А́НДЭРС ((Anders) Уладзіслаў) (11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),
польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл.Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГА́РЫН (Юрый Аляксеевіч) (9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),
савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам.нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР, Вялікі залаты медаль Міжнар.авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.
Тв.:
Дорога в космос. М., 1981;
Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.І.Лебедзевым).
Літ.:
Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,
агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЗІН (Уладзімір Германавіч) (15.2. 1894, Масква — 27.9.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). Друкаваўся з 1916. У ранніх апавяданнях у асн. паказваў жыццё інтэлігенцыі (зб-кі «Трын-трава», 1916; «Паводка», 1917, і інш.). Любімыя героі Л. 1920-х г. (зб. «Норд», 1925; раман «Ідуць караблі», 1926) — валявыя людзі, шукальнікі шчасця, авантурысты. Кніга «Пуціна» (1930), раман «Вялікі альбо Ціхі» (1933) і інш. — пра Д. Усход. У творах 1950—60-х г. пераважаюць маральна-этычныя праблемы: раман «Два жыцці» (1950), зб. «Прылёт птушак. Апавяданні 1954—61» (1970). Аўтар кніг нарысаў і ўспамінаў «Шляхі і вёрсты» (1927), «Зіма 1941 года» (1942), «Людзі і сустрэчы» (1957, 1961, 1965). У 1916 служыў у арміі на Беларусі. У 1930-я г. пазнаёміўся з Я.Купалам, прысутнічаў на 1-м Усебел. з’ездзе пісьменнікаў у Мінску (1934). У зб. апавяданняў «Дарога на Захад» (1940) уражанні ад падзей вызвалення Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВА́ЛЬ (Nerval; сапр.Лабруні; Labrunie) Жэрар дэ
(22.5.1808, Парыж — 26.1.1855),
французскі пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Аўтар лірычнага цыкла «Маленькія оды» (1830—35), адметнага рамант. тэматыкай, вытанчанасцю мовы. Для зб. навел «Дочкі агню» (1854), у які ўключаны і цыкл санетаў «Хімеры», характэрна сімвалічная шматзначнасць вобразаў. У лепшых яго навелах «Актавія» (1842), «Ізіда» (1845), «Сільвія» (1853), «Аўрэлія, ці Мара і жыццё» (1855) спалучэнне матываў ант. і ўсх. міфаў, сярэдневяковых легенд, фрагментаў сапр. падзей, а таксама акультных сімвалаў, містыкі. Аўтар п’ес (з А.Дзюма), у т. л. «Лео Бюркар» (1839), кн. «Падарожжа на Усход» (1851), кн. нарысаў «Празорцы» (1852), артыкулаў пра тэатр і паэзію. Пераклаў асобныя творы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.А.Бюргера. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў А.Хадановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Стихи. О театре и литературе. Театральная хроника. М., 1984;
Дочери огня: Новеллы. Стихотворения. Л., 1985;
Путешествие на Восток. М., 1986;
История о царице Утра и Сулаймане, повелителе духов. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),
расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЛА́ЕЎ (Фёдар Іванавіч) (н. 25.4.1818, с. Вадзінск Пензенскай вобл., Расія — 12.8.1897),
рускі філолаг і мастацтвазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1881, чл.-кар. 1852). Праф. Маскоўскага ун-та (1847). У мовазнаўчых працах прытрымліваўся параўнальна-гіст. метаду; аўтар прац па методыцы выкладання («Пра выкладанне роднай мовы», ч. 1—2, 1844) і гісторыі рус. мовы («Спроба гістарычнай граматыкі рускай мовы», ч. 1—2, 1858) і інш. Заснавальнік комплекснага вывучэння фалькл. і літ. творчасці, выяўл. мастацтва («Гістарычныя нарысы рускай народнай славеснасці і мастацтва», т. 1—2, 1861). Спачатку быў прыхільнікам міфалагічнай школы, потым далучыўся да т.зв.міграцыйнай тэорыі і даводзіў, што радзімай еўрап. фальклору з’яўляецца Усход («Вандроўныя аповесці», 1874). Высветліў паэт. характар шэрагу жанраў і твораў усх.-слав. фальклору і л-ры, устанавіў іх сувязь з маральнымі ўяўленнямі народа («Аб народнай паэзіі ў старажытнарускай літаратуры», 1859). У працах выкарыстоўваў прыклады з бел. прыказак і прымавак. Выдаваў стараж. рукапісы («Гістарычная хрэстаматыя царкоўнаславянскай і старажытнарускай моў», 1861) і каменціраваў тэксты стараж.-бел. помнікаў.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 47—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА (старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва) (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРБАРО́СА ПЛАН»
(«Barbarossa Fall»),
умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха I Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм.узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр.прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».
Публ.:
План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́РМАН»
(«Herman»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс.чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.