МАРАШЭ́ЎСКІ Каятан, бел. і польскі драматург канца 18 ст. Праф. рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.). Аўтар бел.-польск. «Камедыі» і польск. трагедыі «Свабода ў няволі» (паст. ў 1787 у мясц. школьным т-ры). У «Камедыі» паказана цяжкае жыццё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асветніцкая думка, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмедый, якія ўпершыню ў бел. л-ры сінтэзуюцца ў камедыю. Ідэі асветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе гал. герой — рымскі палкаводзец Велізарый — вышэй асабістых інтарэсаў ставіць інтарэсы радзімы. «Камедыя» ўпершыню апубл. У.Ператцам у 1911. Творы М. захаваліся ў рукапісным зборніку, які зберагаецца ў б-цы Літ. АН. Сюжэт «Камедыі» выкарыстоўвалі бел. драматургі (п’еса Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця», 1920; паст. ў Мінску ў 1991).
Тв.:
Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд. Мн., 1997. Т. 1.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 72—110;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн.. 1980. С. 320—335.
А.В.Мальдзіс.
т. 10, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)