НО́ТА (лац. nota знак, заўвага),
дакумент дыпламат. перапіскі. У міжнар. практыцы звычайна адрозніваюць Н. асабістую і вербальную ноту. Асабістая Н. мае форму пісьма, складаецца ад імя таго, хто яе падпісвае. Пачынаецца са звароту да асобы, якой яна адрасавана, і заканчваецца формулай ветлівасці. Друкуецца на нотным бланку з захаваннем пэўных атрыбутаў. Н. вербальная складаецца ў трэцяй асобе, не падпісваецца, але сведчыцца пячаткай МЗС або дыпламат. прадстаўніцтва.
т. 11, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПС,
у старажытнарымскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, багатага жніва і пасеваў. Яе эпітэт Кансівія (Сейбітка), магчыма, звязаны з блізкасцю культу О. да культу агр. бога Конса. У гонар О. наладжваліся святы і ахвярапрынашэнні (25 жн. і 19 снеж.). У 3 ст. да н.э. яна атаясамлена з Рэяй і лічылася жонкай Сатурна, апякункай Рыма, дзе ў яе гонар на Капітоліі і на форуме былі пабудаваны храмы.
т. 11, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н УСЯСЛА́ВІЧ (?—1116?),
полацкі князь у пач. 12 ст. Сын Усяслава Брачыславіча. На думку гісторыка В.Л.Яніна, быў старэйшым сынам Усяслава і княжыў у Полацку з 1101. Паводле інш. даследчыкаў, адзін з малодшых Усяславічаў, валодаў нейкім удзелам. У розных летапісах смерць Р.У. датуецца 1113, 1114 і 1116, яна наступіла ў Разані, куды князь трапіў, як мяркуецца, у выніку міжусобіцы ў Полацкай зямлі.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННІКАВА ЗЯМЛЯ́,
гіпатэтычны востраў у Паўн. Ледавітым ак. на Пн ад Новасібірскіх а-воў. Упершыню пра яго паведаміў рус. прамысловец і даследчык Я.Саннікаў у 1811, потым у 1886 і 1893 — Э.Толь. Пасля доўгіх пошукаў, у 1-й пал. 20 ст. ўстаноўлена, што С.З. не існуе. Верагодна, яна была разбурана морам і знікла як шэраг інш. астравоў, складзеных гал. ч. з выкапнёвага лёду.
т. 14, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАКАРАТНЯ́НКА,
рака ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Лучоса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 356 км². Выцякае з Дзевінскага воз. (у некат. даведніках за пач. ракі прымаюцца сутокі рэк Добрынка і Зерамнянка за 1 км на У ад в. Добрына, дзе яна вядома пад назвай Серакаротня), цячэ праз воз. Серакаротня. Вусце за 500 м на ПнУ ад в. Шылы.
т. 14, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА (ад грэч. byssos тонкая пража),
орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).
т. 3, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ДАПАМО́ГА,
лячэбная дапамога хворай жывёле. Неадкладную ветэрынарную дапамогу аказваюць у экстранных выпадках, калі жывёле пагражае смерць ад хваробы або траўмаў, яна абавязковая пры поласцевых раненнях, кровацячэннях, тымпаніі, коліках, атручэнні, няправільных родах; уключае тэрапеўтычную і акушэрска-гінекалагічную дапамогу, а таксама хірург. аперацыі. Звычайную і неадкладную ветэрынарную дапамогу аказваюць спецыялісты ветэрынарных лячэбніц амбулаторна, стацыянарна або на месцы — у гаспадарцы, на пашы. Прафілактычнае значэнне мае планавая ветэрынарная дапамога — дыспансерызацыя жывёлы.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎШЧЫНА, галаўшчызна,
адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МЕНГОФ ((Zamenhof) Людвік Лазар) (27.12.1859, г. Беласток, Польшча — 27.4.1917),
польскі ўрач-акуліст, стваральнік эсперанта. Вучыўся ў Варшаве, Маскве і Вене. У 1893—97 жыў у г. Гродна. У 1887 выдаў (пад псеўд. D-ro Esperanto) праект штучнай дапаможнай міжнар. мовы, спадзеючыся, што яна дапаможа ў справе ўзаемаразумення паміж народамі. Пазней апубл. слоўнікі эсперанта, хрэстаматыі і асобныя выданні сваіх арыгінальных твораў, а таксама пераклады на эсперанта сусв. маст. класікі.
т. 6, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),
у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУ Элама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, a К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».
т. 8, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)