ЗАКЛА́ДНІКІ,

цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІЦКІЯ КНІГІ,

дакументы з апісаннем межаў зямельных уладанняў, што складаліся ў Расіі ў час землеўпарадкавання 16—19 ст. Яны і інш. дакументы, складзеныя ў час генеральнага межавання 1760-х г. — сярэдзіны 19 ст. (у т. л. на Беларусі), лічыліся адзінай законнай падставай землеўладання. Захоўваюцца ў дзярж. архівах (найб. поўны камплект у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве).

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎШЧЫНА,

у Каралеўстве Польскім і Рэчы Паспалітай непасрэдныя ўладанні дзяржавы ў асобе манарха. З 15 ст. часта аддаваліся ў трыманне прыватным асобам (дзяржаўцам, старостам, намеснікам, цівунам) як дзяржавы, староствы, а часцей — у заклад (заставу). У канцы 16 ст. некаторыя К. вылучаны для задавальнення патрэб каралеўскага двара і каралеўскага скарбу, яны атрымалі назву эканоміі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСУЛЬСТВА,

назва перыяду ў гісторыі Францыі ад дзярж. перавароту 9.11.1799 (Васемнаццатага брумера 8-га года рэспублікі) да абвяшчэння Напалеона Банапарта (гл. Напалеон I) 18.5.1804 імператарам; адна з форм ваен. дыктатуры, якая змяніла рэжым Дырэкторыі. Намінальна ўлада належала тром консулам, выбраным на 10 гадоў, фактычна — 1-му консулу Банапарту (у 1802 яны абвешчаны пажыццёвымі консуламі Франц. рэспублікі).

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖВУЗЕ́ЛЛЕ ў біялогіі,

участак сцябла паміж двума сумежнымі вузламі парастка. У пупышцы М. не развітыя, вузлы цесна збліжаны. Пры росце парастка яны падаўжаюцца ў выніку дзейнасці ўставачных (інтэркалярных) мерыстэм (роставыя парасткі дрэў, кветаносныя парасткі траў). Застаюцца вельмі кароткімі ці адсутнічаюць М. ў некат. суквеццяў (кошык, парасонік), разетачных раслін (напр., дзьмухавец, трыпутнік), укарочаных парасткаў дрэў (бяроза, яблыня).

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РТЫ,

героі стараж. эпічных паданняў (нарцкага эпасу) многіх горскіх каўк. народаў. Як правіла, гэта магутныя воіны-асілкі, якія змагаюцца супраць сіл зла, але займаюцца і мірнай працай, носьбіты пазітыўнага пачатку. Яны ўступаюць у цесныя (часам сваяцкія) адносіны з багамі, што прымаюць непасрэдны ўдзел у іх гераічных здзяйсненнях. Некаторыя Н. змагаюцца супраць злых багоў і перамагаюць іх.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІСТАЯ́ННІ ПЛАНЕ́Т,

становішчы планет, у якіх яны відаць з Зямлі ў напрамках, процілеглых Сонцу. Маюць месца толькі для т.зв. верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, — Марса, Юпітэра і інш. Пры П.п. назіраецца адваротны рух планет з прычыны іх меншай, чым у Зямлі, вуглавой скорасці ў адносінах да Сонца. Гл. таксама Канфігурацыі планет, Вялікае процістаянне Марса.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕ́Р у матэматыцы, сукупнасць лінейна незалежных вектараў, якія маюць агульны пачатак, узятых у пэўным парадку. Калі вектары, што складаюць Р., папарна артаганальныя, то Р. наз. артаганальным, а калі пры гэтым яны маюць адзінкавую даўжыню — артанармаваным (гл. Артаганальная сістэма). Напр., у трохмернай прасторы Р. можа служыць любая тройка папарна непаралельных адной плоскасці вектараў. Гл. таксама Базіс у матэматыцы.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, маланілмачавіна,

гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.

Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАКТЫ́ЎНАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ, выбіральнасць асяроддзя,

сукупнасць уласцівасцяў і адзнак навакольнага асяроддзя, дзякуючы якім жывыя арганізмы аддаюць перавагу пэўнаму біятопу пры пошуку ежы, месцаў размнажэння, сховішчаў і інш. Складаецца з комплекснага ўздзеяння на арганізмы (напр., на жывёл) візуальных, хім. і тактыльных раздражняльнікаў; яны могуць дзейнічаць адначасова або паслядоўна па меры прыбліжэння жывёлы да аб’екта. Для энтамафагаў атрактыўнасць асяроддзя могуць складаць раслінныя згуртаванні, багатыя іх ахвярамі.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)