ЦЯЦЕ́РА (сапр. Маржкоўскі ці Меражкоўскі) Павел Іванавіч (? — каля 1670), дзяржаўны дзеяч Украіны. Валынскі шляхціц, прыбліжаны (пазней зяць) Б.Хмяльніцкага. Удзельнік вызв. вайны 1648—54 супраць польскага панавання. Выступаў супраць далучэння Украіны да Расіі, удзельнічаў у падпісанні ўкр.-польскага Гадзяцкага дагавора 1658. Пасля вымушанай адмовы ад улады Ю.​Хмяльніцкага (сын Б.​Хмяльніцкага, гетман Украіны ў 1659—63) абвясціў сябе гетманам Правабярэжнай Украіны (1663—65). Са сваімі казацкімі палкамі далучыўся да паходу польскіх войск на Левабярэжную Украіну (1663—64), разам з палякамі падаўляў нар. хваляванні 1663—65 на Правабярэжнай Украіне. У 1665 пад націскам паўстанцаў уцёк у Польшчу.

т. 17, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)