ДЗІЦЯЧЫ ФАЛЬКЛОР.

Да дзіцячага фальклору адносяцца творы розных жанраў нар. паэзіі, разлічаныя на рознаўзроставую дзіцячую аўдыторыю. Межы дзіцячага фальклору, як і сам тэрмін, мяняліся. Першапачаткова да яго адносіліся творы, якія стваралі і выконвалі дзеці. Пазней да дзіцячага фальклору далучана творчасць дарослых, прызначаная для выхавання, а таксама творы, што страцілі цікавасць для дарослых і перайшлі ў дзіцячы рэпертуар. Такі падзел адлюстроўвае асаблівасці паходжання творчасці для дзяцей, вопыт нар. педагогікі, спосабы і шляхі перадачы традыцыйнага фальклору праз дарослых, равеснікаў і старэйшых дзяцей. Сярод дзіцячага фальклору вылучаюць групу твораў для самых маленькіх («матчына школа», ці «паэзія пеставання» — калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор, які звязаны з сюжэтна-арганізаванымі маторнымі дзеяннямі (гульні, лічылкі, жараб’ёвыя згаворы, пацешкі-забаўлянкі, скорагаворкі, маўчанкі, дыялагічныя сцэнкі), творы, не звязаныя з гульнямі (дражнілкі, заклічкі, песенькі, страшылкі, некат. загадкі і казкі). Паводле спосабу адлюстравання рэчаіснасці, асаблівасцях арганізацыі тэкстаў вылучаюцца песенныя, вершаваныя і празаічныя творы.

Дзіцячаму фальклору ўласціва поліфункцыянальнасць — спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай. На змест і форму кожнай групы твораў уплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей, а таксама сацыяльна-гіст. і быт. ўмовы развіцця грамадства. Узроставая дынаміка вызначае змест, чарговасць жанраў у бытаванні: калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам. Уласна дзіцячая творчасць спрыяе выпрацоўцы самастойнасці мыслення. Асн. прынцып адлюстравання рэчаіснасці — канкрэтнасць, што адпавядае маст. мысленню дзяцей, аднак гэта не выключае незвычайнасці, фантастыкі. Сучасная творчасць для дзяцей характарызуецца памяншэннем ролі традыцыйных форм за кошт пашырэння твораў прафесійнага мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Дзіцячы фальклор» (1972, укладальнікі Г.​Барташэвіч, В.​Ялатаў), «Гульні, забавы, ігрышчы» (3-е выд., 2003, укладальнік А.​Лозка).

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 18, кн. 2, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)