АЗЁРЫ,

прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн. км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс. км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс. км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс. км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл. воз. Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).

Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).

У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.
Да арт. Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.
Да арт. Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.
Да арт. Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛІ,

горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн. ж., з прыгарадамі 8,4 млн. ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр. ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс. ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.

Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.

У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.​Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.​Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.​Гандзі, Дж.​Нэру і інш.

Літ.:

Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.

Да арт. Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.
Да арт. Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ РАЁН.

На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 21,1 тыс. чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавіцкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр. навук. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел. дзярж. маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

М.​А.​Капач, Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.​А.​Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс. км². Праз паўн. ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.

У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.

Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн. ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб. р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.

У.​Я.​Навуменка.

Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗДЗЕНСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966 (у сучасных межах з 1937). Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 26,8 тыс. чал. (2002), гарадскога 35,8%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Узда. Раён уключае 202 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Азерскі, Камянкоўскі, Лашанскі, Ліцвянскі, Нёманскі, Сямёнавіцкі, Уздзенскі, Хатлянскі, Цепленскі, Цялякаўскі.

Тэр. раёна ў межах Стаўбцоўскай раўніны і адгор’яў Мінскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, на паўн. ускраіне — буйнаўзгорыстая. Пераважаюць выш. 160—180 м (80%), больш за 180 м (20%). Найвыш. пункт 219 м (на Пд ад в. Возера). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 619 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Найб. р. Нёман (у вытоках Нёманец) з прытокамі Уса з Ператуццю і Уздзянкай, Лоша; на У раёна р. Шаць (прыток Пцічы). Вадасх. Лашанскае. Пераважаюць глебы с-г угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,9%) і тарфяна-балотныя (22,5%). Пад лесам 39% плошчы. Найб. лясны масіў Лашанская дача. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, трапляюцца асінавыя, грабавыя, ясянёвыя лясы, дубровы і інш. Пад балотамі 1,6% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Лашанскі торфамасіў, Алёхаўка, Арэхаўскі Мох (частка). Ахоўныя тарфянікі: Данілавіцкае балота, вярхоўе р. Лоша, Падгаць, у пойме р. Уздзянка, Маеўшчына, Падсенажаткі, Занёманец, Малееўшчына, Сокал, Язвіна. Помнік прыроды рэсп. значэння — валуны каля в. Камяное.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 59,5 тыс. га, з іх асушаных 21,9 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, падсобныя гаспадаркі «Слабодка», мінскіх з-даў імя Вавілава, «Інтэграл», насенняводчыя эксперым. базы імя Суворава і ім Катоўскага, 15 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, насенняводстве бульбы, вырошчванні збожжа, кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: швейнай (спецвопратка, бялізна), абутковай, харч. (малочныя вырабы, чыпсы); лясгас (піламатэрыялы, нарыхтоўка драўніны, збор жывіцы). Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Узда—Капыль, Мар’іна Горка—Узда—Стоўбцы. У раёне 14 сярэдніх, 4 базавыя, 7 пач. школ, санаторная школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, ПТВ, 20 дашкольных устаноў, 29 клубаў, 32 б-кі, 3 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Возера, царква (19 ст.) у в. Забалацце, сядзіба (19 ст.) у в. Наднёман, капліца-пахавальня (у сярэдзіне 16 ст. пабудавана як кальвінскі збор, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня) і Кухціцкая сядзіба ў пас. Першамайск, Богаяўленская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Хатляны. Выдаецца газ. «Чырвоная зорка».

А.​М.​Папко.

т. 16, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́ЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 20, 4 тыс. чал. (2002), гарадскога 29,9%.

Сярэдняя шчыльнасць 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Ушачы. Раён уключае 260 сельскіх населеных пунктаў, 10 сельсаветаў: Вялікадалецкі, Вяркудскі, Глыбачанскі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі.

Большая ч. тэр. раёна ў межах Ушацка-Лепельскага ўзвышша, паўн.-ўсх. — у межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна пласкахвалістая, на З — узгорыстая, характэрны озы і камы, рэзкія ваганні адносных вышынь каля шматлікіх азёрных і балотных катлавін; 65% яе на выш. 150—200 м, 30% паверхні ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 238 м (каля в. Гушчынская Слабодка). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, сапрапель, торф. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 619 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. р. Зах. Дзвіна і яе прыток Ушача, праз сістэму азёр цячэ р. Дзіва. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 4,4 тыс. км, у т. л. Прабойная канава. Пад азёрамі каля 10% пл. раёна. Найб. азёры ўваходзяць ва Ушацкую групу азёр (Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер’е, Бярозаўскае, Крывое, Вяркудскае). Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (60%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15,3%), тарфяна-балотныя (13,9%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%); 12,7% ворных зямель завалунена. Пад лесам 41% тэр. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя; трапляюцца чорнаальховыя, асінавыя, ясянёвыя, таксама дубровы. Пад балотамі 0,5% тэр. Найб. балотны масіў Выдрыца. Заказнік рэсп. значэння гідралагічны Крывое; мікразаказнікі мясц. значэння біял. Глыбачанскі і Чарсцвяцкі. Помнікі прыроды рэсп. значэння — валуны каля в. Глыбачка, Сарочына; мясц. значэння — крыніцы каля воз. Баркоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 35,1 тыс. га (23,4%), з іх асушаных 10,5 тыс. га (7%). На 1.1.2002 у раёне 11 калгасаў, 7 саўгасаў, 3 фермерскія гаспадаркі.

