пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл. таксама Авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШНАКІ́,
члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-пад тур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл.Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).
У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).
У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл.Грузінскае пісьмо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),
род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́Т, булатная сталь (ад перс. пулад сталь),
вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).
Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).
Літ.:
Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;
Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,
антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-РАСІ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1873, 1885, 1907пра размежаванне сфер уплыву на Сярэднім Усходзе.
Пагадненне 1873 аб «буферным» поясе ў Сярэдняй Азіі — вынік міжурадавых перагавораў у кастр. 1872 — студз. 1873. Размежавала сферы ўплыву Расіі і Вялікабрытаніі ў Сярэдняй Азіі і вызначыла паўн. граніцу афг. эмірата па р. Амудар’я. Пагадненне 1885 аб размежаванні афганскіх уладанняў падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рас.-афг. канфлікт 1885, выкліканы далучэннем Туркменіі да Расіі і звязаны з сутыкненнем рас. і афг. войскаў пры Ташкепры (на Пн ад Кушкі). Пагадненнем вызначаны склад англ.-рас. размежавальнай камісіі, якая ў 1887 устанавіла новую рас.-афг. граніцу па левым беразе Амудар’і. Пагадненне 1907 аб размежаванні інтарэсаў у Іране, Афганістане і Тыбеце падпісана 31 жн. ў Пецярбургу. Паводле яго Іран быў падзелены на тры зоны: паўн. (рас.), паўд. (англ.) і нейтральную — паміж імі; Расія фактычна прызнала брыт. пратэктарат над Афганістанам (пры ўмове непадзельнасці яго тэрыторыі); бакі прызнавалі тэр. цэласнасць і ўнутр. кіраванне Тыбета. Пагадненне практычна ўключала Расію ў Антанту; анулявана ўрадам Сав. Расіі ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,
антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л.рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр. дзяржаў Зах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.
Літ.:
Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;
Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах. — перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.
Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец.марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.
Літ.:
Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;
Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.