КАНКРЫ́Н Ягор Францавіч (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен. мін-ва (з лют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд. 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МРЫЙ А. (сапр. Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1893, в. Палуж Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.10.1943),

бел. пісьменнік. Брат В.Шашалевіча. Скончыў духоўную семінарыю. З 1918 служыў у Чырв. Арміі, з 1921 настаўнічаў у Краснаполлі, з 1926 інспектар Цэнтр. бюро краязнаўства, стыльрэдактар у газ. «Звязда». У 1934 рэпрэсіраваны. У 1937 і 1940 зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абл. Рэабілітаваны ў 1961. Друкаваўся з 1924. Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). Мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства развенчвае ў сатыр. рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апубл. 1988, тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Для твораў М. характэрны натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў. Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены.

Тв.:

Творы. Мн., 1993.

Літ.:

Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатыр. прозы // Чыгрын І. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989;

Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.

Я.​Р.​Лецка, І.​П.​Чыгрын.

Мрый А.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́МЕНКА Андрэй Іванавіч (14 10.1892, с. Маркаўка Луганскай вобл., Украіна — 19.11.1970),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925), паліт. курсы пры Ваенна-паліт. акадэміі (1931), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1913, удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918 — нач. разведкі, нач. штаба кав. брыгады 1-й Коннай арміі. На чале кав. корпуса ўдзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь - і Украіну (1939). З 1940 камандуючы войскамі Паўн.-Каўк. ваен. акругі, 1-й Асобнай Чырванасцяжнай арміі на Д.​Усходзе. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 нам. камандуючага Зах. фронтам, кіраваў войскамі ў час Смаленскай бітвы; са жн. 1941 камандуючы Бранскім фронтам, 4-й ударнай арміяй, Паўд.-Усх., Сталінградскім, Паўд., Калінінскім, 1-м Прыбалт. франтамі, Асобнай Прыморскай арміяй, 2-м Прыбалт., 4-м Укр. франтамі. Удзельнік вызвалення Украіны, Крыма, Чэхаславакіі. Пасля вайны камандаваў войскамі Прыкарпацкай, Зах.-Сіб., Паўн.-Каўк. ваен. акруг. З 1958 ген. інспектар Мін-ва абароны СССР. Аўтар мемуараў.

Тв.:

На запалном направлении. М., 1959;

Сталинград: Заметки командующего фронтом. М., 1961;

В начале войны. М., 1965;

Годы возмездия. М., 1969.

А.І.Яроменка.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́СЕЎ Віктар Іванавіч (н. 28.3.1966, чыг. ст. Уза Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1984). Скончыў Гомельскі ун-т (1991), Акадэмію МУС Беларусі (1997). У 1982—92 спартсмен-інструктар Спорткамітэта СССР. З 1992 ст. інспектар Цэнтра спец. падрыхтоўкі Гомельскага абл. т-ва «Дынама». Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў (1983, г. Познань, Польшча) на байдарцы-адзіночцы на дыст. 500 м і байдарцы-двойцы на дыст. 1000 м. Чэмпіён свету (1989, г. Плоўдзіў, Балгарыя) на байдарцы-чацвёрцы на дыст. 500 м; сярэбраны прызёр (1985, г. Мехелен, Бельгія) на байдарцы-двойцы на дыст. 1000 м і бронз. прызёр на байдарцы-двойцы на дыст. 500 м. Бронз. прызёр чэмпіянату свету (1986, г. Манрэаль, Канада) на байдарцы-двойцы на дыст. 500 м. Пераможца міжнар. спаборніцтваў «Дружба-84» на байдарцы-двойцы на дыст. 500 і 1000 м. Чэмпіён СССР на байдарцы-двойцы на дыст. 500 і 1000 м (1984, 1985), на байдарцы-адзіночцы на дыст. 500 м (1986, 1988), на байдарцы-чацвёрцы на дыст. 500 м (1987, 1989).

А.​А.​Дубовік.

В.І.Пусеў.

