ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.Бэкан, Г.Галілей, І.Ньютан, Дж.С.Міль, Дж.Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл.Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл.Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́НСКАЕ БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА»,
«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.І.Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.Русецкі. Друкаваны орган — газ.«Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМО́Р (Amanita),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.
Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),
навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.
Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.
Літ.:
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл.Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак.яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕ́ННЕ ЛЕ́СУ,
адбываецца пад полагам дрэвастою, на высечках, гарах і інш. участках, якія раней былі пад лесам. Бывае прыроднае, штучнае і камбінаванае. Прыроднае аднаўленне лесу — біял. самааднаўленне лесу самасевам, пнёвымі і каранёвымі парасткамі. Працякае больш эфектыўна, калі на высечках пакідаюць пэўную колькасць насенных дрэў, лесасекі ачышчаюць ад рэшткаў драўніны, а глебу на іх пэўным чынам апрацоўваюць. Фіз.-геагр. асяроддзе для прыроднага насеннага аднаўлення лесу больш спрыяльнае ў лясной зоне, асабліва ў тайзе, дзе менш падлеску і травяністай расліннасці; горш працякае ў лесастэпавай, стэпавай, паўпустыннай зонах і прытундравай падзоне. Часта пры прыродным аднаўленні лесу адбываецца змена парод і ўтварэнне т.зв. вытворных лясоў: бярэзнікаў, алешнікаў, грабнякоў, асіннікаў і да т.п. Штучнае аднаўленне лесу — пасевы насення, пасадка сеянцаў, саджанцаў, сцябловых і каранёвых чаранкоў. Праводзяць на ўчастках, дзе прыроднае аднаўленне лесу не дае добрых вынікаў. На тэр. Беларусі яно арыентавана пераважна на вырошчванне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш. (у лясах дзярж. фонду штогод праводзіцца на пл. каля 34 тыс.га). Камбінаванае (мяшанае), спалучае прыроднае і штучнае аднаўленне лесу на адной і той жа плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫХО́ДНІЦТВА,
часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр.прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс.чал.Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.