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, лёну, караняплодаў, сеяных траў і бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (хлеба-булачныя і малочныя вырабы, сушаная агародніна, сухафрукты, мінер. вада «Вечалле», безалкагольныя напіткі і інш.), першаснай апрацоўкі лёну, дрэваапр. (піламатэрыялы); ветсанутыльзавод, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Полацк—Мінск, з г.п. Ушачы на Полацк, Лепель, Докшыцы, Улу і інш. У раёне 10 сярэдніх, 9 базавых, 1 муз. школа, 1 школа мастацтваў, раённы цэнтр пазашкольнай працы, 20 дашкольных устаноў, 23 клубы, 25 б-к, 4 бальніцы, 1 паліклініка, 3 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў; пансіянат «Лясныя азёры». Ушацкі музей народнай славы імя У.​Е.​Лабанка, хата-музей Петруся Броўкі ў в. Пуцілкавічы. Помнікі архітэктуры — сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Арэхаўна, касцёл і кляштар бернардзінцаў (1726) у в. Селішча; помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс «Прарыў». Выдаецца газ. «Патрыёт».

М.​М.​Кірпіч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧЭ́РСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 17,5 тыс. чал. (2003), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Чачэрск. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Залескі, Ленінскі, Меркулавіцкі, Нісімкавіцкі, Палескі, Роўкавіцкі, Чачэрскі. Раён значна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тэр. пераважна забруджана радыенуклідамі 5—15 Ku/км², невял. ўчасткі на У і Пд маюць забруджанасць больш за 40 Ku/км² У выніку міграцыі ў 1985—92 насельніцтва зменшылася на 9,9 тыс. чал.

Тэр. раёна ў межах Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі дробнаўзгорыстая, 73% яе на выш. 140—160 м, 25% — ніжэй за 140 м. Найвыш. пункт 177 м (г. Лысая каля паўд. ускраіны Чачэрска). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел і мергель, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -7,4 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 637 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб. р. Сож з прытокамі Покаць, Чачора, Ліпа; на ПнУ — р. Каўпіта (прыток Беседзі). Азёры: Коўпіна, Старое, Стаячае, Святое; шмат азёр-старыц, у т. л. Вілія, Вір, Асіннае, Старасожжа. Вадасховішча Меркулавічы на р. Чачора. Меліярац. каналы: Навухава-Малыніцкі, Рэзкі-Пола, Сычаўка і інш. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (45,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32%), тарфяна-балотныя і поймавыя (13,9%) і інш. Пад лесам 46% тэр., пераважна на У і левабярэжжы р. Сож. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорна-альховыя лясы; трапляюцца дубовыя, асінавыя, грабавыя і інш. Штучныя насаджэнні складаюць 27,8% лясоў. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна біял. заказнік рэсп. значэння Чачэрскі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 44,5 тыс. га, з іх асушаных 8,2 тыс. га. На 1.1.2003 у раёне 7 калгасаў, 5 саўгасаў, 1 фермерская гаспадарка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбаводстве. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (хлебабулачныя вырабы, пладова-ягаднае віно), спецлясгас (буд. матэрыялы, тавары нар. ўжытку з драўніны); вытв-сць маст. вырабаў з саломы і лазы. На З раёна праходзіць аўтастрада С.-Пецярбург—Адэса; з Чачэрска аўтадарогі ідуць на Магілёў, Гомель, Буда-Кашалёва, Карму, Краснаполле, Ветку і інш. У раёне 5 сярэдніх, 4 базавыя школы, 5 комплексаў школа-сад, спарт. школа, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, сац. прытулак, 11 дашкольных устаноў, у т. л. 6 груп у комплексе школа-сад, 10 дамоў культуры, 9 клубаў, 18 б-к, 2 бальніцы, 1 паліклініка, 4 амбулаторыі, 8 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гісторыка-этнагр. музей. Выдаецца газ. «Чачэрскі веснік».

Літ.:

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Чачэрскага р-на. Мн., 2000.

Г.​В.​Малалетнікава, Г.​С.​Смалякоў.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,

рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс. км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).

Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.

Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.

Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал. снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.

Рака Бярэзіна ў сярэднім цячэнні.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,

на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 43,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 32,3%.

Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Камянец; г. Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.

Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р. Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 110,6 тыс. га, з іх асушаных 22,7 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в. Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».

С.​І.​Сідор.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш. ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр. ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс. км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.

М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.

Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас. р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.

М.​А.​Вальчык.

Мінскае ўзвышша каля в. Ратамка Мінскага раёна.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)