БАРЫ́САЎ Алег

(Альберт) Іванавіч (8.11.1929, г. Прыволжск Іванаўскай вобл., Расія — 28.4.1994),

рускі і ўкр. акцёр. Засл. арт. Украіны (1960), нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1978). Скончыў школу-студыю МХАТа (1951). Працаваў у Кіеве, С.-Пецярбургу, Маскве. Яго мастацтву былі ўласцівыя арганічнасць, уменне спалучаць у характары персанажа эмац. і аналітычныя пачаткі. Сярод роляў: Ганя Івалгін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» паводле М.Шолахава, Дзярж. прэмія СССР 1978), Павел («Павел І» Дз.Меражкоўскага, Дзярж. прэмія Расіі 1991). З 1956 здымаўся ў кіно: «Спыніўся цягнік» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1984), «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)