Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІ́РЫ,
арганічныя кіслародныя злучэнні агульнай формулы R-O-R′ ( простыя Э.) ці R-COO-R′ (складаныя), дзе R, R′ — аднолькавыя ці розныя арган. радыкалы.
Найб. важны просты Э. — дыэтылавы эфір. Да простых адносяцца таксама некат. вінілавыя эфіры, дыаксан. Усе простыя Э. — лятучыя вадкасці, дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках, устойлівыя да дзеяння шчолачаў і шчолачных металаў. Простыя Э. выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе. Складаныя Э. — гал. састаўная ч.тлушчаў, воскаў, спермацэту. уваходзяць у састаў многіх эфірных алеяў. Э. складаныя ніжэйшых карбонавых к-т і найпрасцейшых спіртоў — бясколерныя лятучыя вадкасці; вышэйшых карбонавых к-т — цвёрдыя бясколерныя рэчывы; мінер.к-т — масляністыя вадкасці. Растваральнікі (напр., этылацэтат). пластыфікатары. лек. сродкі (напр., нітрагліцэрына). прысадкі для масла і паліва. сыравіна для сінтэзу палімераў і інш.Эфіры фосфарнай к-ты (ДНК, РНК і фосфаліпіды) адыгрываюць важную ролю ў жыццядзейнасці арганізмаў. Гл. таксама Ацэтавоцатны эфір, Вінілацэтат, Гліцэрыды, Метылметакрылат.
Літ.:
Чичибабин А.Е. Основные начала органической химии. Т. 1. 7 изд. М., 1963;
Фримантл М. Химия в действии: Пер. с англ. Ч. 2. 2 изд. М., 1998.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,
ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎН-ЭФІ́РЫ,
цыклічныя поліэфіры, у якіх атамы кіслароду злучаны этыленавымі масткамі. Найпрасцейшы К.-э. — 12-краўн-4 ці 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкан, мае 4 атамы кіслароду.
Вязкія вадкасці ці крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Утвараюць устойлівыя комплексы з катыёнамі металаў, пераважна шчолачных і шчолачназямельных. Біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўплываюць на іонную і субстратную пранікальнасць біял. мембран, а таксама на ферментныя сістэмы. Выкарыстоўваюць для канцэнтравання і раздзялення металаў, стварэння іон-селектыўных датчыкаў і мембран, як лек. прэпараты, пестыцыды, антыдоты.
Да арт.Краўн-эфіры. Структурная формула 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкану.