старажытны бел. народны духавы муз.інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БЕН,
бел.нар.інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.
Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял.кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.
І.Дз.Назіна.
Бубен. Вёска Забалоцце Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́ЛЬНІК,
ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел.нар.муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЗА,
1) украінскі шчыпковы муз.інструмент тыпу лютні. Мае грушападобны корпус, шыйку з 4—10 ладамі ці без ладоў, 4 адзінарныя ці парныя струны. Была найб. пашырана ў 16—18 ст. сярод запарожскіх казакоў. У 1960—70-я г. мадэрнізавана, створана сям’я К. — малая, сярэдняя (рытм-К.) і вял. басовая. Пашырана ў аркестрах нар. інструментаў.
2) Малдаўскі, рум., польскі струнны шчыпковы муз.інструмент тыпу лютні. Мае кароткую шыйку. Строй асн. жыльных струн — C, G, d, g, строй 4 парных металічных — на актаву вышэй. Гук здабываюць з дапамогай плектра.
Літ.:
Лисенко-Дністровський М. Українська кобза // Жовтень. 1980. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛА́,
ручны або механізаваны (станочны) шматразцовы інструмент для распілоўвання (рэзкі) драўніны, металу, каменю і інш. матэрыялаў.
У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць П.: ручныя (двухручныя) са свабодным палатном; лучковыя з нацягнутым палатном; нажоўкі, дыскавыя і ланцуговыя пілы; станочныя паласавыя, стужачныя, дыскавыя, цыліндрычныя, сферычныя і інш., якія выкарыстоўваюцца ў лесапільных рамах, круглапільных станках, стужачнапільных станках і інш.дрэварэзальных станках. Для рэзання металу існуюць П.: дыскавыя, у т. л. П. трэння — для размякчэння матэрыялу трэннем дыскам без зубоў і абразіўныя — для рэзання вярчальным абразіўным дыскам (гл.Абразіўны інструмент), нажовачныя і стужачныя — для рэзання бясконцай гнуткай стальной стужкай з зубамі. У каменеапрацоўцы выкарыстоўваюць дыскавыя, канатныя і ланцуговыя П. (гл.Каменярэзныя машыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЗА (ад франц. fraise),
рэжучы шматлязовы інструмент з зубамі, размешчанымі на корпусе паралельна ці нахілена да восі яго вярчэння. Прызначаны для апрацоўкі (фрэзеравання) плоскасцей, пазоў, шліцаў, крывалінейных паверхняў, цел вярчэння, разьбы, а таксама для рэзкі матэрыялаў.
Вырабляюць суцэльнымі з легіраваных і хуткарэзных сталей, з устаўнымі зубамі ў выглядзе пласцінак з цвёрдых сплаваў або кампазіцыйных матэрыялаў і інш. У металаапрацоўцы выкарыстоўваюць Ф. цыліндрычныя, тарцовыя, дыскавыя, канцавыя, адразныя, шпоначныя, вуглавыя, модульныя і інш.; у дрэваапрацоўцы — спец. Ф. ў выглядзе ланцуга з загартаванай інстр. сталі і гнездавыя (гл.Дрэварэзальны інструмент, Фрэзерны станок.).
Фрэзы: 1 — цыліндрычныя; 2 — канцавая з канічным хваставіком; 3 — тарцовая з устаўнымі нажамі; 4 — чарвячная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАЛІ́НА,
струнны шчыпковы муз.інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d1—a1—e2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.Бетховен, А.Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАБЛО́Н (ад ням. Schablone узор),
1) узор, па якім надаюць вырабам пэўную форму і памеры, праводзяць крывыя лініі на чарцяжах. Бывае ў выглядзе пласціны з выразам, абрыс якога адпавядае контуру чарцяжа або вырабу, літары, лічбы і г.д.; выкарыстоўваецца для вычэрчвання дэталей, надпісаў і інш. 2) Інструмент для вызначэння шагу стандартных рэзьбаў (разьбовы Ш.), праверкі радыусаў крывізны паверхняў (радыусны Ш), профілю дэталі (профільны Ш.), памераў зубоў зубчастых колаў і інш. 3) Вымяральны інструмент для кантролю складаных профіляў — нармальны калібр.
4) Чарцёж арх., буд. і інш. дэталі, выкананы ў натуральную велічыню.
5) Варштат, на якім збіраюць стандартныя буд. дэталі.
6) Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп.