ЛЕЦЫЦІ́НЫ (ад грэч. lekithos яечны жаўток),

халінфасфатыды, складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавых к-т, фосфарнай к-ты і халіну.

Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, ацэтылцэлюлоза,

вытворныя цэлюлозы (воцатнакіслыя эфіры) формулы [C6H7O2(OH)3-x (OCOCH3)x] n; тэрмапластычныя палімеры. Мал. м. 25—115 тыс., 52—61,5% звязанай воцатнай кіслаты, т-ра размякчэння 190—210 °C, шчыльн. (1,29—1,33)·103 кг/м³, нерастваральныя ў вадзе, спірце. Ацэтат цэлюлозы, які мае 60—61,5% воцатнай кіслаты (трыацэтат), у тэхніцы наз. першасным, пры яго частковым гідролізе ўтвараецца другасны ацэтат цэлюлозы з колькасцю воцатнай кіслаты 52—58%. Ацэтаты цэлюлозы няўстойлівыя да разбаўленых кіслот і шчолачаў, маюць добрыя валокна- і плёнкаўтваральныя ўласцівасці. Трыацэтат атрымліваюць апрацоўкай бавоўнавай ці драўніннай цэлюлозы воцатным ангідрыдам, другасны — амыленнем трыацэтату водным растворам воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ацэтатнага валакна, электраізаляцыйных плёнак і кінаплёнак, пластмасаў (напр., этролы).

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́,

этанавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та аліфатычнага раду, CH3COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1049,2 кг/м³ (20 °C), tкіп 118,1 °C. Крышт. бязводная воцатная кіслата падобная на лёд і наз. «ледзяная» (tпл 16,75 °C). Слабая к-та, утварае солі і эфірыацэтаты. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтальдэгіду, бутану і інш. вуглевадародаў; узаемадзеяннем метанолу і аксіду вугляроду. Харч. воцатную кіслату атрымліваюць воцатнакіслым браджэннем вадкасцей, якія маюць этанол (гл. Воцатная эсенцыя). Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, у вытв-сці ацэтатаў, воцатнага ангідрыду, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў. Раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5 мг/м³.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,

3, 4, 5-трыгідраксібензойная кіслата, арганічнае злучэнне, C6H2(OH)3COOH. Адкрыў у 1786 швед. хімік К.Шэеле ў выцяжках з чарнільных арэшкаў (галаў).

Існуе як монагідрат (C7H6O5·H2O) — бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, шчыльн. 1694 кг/м³ (6 °C), пры 100—120 °C трацяць ваду, tпл бязводнай 240 °C (з раскладаннем). Добра раствараецца ў кіпячай вадзе і спірце. Аднаўляе солі (напр., золата і серабра) да металаў, з хларыдам жалеза (FeCl3) дае сіне-чорную афарбоўку. Складаныя эфіры галавай кіслаты — антыаксіданты тлушчаў і алеяў. Галавую кіслату маюць у сабе чай, дубовая кара, дубільныя экстракты. Атрымліваюць гідролізам танінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пірагалолу, лек. сродкаў, фарбавальнікаў, у аналіт. хіміі.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЛІ́Н,

кандэнсаваны араматычны вуглевадарод, С10Н8. У малекуле Н. 2 кандэнсаваныя бензольныя кальцы (гл. Араматычныя злучэнні).

Бясколерныя крышталі з характэрным пахам, tпл 80,3 °C. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, бензоле, мала — у вадзе. Лёгка ўзганяецца (пры 50 °C). Праяўляе араматычныя ўласцівасці; гідрагенізуецца часткова або поўнасцю (утвараюцца тэтралін і дэкалін), акісляецца з раскрыццём аднаго з цыклаў. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы і прадуктаў піролізу нафты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці (для атрымання фталевага ангідрыду, нафтолаў, тэтраліну, дэкаліну і інш.), а таксама ў вытв-сці азафарбавальнікаў, пластыфікатараў, паверхнева-актыўных рэчываў, лек. сродкаў, як інсектыцыд. ГДК 20 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, аліфатычныя злучэнні,

арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл. Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРЫ́НА,

прапантрыёл-1,2,3, найпрасцейшы трохатамны спірт, HOCH2CH (OH) CH2OH. Змяшчаецца ў выглядзе гліцэрыдаў у прыродных тлушчах і алеях. Атрыманы К.Шэеле (1779) амыленнем прыродных тлушчаў.

Бясколерная сіропападобная вадкасць салодкага смаку, без паху, tпл 17,9 °C, tкіп 290 °C, шчыльн. 1260 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой (растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах), этылавым і метылавым спіртамі, ацэтонам; не раствараецца ў хлараформе, эфіры, вуглевадародах. Мае хім. ўласцівасці спіртоў (першасных і другасных). Утварае мона-, ды- і трывытворныя, з шчолачнымі металамі, аксідамі і гідраксідамі металаў — гліцэраты. У прам-сці атрымліваюць амыленнем харч. тлушчаў, сінтэтычна — з прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (гл. Нітрагліцэрына), аксідных смол і лакаў, як змякчальнік скуры, паперы, тканіны, кампанент эмульгатараў, антыфрызаў, касметычных і парфумных прэпаратаў, мед. мазей, лікёраў.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТО́ЛЫ, гідроксінафталіны,

вытворныя нафталіну з адной ці некалькімі гідраксільнымі групамі ў малекуле. Маюць агульную ф-лу C10H8−(OH)11, дзе n = 1—3 і болей.

З’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі ў сінтэзе азафарбавальнікаў.

Бясколерныя крышт. рэчывы з характэрным пахам. Добра раствараюцца ў этаноле, дыэтылавым эфіры. бензоле, хлараформе, шчолачах, мала — у вадзе. Пры награванні ўзганяюцца. Паводле хім. уласцівасцей — тыповыя фенолы. Найб. пашыраны монанафтолы 1-Н. (нафталінол-1) і 2-Н. (нафталінол-2). Выкарыстоўваюць 1-Н у вытв-сці заацыдаў (напр., 1-нафтылмачавіны), 2-Н. як моцны антысептык, антыаксідант шкіпінару і каўчукоў, яго этылавы эфір (нералін) як пахучае рэчыва ў парфумерыі. 2-Н. слаба раздражняе скуру, слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 0,1 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

Да арт. Нафтолы: а — 1-нафтол; б — 2-нафтол.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,

поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.Сабрэра; прамысл. вытв-сць наладжана А.Нобелем.

Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННЫЯ КІСЛО́ТЫ,

дыгідраксібурштынавыя кіслоты, група стэрэаізамерных дыкарбонавых к-т, HOOC — CH(OH) — CH(OH) — COOH. Існуюць 3 стэрэаізамеры: D-вінная к-та (віннакаменная к-та, вінная к-та), L-вінная к-та (гл. Аптычная ізамерыя) і мезавінная к-та (антывінная к-та), таксама рацэмат D, L-вінная к-та (вінаградная к-та). Найб. пашырана D-вінная к-та, бясколерныя крышталі, tпл 170 °C, шчыльн. 1759,8 кг/м³; раствараецца ў вадзе, спірце, ацэтоне. У свабодным стане ці ў выглядзе солей ёсць у пладах (асабліва ў вінаградзе). Атрымліваюць уздзеяннем мінер. к-т на т.зв. вінны камень. Выкарыстоўваюць к-ту, яе солі і эфіры (тартраты) у харч. прам-сці (вытв-сць напіткаў, фруктовых эсенцый, пры выпечцы хлеба), гальванатэхніцы, каляровай металургіі (для кантролю чысціні металаў) і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)