РЭЗЕРПІ́Н,
алкалоід расліны раўвольфіі, заспакаяльны і лек. гіпатэнзіўны сродак, C33H40N2O9. Прыгнечвае функцыю ц. н. с., у выніку чаго памяншаецца сісталічны і дыясталічны ціск. Выклікае стан эмацыянальнага спакою, зніжае рухальную актыўнасць, інтэнсіўнасць абменных працэсаў і т-ру цела. У некат. выпадках Р. выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі шчытападобнай залозы, псіхозах.
т. 13, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДМ,
у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Фівы. Сын фінікійскага цара Агенора, муж Гармоніі. Паводле загаду дэльфійскага аракула і на ўказаным ім месцы пабудаваў крэпасць Кадмею (будучыя Фівы), дзеля чаго яму давялося забіць свяшчэннага дракона, з зубоў якога выраслі заснавальнікі самых знатных фіванскіх родаў. Стараж.-грэч. традыцыя прыпісвала К. вынаходніцтва грэч. алфавіта.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПІЯ (ад лац. copia мноства),
1) дакладнае ўзнаўленне тэксту якога-н. дакумента. К., завераная ва ўстаноўленым законам парадку, мае такую ж юрыд. сілу, як і арыгінал.
2) У выяўленчым мастацтве — дакладна зробленае ад рукі (у адрозненне ад рэпрадукцыі або злепка) узнаўленне чаго-н., напр., якога-н. твора, карціны, скульптуры і інш.
т. 8, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́Р (франц. barriére),
1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.
2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.
4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РГАН (ад грэч. organon прылада, інструмент),
1) частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю (напр., корань, сцябло ў раслін; сэрца, печань у жывёл і чалавека).
2) Установа, арганізацыя, што выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця (напр., заканадаўчы, судовы, фінансавы О.).
3) Перыядычнае друкаванае выданне.
4) У пераносным сэнсе — сродак чаго-небудзь.
т. 11, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІ́СТР (ад позналац. registrum спіс, пералік),
1) спіс, пералік чаго-н., уліковы дакумент, які мае прававое значэнне; кніга для запісаў.
2) Орган, які ажыццяўляе функцыі нагляду ў спец. запісе кіравання, напр., выдае правілы пабудовы рознага тыпу суднаў гандл флоту, назірае за дакладнасцю іх буд-ва, за іх тэхн. станам у працэсе эксплуатацыі.
т. 13, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТУ́РН,
адзін з найстараж. рым. багоў. Атаясамліваўся са стараж.-грэч. богам Кронасам. Паводле міфаў, С. быў пазбаўлены ўлады над сусветам сваім сынам Юпітэрам, пасля чаго стаў адным з першых цароў італьян. вобласці Лацый, дзе потым узнік Рым. Лічылася, што ён навучыў сваіх падданых земляробству, вінаградарству і цывілізаванаму жыццю. У яго гонар наладжваліся штогадовыя святы — сатурналіі.
т. 14, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯЧЭ́ННЕ,
рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.
Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.
т. 2, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯ́ННЕ,
спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́МПЕР (ад англ. dump звальваць),
самазвальная машына для перавозкі сыпкіх грузаў на невял. (да 2 км) адлегласці. Мае кузаў, які пры раз’яднанні счэпнага прыстасавання перакульваецца пад дзеяннем грузу. Вызначаецца прадукцыйнасцю, манеўранасцю, магчымасцю працаваць «чаўнаком» (уперад-назад без разваротаў, для чаго аснашчаецца паваротным сядзеннем і дубліраванымі органамі кіравання). Выкарыстоўваецца таксама для адвозкі грунту з тунэляў. Грузападымальнасць да 13,5 т.
т. 6, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)