ПРАКО́Ф’ЕЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 16.2.1936, г. Пскоў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1964). З 1964 мастак на Барысаўскім хрусталёвым з-дзе. Працуе ў галіне маст. шкла. Сярод работ сталовы набор «Сталічны» (1965), выставачныя наборы «Агеньчык» (1970), «Кара́лі» (1972), дэкар. вазы «Мінск» (1968), «Полымя» (1969), «Урадлівасць» (1978), «Вадаспад» (1981), «Перамога» (1982), «Белы колер» (1987), «Курган славы» (1995), дэкар блюды «Святочны арнамент» (1988), «Беларусь» (1994) і інш. Творы вызначаюцца выразнасцю сілуэтаў, выдатным валоданнем матэрыялу, разнастайнасцю тэхнік выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМПА́РТЫІ ПРАЦЭ́С,
судовы працэс у Маскве 25.11—7.12.1930. Паводле сфальсіфікаваных матэрыялаў група інж.-тэхн. інтэлігенцыі з 8 чал. (сярод іх вучоны-цеплатэхнік Л.К.Рамзін) абвінавачвалася ў стварэнні антысав. падпольнай арг-цыі (т.зв. Прампартыі) і ажыццяўленні ў 1925—30 шкодніцтва ў прам-сці і на транспарце. 5 чал., у т. л. Рамзін, прыгавораны да расстрэлу (заменены Прэзідыумам ЦВК на 10 гадоў пазбаўлення волі), 3 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. У лют. 1936 ЦВКСССР памілаваў некат. асуджаных. У канцы 1980-х г. усе падсудныя рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАРО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1893, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1918),
удзельнік Кастр. паўстання ў Петраградзе 1917. З 1914 вучыўся ў Петраградскім ун-це, вёў нелегальную прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. У сак. 1915 арыштаваны. Пасля Лют. рэв. 1917 старшыня выканкома Савета салдацкіх дэпутатаў Гжацкага гарнізона. З сак. 1917 у Петраградзе, у час падрыхтоўкі Кастр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. З кастр. 1917 гал. камісар Смольнага, камендант Таўрычаскага палаца. У сак. 1918 камандзір атрадаў Чырв. гвардыі. Загінуў у час прарыву акружэння на станцыі Рауту (Саснова Ленінградскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРКО́Ў (Віктар Рыгоравіч) (н. 4.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна),
украінскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1979). Скончыў Кіеўскі маст.ін-т (1946), з 1948 выкладаў у ім (з 1957 праф.). Аўтар карцін на ваенна-марскія тэмы, пейзажыст-марыніст. Сярод твораў: «Зіма» (1944), «Няскораныя» (1946), «Чарнаморцы» (1947), «Прыбой» (1952), «Пасля шторму» (1957), «Скалы ў моры» (1959), «Выстаялі» (1963), «Караблі ў паходзе» (1971), «Пуціна» (1976), «Яны змагаліся за Радзіму» (1977), трыпціх «Леся Украінка» (1979), «Ля роднага парога» (1980), «Наперадзе мір» (1984) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІ́РНІК (Cucubalus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРКУ́НАС (літ. Perkū́nas ад Perkū́nija навальніца, лат. Pḗrkons гром),
у стараж. балтыйскай міфалогіі бог грому, маланкі і дажджу. Яго ўяўлялі ў выглядзе раззлаванага чорнабародага мужчыны сярэдніх гадоў, увянчанага полымем, сівога старога на нябеснай калясніцы або конніка на вогненным кані і інш.
П. займаў першае месца сярод балтыйскіх багоў у сферы культу і надзяляўся універсальнымі здольнасцямі, у першую чаргу спрыяў ўрадлівасці. Яго ўмольвалі аб дажджы ў час засухі. У свяцілішчах у гонар П. падтрымлівалася незгасальнае вогнішча, яго культ абслугоўвалі спец. жрацы. У слав. міфалогіі яму адпавядае Пярун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРА́ ДЗЯЛЯ́НА ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне супраць візант. панавання на тэр.гіст.Македоніі і прылеглых зямель Балканскага п-ва ў 1040—41. Непасрэдная падстава — узмацненне падатковага цяжару. Гал. кіраўнік — Пётр Дзялян, які назваў сябе ўнукам цара Зах.-Балг. царства (заваявана Візантыяй у 1018) Самуіла і быў абвешчаны царом. Захапіўшы гарады Бялград, Ніш і Скопле, Пётр падначаліў сабе атрады паўстанцаў у Албаніі. Візант. імператар Міхаіл VI скарыстаў міжусобную барацьбу сярод паўстанцаў (сын балг. цара Івана Уладзіслава Алусіян асляпіў Пятра і ўцёк да візантыйцаў) і ў 1041 задушыў паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ХНА (Аляксей Радзівонавіч) (2.5.1939, в. Дзвіжкі Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 6.2.1984),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і графіцы. Сярод твораў: «Маці і дзіця» (1966), «Сельскі матыў» (1969), «Юнацтва», «Зімовая казка» (абодва 1970), «Новы мікрараён Мінска» (1971), «Зямля» (1975), «У майстэрні» (1977), «Старое дрэва», «Вячэрні горад» (абодва 1979), «Дыханне зямлі» (1980), «Вулачкі старога Мінска» (1982), «Купалава слова», «Асеннія фарбы» (абодва 1983), «Астрашыцкія матывы» (1984), шматлікія партрэты. Творам характэрны падкрэслена лінеарны пачатак, насычанасць колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧЫ́НСКАЯ (Тамара Сяргееўна) (н. 6.8.1949, г.п. Руская Паляна Омскай вобл., Расія),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Уральскую кансерваторыю (1973, Свярдлоўск). У 1976—78 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. З 1980 салістка Бел. тэлебачання і радыё, адначасова з 1991 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае прыгожым аксамітным голасам шырокага дыяпазону. Сярод партый: Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Любка («Сівая легенда» Дз.Смольскага). Першая выканальніца вакальных цыклаў бел. кампазітараў Смольскага, Я.Глебава, В.Іванова, В.Сярых, А.Хадоскі, А.Клеванца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БЧЫК (Fritillaria),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 100 відаў.
Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. Трапляюцца на лугах, сярод хмызнякоў, у стэпах, па схілах гор. На Беларусі культывуецца 6 відаў Р.: бледнакветкавы (F. pallidiflora), жоўты (F. lutea), імператарскі (F. imperialis), камчацкі (F. camschatcensis), Радэ (F. raddeana), шахматны (F. meleagris).
Шматгадовыя цыбульныя расліны выш. да 100 см. Цыбуліны шарападобныя. Лісце вузкае або шырокаланцэтнае, чаргаванае ці кальчаковае. Кветкі паніклыя, адзіночныя або ў суквецці белага, жоўтага, аранжавага, чырвона-фіялетавага колераў, часта з шахматным малюнкам. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.