АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д, гліназём,

хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл. Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць:α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАМАРФІ́ЗМ (ад антрапа... + грэч. morphē форма, від),

прыпадабненне да чалавека, надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, нябесных целаў, жывёлін, міфічных істот. Узнік як першапачатковая форма светапогляду чалавека на ранніх ступенях развіцця грамадства (гл. Анімізм). Антрапамарфізм уласцівы большасці рэліг. уяўленняў пра багоў і інш. звышнатуральных істот (багі т.зв. вышэйшых рэлігій, язычніцкія багі і інш.). Антрапаморфныя паняцці выкарыстоўваюць і ў сучаснай навук.-тэхн. л-ры (камп’ютэр «запамінае», «рашае задачу» і г.д.), для эмацыянальнай выразнасці ў выяўл. мастацтве, паэзіі, прозе («зямля спіць», «мора хвалюецца»).

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕРФЕ́КТ (ад лац. imperfectum незакончаны),

у індаеўрапейскіх мовах простая дзеяслоўная форма прошлага часу, якая абазначала працяглае дзеянне ў мінулым. У стараслав. і стараж.-рус. мовах І. абазначаў незакончанасць або шматразовасць і ўтвараўся ад асновы інфінітыва з дапамогай суфікса «ѣах->-аах- (-яах-)>-ах- (-ях-)»: «несѣахъ> несяахь> несяхъ» — «я нёс» ці «я насіў». У 12—13 ст. ва ўсх.-слав. мовах перастаў быць жывой формай. Ролю І. выконваюць дзеясловы незакончанага трывання. У сучасных слав. мовах І. як жывая форма захоўваецца ў балг. і македонскай мовах.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІНІТЫ́Ў (ад лац. infinitivus няпэўны),

неазначальная форма дзеяслова, пачатковая форма дзеяслова, якая называе дзеянне безадносна да асобы, часу і спосабу. Паводле паходжання ў слав. мовах — давальны склон аддзеяслоўных назоўнікаў. Мае трыванне і стан («рабіць—зрабіць—зрабіцца»), У бел. мове І. складаецца з дзеяслоўнай асновы і суфіксаў «-ць», «-ці», «-чы» («чытаць», «несці», «секчы»). У сказе выступае самастойна (як дзейнік, просты выказнік ці асн. ч. састаўнога выказніка, дапаўненне, азначэнне, акалічнасць) і ў складзе аналіт. форм часу дзеяслова («буду ісці»).

Літ.:

Гл. пры арт. Дзеяслоў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯТЫ́Я (ад грэч. idiōteia невуцтва, грубасць),

форма разумовай недаразвітасці; характарызуецца практычнай адсутнасцю псіхічных рэакцый і мовы. немагчымасцю засваення прасцейшых навыкаў. Гл. ў арт. Алігафрэнія.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФ(А)..., МОРФ(А)... (ад грэч. morphē форма),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да формы, віду, напр., марфалогія, марфаметрыя, морфагенез.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМУ́ЖЖА, палівандрыя,

перажытачная форма шлюбу, калі адна жанчына знаходзіцца ў шлюбе адначасова з некалькімі мужчынамі (найчасцей братамі паміж сабой). Сустракаецца у Тыбеце, Паўн. Індыі.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРАСІГНАТУ́РА, контрасігнацыя (ад контра... + signare падпісваць),

форма замацавання акта кіраўніка дзяржавы подпісам міністра, якая азначае, што юрыд. і паліт. адказнасць за дадзены акт нясе міністр.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМАРФІ́Я (ад іза... + грэч. morphe від, форма),

незалежнае з’яўленне аднолькавых марфал. прыкмет у прадстаўнікоў розных груп арганізмаў, аддаленых паміж сабой паводле паходжання. Гл. таксама Гамалогія.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)