ЧАРНО́ЦКІ Напалеон Казіміравіч (13.7.1866, в. Нача Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 14.2.1937),
бел. публіцыст, перакладчык. Скончыў Слуцкую гімназію (1887), Маскоўскі ун-т (1894). У Слуцкай гімназіі ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі, у Маскве — у тайныя студэнцкія гурткі сацыяліст. накіраванасці. За ўдзел у хваляваннях 1890 выключаны з ун-та і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі. Працаваў урачом. У 1904—05 мабілізаваны на Маньчжурскі фронт. У 1908—12 у эміграцыі ў Канадзе. З 1918 у Варшаве, пасля ў Вільні. У 1922 уступіў у Польскую сацыяліст. партыю. З 1928 працаваў лекарам на Валыні, з 1931 у г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1936 жыў у в.Вял. Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Першая літ. праца — удзел у перакладзе і выданні на гектографе 1-га варыянта рэв. брашуры «Дзядзька Антон» (1885, не выяўлена); браў удзел у выданні 2-га варыянта (1892; з М.Абрамовічам). Пераклаў на польскую мову апавяданне У.Караленкі «У дрэннай кампаніі» (каля 1887, не выяўлена, захаваліся 2 лісты Ч. да пісьменніка), на бел. мову п’есы «Сватанне» А.Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага (1910). У арт. «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступіў у абарону бел. мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я.Коласа, паказаў добрае веданне бел. фальклору. Аўтар брашуры «Як будзе з зямлёю?» (1907), успамінаў пра рэв. рух, Абрамовіча, публіцыстычных арт. у «Нашай ніве» і «Вольнай Беларусі».
Тв.:
Батлейкі з ваколіц Начы // Народны тэатр.Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2;
Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНЫ СПАДАРО́ЖНІК ЗЯМЛІ́ (ШСЗ),
касмічны anapam (КА), выведзены на арбіту вакол Зямлі. У адпаведнасці з міжнар. дамоўленасцю касм. апарат наз.ШСЗ, калі ён зрабіў не менш як 1 абарот вакол Зямлі. Каб цела стала ШСЗ, яму трэба надаць 1-ю касмічную скорасць, што дасягаецца пры дапамозе ракет-носьбітаў.
Першы ў свеце ШСЗ («Спадарожнік-1») створаны ў СССР і запушчаны 4.10.1957 з касмадрома Байканур; 1.2.1958 на арбіту выведзены першы амер.ШСЗ («Эксплорэр-1»), ШСЗ стварылі яшчэ 36 краін і шэраг міжнар. арганізацый. Але толькі 8 краін і Еўрапейскае касмічнае агенцтва маюць уласныя ракеты-носьбіты для запуску ШСЗ і лічацца касм. дзяржавамі. Усяго на пач. 2003 ШСЗ сталі каля 5000 КА. Адрозніваюць ШСЗ: аўтаматычныя, пілатуемыя і арбітальныя станцыі (АС). Аўтаматычныя ШСЗ падзяляюцца на эксперыментальныя (адпрацоўка канструкцый КА; напр., «Космас», «Палёт»), навукова-даследчыя (даследаванне Зямлі і каляземнай прасторы, астр., медыкабіял. даследаванні і інш.; напр., «Авангард», «Арыябхата», «Астрон», «Інтэркосмас», «Прагноз», «Пратон», «Эксплорэр», «Электрон», Хабла тэлескоп, «Чандра» і інш.), прыкладныя (метэаралагічныя, геад., спадарожнікі сувязі, для даследавання прыродных рэсурсаў, экалагічнага маніторынгу і інш.; напр.: «Лэндсэт», «Маланка», «Метэор», «Экран»). ШСЗ ажыццяўляюць кантроль за выкананнем міжнар. пагадненняў, збіраюць інфармацыю ў інтарэсах мін-ваў абароны і інш. Пілатуемыя ШСЗ і арбітальныя станцыі прызначаны для палёту чалавека. Першы ў свеце пілатуемы ШСЗ — «Усход» (гл. таксама «Джэміні», «Меркурый», «Саюз», «Спейс шатл», «Узыход»). Першая ў свеце эксперым. АС створана 16.1.1969 стыкоўкай на арбіце караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая сав. АС «Салют» выведзена на арбіту 19.4.1971. Гл. таксама «Скайлэб», «Мір», Касманаўтыка.
