НІ́КІЙ,

старажытнагрэчаскі жывапісец 4 ст. да н.э. Прадстаўнік афінскай школы. Выконваў паліхроміі мармуровых скульптур Праксіцеля. Аўтар насценных размалёвак, надмагільных стэл, карцін на дошках. Работы Н. не захаваліся, некат. вядомы паводле апісанняў у літ. крыніцах: «Іо і Аргус», «Персей і Андрамеда», «Каліпса», партрэт Аляксандра Вялікага. Мяркуецца, што копіямі яго прац з’яўляюцца некат. размалёўкі ў Пампеях.

Нікій. Персей і Андрамеда. Рымская копія з арыгінала. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́НДЗЯ,

катэгорыя спадчынных воінаў-наёмнікаў у сярэдневяковай Японіі. Практыкавалі адзін з відаў баявога майстэрства — «ніндзютсу» (яп. «нін» — нябачны, цярплівы і «дзютсу» — майстэрства). У час міжусобных войнаў (11—16 ст.) наймаліся яп. князямі для шпіянажу і забойства сапернікаў. Пасля аб’яднання Японіі ў пач. 17 ст. пад уладай сёгунаў з дома Такугава частка Н. выконвала паліцэйскія функцыі, частка далучылася да дэкласаваных элементаў.

Літ.:

Гвоздев С.А., Кривоносов И.В. Ниндзя: Тайны демонов ночи. Мн., 1997.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам на месцы фанемы <о> гука [о]. У адрозненне ад акання О. ўласціва размежаванне пры маўленні фанем <о> і <а> ў ненаціскных складах: «вода — трава». Распаўсюджана ў паўн. гаворках рус. мовы. На Беларусі сустракаецца ў паўд. гаворках Брэсцкай і Гомельскай абл. Ў асобных гаворках Столінскага і Лунінецкага р-наў назіраецца гіпероканне — замена этымалагічнага [а] на [о]: [бозар].

Літ.:

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Айра Фрэдэрык) (каля 1805, Нью-Йорк — 7.8.1867),

амерыканскі акцёр-трагік. З негрыцянскай сям’і. Творчую дзейнасць пачаў у 1820-я г. ў аматарскім негрыцянскім т-ры ў Нью-Йорку. З 1826 у лонданскім, потым выступаў у т-рах многіх еўрап. краін, у т. л. ў 1858—59, 1861—62 у Расіі. Першы амер. акцёр, які заваяваў сусв. славу выкананнем шэкспіраўскіх роляў.

Літ.:

Дурылин С.Н. Айра Олдридж. М.; Л., 1940.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія мяняюць сваю свяцільнасць за кароткія прамежкі часу. Бываюць зацьменныя і фізічныя П.з. У зацьменных бляск мяняецца з прычыны паўтаральных зацьменняў у цеснай падвойнай сістэме зорак (гл. Падвойныя зоркі). Фізічныя мяняюць бляск у выніку фіз. працэсаў, што адбываюцца ў самой зорцы, напр., з прычыны пульсацый або выбухаў. Фіз. П.з. бываюць: пульсуючыя (гл. Пульсацыя зорак) і эруптыўныя зоркі.

Літ.:

Цесевич В.П. Переменные звезды и их наблюдение. М., 1980.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПЕРАЗІ́Н, гексагідрапіразін, дыэтылендыамін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H10N2. Бясколерныя крышталі, tпл 112 °C, tкіп 146 °C. Раствараецца ў вадзе, гліцэрыне, этаноле. Гіграскапічны; утварае гексагідрат з tпл 44 °C; з паветра паглынае дыаксід вугляроду. Паводле хім. уласцівасцей — другасны аліфатычны амін. Выкарыстоўваюць як інгібітар карозіі, паскаральнік полімерызацыі хларапрэну, П. гексагідрат і адыпінат — у медыцыне як процігліставы сродак. Таксічны: ГДК 5 мг/м³.

Літ.:

Бейшекеев Ж. Химия и применение пиперазина. Фрунзе, 1982.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАМЮ́Р ((Réaumur) Рэнэ Антуан) (28.2.1683, г. Ла-Рашэль, Францыя — 17.10.1757),

французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1708). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1737). Навук. працы ў галіне матэматыкі, фізікі, хім. тэхналогіі, заалогіі і інш. Вынайшаў спіртавы тэрмометр (1730), шкала якога паміж пунктамі замярзання і кіпення вады падзялялася на 80° (гл. Рэамюра шкала). Выкарыстаў мікраскоп для металургічных даследаванняў, выказаў прапанову атрымання штучнага шоўку.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. 1970.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМІ́ЙЛЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (3.2.1864, с. Вялікія Сарочынцы Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 12.8.1925),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). Друкаваўся з 1886. Аўтар лірычных, патрыятычных і сатыр. вершаў. Зб-кі «З вершаў Уладзіміра Самійленкі» (1890), «Украіне» (1906). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Дж.​Байрана, П.​Бамаршэ, П.​Беранжэ, Гамера, Дантэ, А.​Франса.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1958.

Літ.:

Бабишкін О. Володимир Самійленко. Київ, 1963.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯЧО́К (Янка) (сапр. Гаеўскі Іван Яфімавіч; 1888, в. Замужанне Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 28.11.1957),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1912), Мінскі пед. ін-т (1930). Настаўнічаў. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». У карэспандэнцыях расказваў пра цяжкое жыццё сялянства, асаблівасці мясцовага побыту. У вершаваным творы «З заработкаў» адлюстраваў жыццё плытагонаў.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ДКА (Ганна) (каля 1872, в. Спудзвілы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — ?),

бел. нар. спявачка. Вызначалася цудоўным голасам і фенаменальнай памяццю. У 1892 М.​Федароўскі запісаў ад яе больш за 200 бел. нар. песень, а яго памагаты І.​Трачык амаль столькі ж мелодый. Запісаныя творы змешчаны ў працы Федароўскага «Люд беларускі» (т. 5—6, 1958—60).

Літ.:

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 26, 183, 185—186.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)