ВАНЕ́ЕЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (6.8.1896, в. Шыпічоўшчына Кацельніцкага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 12.10.1941),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1915 на Зах. фронце. Удзельнік грамадз. вайны. Вучыўся ў прамысл. акадэміі ў Маскве. 3 кастр. 1937 старшыня выканкома Мінскага гарсавета, са жн. 1938 нарком гандлю БССР, з сак. 1939 нам. старшыні СНК БССР, з сак. 1941 3-і сакратар ЦК КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 брыгадны камісар, чл. ваен. савета 19-й арміі Зах. фронту. Загінуў у баі. Чл. ЦК КП(б)Б з 1940, чл. Бюро ЦК КП(б)Б з сак. 1941. Чл. ЦВК СССР у 1927—29. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАННО́ЎСКІ (Пётр Сямёнавіч) (6.12.1822 — 29.2.1904),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1883). З дваран Мінскай губ. Скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1840). Удзельнік задушэння рэвалюцыі ў Венгрыі (1849) і Крымскай вайны (1853—56). З 1857 нач. афіцэрскай стралк. школы, з 1861 — Паўлаўскага кадэцкага корпуса, з 1868 — дывізіі, з 1876 камандзір 12-га армейскага корпуса. У час рус.-тур. вайны 1877—78 нач. штаба і камандзір Рушчукскага атрада. У 1881 кіраўнік спраў Ваен. мін-ва, у 1882—97 ваен. міністр. Зрабіў уклад ва ўмацаванне абараназдольнасці Расіі, але недаацэньваў ролю артылерыі, што выявілася ў рус.-яп. вайне 1904—05. З 1898 чл. Дзярж. савета. У 1901—02 міністр нар. асветы.

Ю.​С.​Іваноў.

П.С.Ванноўскі.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРВАШЭ́НЯ (Іван Дзянісавіч) (31.12.1904, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 4.3.1957),

партыйны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1934). У 1939—41 заг. аддзела, сакратар па транспарце Мінскага абкома КП(б)Б. У Айч. вайну з 21.7.1941 да мая 1943 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, адначасова са жн. 1942 да крас. 1943 сакратар Слуцкага падп. міжрайкома КП(б)Б. З 1944 сакратар Мінскага абкома, з 1950 1-ы сакратар Мінскага гаркома КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1952—56. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—57.

І.​Дз.Варвашэня.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Іван Антонавіч) (1894, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. У 1917—18 старшыня валвыканкома, нам. камісара, камісар па харчаванні Віленскай губ. З 1919 нам. наркома харчавання Літ.-Бел. ССР, кіраўнік харч. забеспячэння Паўд.-Зах. фронту, губхарчкамісар у Екацярынаславе, чл. РВС Харкаўскай ваен. акругі, кіраўнік падатковага ўпраўлення Наркамфіна СССР. У 1925 нарком унутр. гандлю, у 1926 нарком фінансаў БССР. У 1927—30 2-і сакратар, чл. Бюро ЦК КП(б)Б. З 1930 у органах Наркамзема СССР. Чл. ЦВК СССР у 1925—30. З 1932 кіраўнік зямельнага ўпраўлення Далёкаўсх. краю, старшыня Амурскага аблвыканкома, заг. сельгасаддзела Далёкаўсх. крайкома ВКП(б). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

І.А.Васілевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГ VI (1675—27.3.1737),

грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙДЭМЕЕР ((Weydemeyer) Іосіф Арнольд Вільгельм) (2.2.1818, г. Мюнстэр, Германія — 20.8.1866),

дзеяч ням. і амер. рабочага руху. У 1839—45 афіцэр прускай арміі. У 1845—47 займаўся журналістыкай. Чл. Саюза камуністаў з 1847. У час рэвалюцыі 1848—49 адзін з арганізатараў рабочых саюзаў і дэмакр. т-ваў у Вестфаліі. У 1851 эмігрыраваў у ЗША, дзе выдаваў штотыднёвую газ. «Die Revolution» («Рэвалюцыя»), працы К.​Маркса і Ф.​Энгельса і разам з Ф.​А.​Зорге заснаваў Пралетарскі саюз (1852), уваходзіў у кіраўніцтва заснаванага ням. эмігрантамі Амер. рабочага саюза (з 1853), удзельнічаў у працы Камуніст. к-та ў Нью-Йорку (з 1857) і інш. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША палкоўнік арміі паўночнікаў (1861—65).

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕКАНА́НДА (Свамі) (сапр. Нарэндранатх Дат; 12.1.1863, г. Калькута, Індыя — 4.1.1902),

індыйскі мысліцель-гуманіст, рэлігійны рэфарматар і грамадскі дзеяч. Вучань Рамакрышны. У 1880—84 вывучаў філасофію ў Калькуцкім ун-це. З мэтаю прапаганды веданты ў 1893 наведаў ЗША, Вялікабрытанію, Японію; у 1897 заснаваў рэліг.-рэфарматарскае т-ва «Місія Рамакрышны».

Вівекананда — буйнейшы прадстаўнік ёгі, ідэолаг інд. Адраджэння, якое выяўляла імкненне Індыі да нац. незалежнасці і сац. росквіту. Прапагандаваў самавыхаванне і самаўдасканаленне чалавека на аснове індуізму і маральна-фізічных прынцыпаў ёгаў. Яго дэмакр. і рэфармісцкія ідэі паўплывалі на нац.-вызв. рух у Індыі.

Тв.:

The complete works. Vol. 1—8. Mayavati, 1947—51.

Літ.:

Роллан Р. Жизнь Вивекананды // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1936. Т. 19.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІННІ́ЦКІ (Юрый) (Георгій, свецкае імя Габрыэль; 1660—23.9.1713),

уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З укр. шляхецкага роду герба «Сас». Служыў у войску, займаў адм. пасады, пасол на Варшаўскі вальны сейм 1690 ад Рускага ваяв. У 1700 прыняў манаства. У 1700—13 епіскап перамышльскі. З 1708 адміністратар (в.а. кіраўніка) Кіеўскай мітраполіі, Уладзіміра-Брэсцкай і Львоўскай епархій. Ад кіравання мітраполіяй адхілены каралём Станіславам Ляшчынскім, але пасля вяртання на трон караля Аўгуста II у 1710—13 мітрапаліт кіеўскі. Актыўна пашыраў унію на зах.-ўкр. землях, нават шляхам закрыцця правасл. цэркваў; адначасова імкнуўся прадухіліць пераход шляхты ў рымска-каталіцкі абрад, але беспаспяхова.

Літ.:

Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907.

С.​В.​Казуля.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́РЫН (Аляксандр Іванавіч) (2.3.1894, г. Угліч, Расія — 21.4.1980),

савецкі вучоны-біяхімік, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939), ганаровы чл. акадэмій навук Балгарыі, ГДР, Кубы, Іспаніі, Італіі. Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). З 1929 праф. гэтага ун-та. У 1935 з А.​М.​Бахам арганізаваў Ін-т біяхіміі АН СССР, з 1946 яго дырэктар. Навук. працы па біяхіміі раслін, праблеме ўзнікнення жыцця на Зямлі. Заснавальнік эвалюцыйнай біяхіміі, вучэння пра хім. эвалюцыю дабіялагічнага перыяду развіцця жыцця. Ленінская прэмія 1974. Залатыя медалі імя І.​І.​Мечнікава (1960) і М.​В.​Ламаносава (1979).

Тв.:

Возникновение жизни на Земле. 3 изд. М., 1957;

Жизнь, ее природа, происхождение и развитие. 2 изд. М., 1968.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)