Літ.:
Аксенов Е.П. Теория движения искусственных спутников Земли. М., 1977;
Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ Ў ПАЎНО́ЧНУЮ АМЕ́РЫКУ 1863—64, Амерыканская экспедыцыя рускага флоту,
ваенна-палітычная акцыя ў выглядзе візіту 2 эскадраў рас. баявых караблёў у гарады Нью-Йорк і Сан-Францыска (ЗША) і іх прысутнасць каля ўзбярэжжа Паўн.-Амер. кантынента ў часы грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 і паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Арганізавана, каб стварыць пагрозу гандл. суднаходству імаверных праціўнікаў Рас. імперыі (Вялікабрытаніі і Францыі) і гэтым паўплываць на дыпламат. перагаворы з імі ў сувязі з паўстаннем 1863—64 (т.зв. польскае пытанне), а таксама прадэманстраваць падтрымку амер. федэральнага ўрада А.Лінкальна ў яго барацьбе з мяцежнымі паўд. штатамі і ў выпадку пачатку ваен. дзеянняў нанесці ўдар па марскіх камунікацыях Вялікабрытаніі.
Атл. эскадра на чале з контр-адм. С.С.Лясоўскім рушыла з Кранштата 18.7.1863 (каб не сустрэцца з англа-франц. сіламі, выйшла ў акіян, абагнуўшы Англію з Пн) і прыбыла ў Нью-Йорк у вер. 1863. Ціхаакіянская эскадра пад камандаваннем контр-адм. А.А.Папова з партоў Д.Усходу прыбыла ў Сан-Францыска да 1.10.1863. Эскадры знаходзіліся ў партах Паўн. Амерыкі і крэйсіравалі ўздоўж яе зах. і ўсх. ўзбярэжжаў да 4.6 (Атл.) — 1.8.1864 (Ціхаакіянская), потым вярнуліся ў Расію. Іх раптоўнае з’яўленне каля берагоў ЗША і перспектыва заключэння амер.-рас.ваен. саюза падштурхнулі Вялікабрытанію і Францыю адмовіцца ад умяшання ў адносіны ЗША і Расіі. Экспедыцыя была прыкладам выкарыстання сіл ВМФякдыпламат. сродку (гл.«Палітыка кананерак», Палітыка з пазіцыі сілы). Сярод удзельнікаў экспедыцыі быў і будучы рас. кампазітар М.А.Рымскі-Корсакаў.
Літ.:
Коршунов Ю.Л. Когда океан соединяет: Из истории дружеств. отношений флотов России и США. СПб., 1996. С. 35—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́БЛЫНЯ (Malus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 25—30 відаў. Пашырана ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Паўн. паўшар’я, пераважна ў Сярэдняй і Усх. Азіі. Утварае леса-пладовыя масівы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды Я.: лясная (M. sylvestris) і ранняя (M. praecox), а таксама здзічэлыя формы Я. дамашняй (M. domestica) гібрыднага паходжання. Трапляюцца адзіночна, невял. групамі ці гаямі ў шыракалістых або хвойна-шыракалістых лясах, на палянах і ўзлесках. Культывуюць з прамысл. мэтамі, на прысядзібных участках; як прышчэпы вырошчваюць Я. слівалістую, або кітайскую (M. prunifolia), і нізкую (M. sieversii).
Лістападныя кусты і дрэвы выш. да 20 м з моцнагалінастай каранёвай сістэмай. Жывуць да 300 і больш гадоў. Лісце чаргаванае, суцэльнае або лопасцевае, голае ці апушанае. Кветкі пераважна ружовыя, двухполыя ў паўпарасоніках або шчытках. Плод — яблык, у большасці відаў ядомы. Мае ў сабе да 16% цукроў. каля 0,9 арган.к-т, вітаміны C (да 40 мг%), Bl, B2, A, PP. Яблыкі — адна з найб. багатых крыніц пекцінавых рэчываў, здольных звязваць і выводзіць з арганізма чалавека злучэнні цяжкіх і радыеактыўных металаў.