т. 18, кн. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЕЎ Іван Сцяпанавіч (28.12.1897, в. Ладзейна Падасінаўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 21.5.1973),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). У арміі з 1916. Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1940 камандуючы войскамі Забайкальскай і Паўн.-Каўк. ваен. акруг. У Вял. Айч. вайну камандуючы 19-й арміяй (лета 1941), Зах. (вер. — кастр. 1941, жн. 1942 — люты 1943), Калінінскім (кастр. 1941 — жн. 1942), Паўн.-Зах. (сак. — чэрв. 1943), Сцяпным (ліп. — кастр. 1943), 2-м Укр. (кастр. 1943 — май 1944) і 1-м Укр. (май 1944 — май 1945) франтамі; удзельнік Смаленскай, Маскоўскай і Курскай бітваў, бітвы за Дняпро, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай, Пражскай і інш. аперацый. З 1945 галоўнакамандуючы Цэнтр. групай войск і вярхоўны камісар па Аўстрыі. З 1946 галоўнакамандуючы сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1950 гал. інспектар Сав. Арміі і нам. ваен. міністра СССР. З 1951 камандуючы войскамі Прыкарпацкай ваен. акругі. У 1955—60 1-ы нам. міністра абароны СССР, адначасова ў 1955—56 галоўнакаманд. сухап. войскамі краіны і ў 1955—60 галоўнакаманд. аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. У 1961—62 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі.

Тв.:

Записки командующего фронтом. М., 1991.

І.С.Конеў.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЖНЕ́ВІЧ Алесь (Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),

бел. тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл. т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел. драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.​Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.​Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.​Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.​Дзюшэна (паст. ў Бел. дзярж. вандроўным т-ры У.​Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​В.​Мальцаў.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́НІ (Rossini) Джаакіна Антоніо (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),

італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян. т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян. нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац. акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избранные письма. Высказывания. Воспоминания. Л., 1968.

Літ.:

Синявер Л.С. Джоаккино Россини М.,1964;

Бронфин Е.Ф. Джоаккино Россини. 2 изд. Л., 1986.

Г.​С.​Глушчанка.

Дж.Расіні.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМУШКЕ́ВІЧ Якаў Уладзіміравіч (14.4.1902, г. Рокішкіс, Літва —28.10.1941),

савецкі военачальнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1939). Ген.-лейт. авіяцыі (1940). Вучыўся ў БДУ (1923—25), скончыў Качынскую школу ваен. лётчыкаў (1932), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1937). З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 на Зах. фронце, удзельнік сав.-польскай вайны 1920, баёў пад Баранавічамі, узяцця Смаргонскага ўмацаванага раёна. З 1922 у авіяцыі: камісар эскадрыллі (Мінск), камісар, нач. палітаддзела, камандзір авіябрыгады ў Віцебску (1926—36). Удзельнік баёў у Іспаніі 1936—37 на баку рэспубліканцаў. З чэрв. 1937 нам. нач. ВПС РСЧА. У 1939 камандаваў авіягрупай у час баёў на р. Халхін-Гол. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З ліст. 1939 нач. ВПС РСЧА, са жн. 1940 ген. інспектар ВПС РСЧА, са снеж. 1940 пам. нач. Ген. штаба па авіяцыі. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1939—41. чл. ЦК КП(б)Б у 1932—34. Чл. ЦВК БССР у 1935—36. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. У чэрв. 1941 арыштаваны. 28.10.1941 пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1954.

Літ.:

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;

Зильманович Д.Я. На орбите большой жизни. Вильнюс, 1971;

Водопьянов М.В., Григорьев Г.К. Летать рожденный. М., 1969.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

Я.У.Смушкевіч.

т. 15, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАМЯРЫ́ЦКІ Вячаслаў Антонавіч (н. 22.7.1936, в. Рабкі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Канд. філал. н. (1967). Скончыў БДУ (1958). З 1958 настаўнік, інспектар Маладзечанскага райаддзела нар. адукацыі, з 1965 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. аддзела). Даследуе гісторыю бел. летапісання, творчасць і культ.-гіст. ролю пісьменнікаў і дзеячаў бел. культуры эпохі феадалізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» на бел. (т. 1, 1968) і рус. (1977) мовах, кн. «Францыск Скарына» (з Г.​Я.​Галенчанкам, В.​Ф.​Шматавым; на франц. 1979; англ. 1980), «Гісторыі сусветнай літаратуры» (т. 3—4, 1985—87), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1, 1993), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ і інш. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32, 1975; т. 35, 1980), дзе ўпершыню апублікаваў Магілёўскую хроніку, навук.-папулярнага зб. «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), складальнік, аўтар прадмовы і каментарыяў да зб. «Слова пра паход Ігаравы» (1986). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 за ўдзел у стварэнні цыкла прац «Скарына і беларуская культура».

Тв.:

Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;

Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Мн., 1982 (разам з А.​Ф.​Коршунавым, А.​А.​Лойкам).

М.​І.​Аўсяная.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],

расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 1877 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.​Глазуновым, Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым. П.​Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;

Избранное. М., 1991;

Стихотворения. М., 1991.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)