышачнае скарачэнне: саркамер расслабленага (1) і скарочанага (2) мышачнага валакна.