Драўніна з чырванавата-белай абалонай і светла-бурым ядром, шчыльная, трывалая, выкарыстоўваецца на такарныя і сталярныя вырабы. Кара дае фарбу для тканін. Плады спажываюцца ў ежу, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці. Адна з найважн. пладовых дрэвавых культур — Я. дамашняя, што абумоўлена яе адносна высокай зімаўстойлівасцю і ўрадлівасцю, дэсертнымі якасцямі, транспартабельнасцю і лёжкасцю пладоў. Мае больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі раянаваны Антонаўка звычайная. Беларускі малінавы, Беларускі сінап, Мелба, Мінскі, Папіроўка і інш.Харч., тэхн., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ВАЙНА́,
умоўная назва вайны, у якой гал. сродкам паражэння з’яўлялася б ядз. зброя. Першая дактрына Я.в. прынята ў ЗША адразу пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ў сувязі з аснашчэннем іх узбр. сіл ядз. зброяй; знайшла адлюстраванне ў афіц.стратэг. канцэпцыях ЗША і НАТО. Ваен. дактрына СССР у пасляваен. перыяд таксама прадугледжвала вырашальную ролю ракетна-ядз. зброі ў вайне.
Напачатку абодва бакі разглядалі магчымасць усеагульнай Я.в., якая мела б неабмежаванае, масіраванае і сканцэнтраванае паводле часу выкарыстанне ўсіх відаў ядз. зброі ў спалучэнні з інш. сродкамі барацьбы. У вайну такога маштабу прама або ўскосна маглі б уцягнуцца многія дзяржавы свету. а яе вынікі (т.зв. «ядзерная зіма». «ядзерная ноч») маглі б пашырацца на ўвесь зямны шар. што з’явілася б прамым шляхам да знішчэння чалавечай цывілізацыі, глабальнай экалагічнай катастрофы. У 2-й пал. 1950-х г. у ЗША распрацавана канцэпцыя абмежаванай ядз. вайны. 3 пач. 1970-х яна стала разглядацца якузбр. проціборства з выкарыстаннем розных відаў зброі, у т. л. тактычнай і аператыўна-тактычнай ядз. зброі, выкарыстанне якой абмяжоўвалася па маштабах, раёнах прымянення і відах ядз. сродкаў. Лічылася, што такая вайна магчыма толькі на працягу кароткага перыяду на некат. тэатрах ваен. дзеянняў з выкарыстаннем ядз. зброі для знішчэння важнейшых ваен. і ваен.-эканам. аб’ектаў. Але і яна нясе вялікую небяспеку распаўсюджвання радыеактыўных прадуктаў на вял. адлегласці і магчымасць перарастання яе ва ўсеагульную Я.в.
Міралюбівыя сілы ва ўсіх краінах выступаюць за прадухіленне любой формы Я.в., умацаванне рэжыму нераспаўсюджвання ядз. зброі і яе забарону ў далейшым.
Літ.:
Кононов Л. О проблеме ядерной опасности в современном мире // Воен. мысль. 2001. № 1;
Супряга А.В. О войнах XXI века // Воен. мысль. 2002. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАНЮ́К Вадзім Лявонцьевіч (н. 22.3.1946, г. Гродна),
бел. вучоны ў галіне педагогікі, музыказнавец. Д-рпед.н. (1995), праф. (1992). Акад.Бел. акадэміі адукацыі (1998) і Міжнар.АН вышэйшай школы (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1969 у Мазырскім муз. вучылішчы. З 1972 у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага (у 1975—83 заг. кафедры фартэпіяна). З 1983 прарэктар Бел. акадэміі музыкі, адначасова ў 1986—96 заг. кафедры муз. педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва. Навук. працы па праблемах метадалогіі прафес.муз. дзейнасці, рэформы муз. адукацыі ў кантэксце еўрап. інтэграцыі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Аўтар нотных выданняў «Я іграю на раялі. Альбом 1—2» (1994, 1996; з Г.М.Вагнерам), «Спадчына: 100 урокаў піяніста-пачаткоўца. Сш. 1—2» (1994). Распрацаваў канцэпцыю прафес. адукацыі ў галіне мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь (1999). Навук. кіраўнік Дзярж.навук.-тэхн. праграмы «Культура» (з 1997). Прэзідэнт Бел. і віцэ-прэзідэнт Еўрап. асацыяцыі педагогаў фартэпіяна. Гал.рэд.час. «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (з 2001). Ген. дырэктар 1-га міжнар. конкурсу піяністаў «Мінск-96», чл. журы міжнар. конкурсаў выканаўцаў у Мінску, Рызе, Кішынёве, Варшаве, Нікасіі і інш. Аўтар тэле- і радыёперадач пра бел. кампазітараў М.Аладава, Г.Вагнера, Я.Глебава, Г.Лукшу, П.Падкавырава, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., сцэнарыя мюзікла «Мес-Менд» паводле аднайм. рамана М.Шагінян (муз. А.Мдывані).
Тв.:
Развитие интереса к профессии учителя музыки. Мн., 1979;
Развивающее обучение в классе фортепиано. Мн., 1985;
Музыкант. Потребность. Деятельность. Мн., 1993;
Рэформа вышэйшай музычнай адукацыі як навуковая праблема // Весці Бел.дзярж.пед. ун-та. 1995. № 1;
Проблемы глобализации музыкального образования: Взгляд в XXI век // Музычная і тэатральная адукацыя: Праблемы выкладання. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНУШКЕ́ВІЧ Язэп Язэпавіч (н. 7.3.1959, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, даследчык-архівіст, археограф, перакладчык. Брат В.Я.Янушкевіча і Ф.Я.Янушкевіча. Канд.філал.н. (1987). Скончыў БДУ (1981). З 1985 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі, адначасова з 1996 заг.аддз. ў Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і з 1997 нам. рэдактара выд-ва «Беларускі кнігазбор». З 1999 нам. старшыні Археаграфічнай камісіі К-та па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры 19—20 ст., бел.польскія гіст.-літ. сувязі і культ. ўзаемадзеянні 19 — пач. 20 ст. Аўтар манаграфій «Беларускі Дудар: Праблема славянскіх традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча» (1991), «У прадчуванні знаходак» (1994), «Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі» (1995), «За архіўным парогам: Беларуская літаратура XIX—XX стст. у святле архіўных пошукаў» (2002). Складальнік, аўтар прадмоў і каментарыяў да зб-каў твораў У.Жылкі (1998), К.Чорнага (2000), Ф.Багушэвіча (3-е выд.), В.Дуніна-Марцінкевіча, В.Ластоўскага (абодва 2-е выд.; усе 2001), «Кароткай энцыклапедыі старасьвеччыны» Ластоўскага (2003) і інш. Адзін з аўтараў «Анталогіі педагагічнай думкі Беларускай ССР» (1986), «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст. 1901—1920» (т. 1, 1999) і інш. Упершыню апублікаваў арыгінал «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча (1984), «Лісты з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага, дакументы з біяграфіі П.Багрыма (1988), дзённікі У.Караткевіча (1989), мемуары П.Мядзёлкі (1993) і архірэя М.Галубовіча (2003), «Тастамент» А.Кіркора (1998) і інш.
Тв.:
Нацыянальная праграма выдання гістарычных крыніц: Аднаўленне Бел.Археагр. Камісіі (БАК). Мн., 1999;
Дыярыюш з XIX ст.: Дзённікі Міхала Галубовіча якгіст. крыніца. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФРЭ́МАЎ Алег Мікалаевіч (1.10.1927, Масква — 24.5.2000),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1969). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст.акад.т-ра (1949). З 1949 акцёр, рэжысёр Цэнтр. дзіцячага т-ра. З 1956 арганізатар і кіраўнік т-ра «Сучаснік», з 1970 акцёр, гал. рэжысёр Маскоўскага Маст.акад.т-ра (з 1989 імя А.Чэхава). Акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і шчырасцю, іроніяй і лірызмам, дэтальнай распрацоўкай ролі і адначасова псіхалагічна дакладна пабудаваным вобразам: Барыс Гадуноў, Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Астраў («Дзядзька Ваня» Чэхава), Мальер («Кабала святош» М.Булгакава), Аляксей («У добры час!» В.Розава) і інш.Як рэжысёр адметны вострым адчуваннем часу, імкненнем зрабіць гледача таксама творцам спектакля. Паставіў: «Вечна жывыя» Розава (1957, і роля Барыса), «Пяць вечароў» А.Валодзіна (1959, з Я.Еўсцігнеевым, роля Ільіна), «Нарадавольцы» А.Свабодзіна (1967), «Чайка» (1970, з В.Салюком; 1980, з В.Сергачовым), «Іванаў» (1976, з С.Дзясніцкім), «Дзядзька Ваня» (1985, з М.Скорыкам) Чэхава, «Апошнія» М.Горкага (1971), «Качынае паляванне» (1978, з А.Мягковым, роля Зілава), «Так пераможам!» М.Шатрова (1981), «Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай (1988, абодва з Р.Сіратой), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1992, з І.Уласавым), «Барыс Гадуноў» (1994, з А.Беларучавым), «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана (2000, са Скорыкам). З 1956 здымаўся ў кіно: танкіст Іваноў («Жывыя і мёртвыя», 1964), следчы Падбярозавікаў («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), шафёр таксі Саша («Тры таполі на Плюшчысе», 1968), Палынін («Выпадак з Палыніным», 1971). Сярод інш. фільмаў: «Гары, гары, мая зорка», «Вайна і мір», «Дні хірурга Мішкіна», «Інспектар ДАІ» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1969, 1974, 1983. Дзярж. прэмія Расіі 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯЧЫ ФАЛЬКЛОР.
Да дзіцячага фальклору адносяцца творы розных жанраў нар. паэзіі, разлічаныя на рознаўзроставую дзіцячую аўдыторыю. Межы дзіцячага фальклору, як і сам тэрмін, мяняліся. Першапачаткова да яго адносіліся творы, якія стваралі і выконвалі дзеці. Пазней да дзіцячага фальклору далучана творчасць дарослых, прызначаная для выхавання, а таксама творы, што страцілі цікавасць для дарослых і перайшлі ў дзіцячы рэпертуар. Такі падзел адлюстроўвае асаблівасці паходжання творчасці для дзяцей, вопыт нар. педагогікі, спосабы і шляхі перадачы традыцыйнага фальклору праз дарослых, равеснікаў і старэйшых дзяцей. Сярод дзіцячага фальклору вылучаюць групу твораў для самых маленькіх («матчына школа», ці «паэзія пеставання» — калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор, які звязаны з сюжэтна-арганізаванымі маторнымі дзеяннямі (гульні, лічылкі, жараб’ёвыя згаворы, пацешкі-забаўлянкі, скорагаворкі, маўчанкі, дыялагічныя сцэнкі), творы, не звязаныя з гульнямі (дражнілкі, заклічкі, песенькі, страшылкі, некат. загадкі і казкі). Паводле спосабу адлюстравання рэчаіснасці, асаблівасцях арганізацыі тэкстаў вылучаюцца песенныя, вершаваныя і празаічныя творы.
Дзіцячаму фальклору ўласціва поліфункцыянальнасць — спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай. На змест і форму кожнай групы твораў уплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей, а таксама сацыяльна-гіст. і быт. ўмовы развіцця грамадства. Узроставая дынаміка вызначае змест, чарговасць жанраў у бытаванні: калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам. Уласна дзіцячая творчасць спрыяе выпрацоўцы самастойнасці мыслення. Асн. прынцып адлюстравання рэчаіснасці — канкрэтнасць, што адпавядае маст. мысленню дзяцей, аднак гэта не выключае незвычайнасці, фантастыкі. Сучасная творчасць для дзяцей характарызуецца памяншэннем ролі традыцыйных форм за кошт пашырэння твораў прафесійнага мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Дзіцячы фальклор» (1972, укладальнікі Г.Барташэвіч, В.Ялатаў), «Гульні, забавы, ігрышчы» (3-е выд., 2003, укладальнік А.Лозка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла якдэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры яксамаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння якнац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.